Свавольная зорачка

1

Працуе ў адной вясковай музычнай школе недалёка ад Слуцка настаўніца Таццяна Іванаўна. Вучыць дзетак іграць на цымбалах. Не заўсёды ўсё гладка даецца: у кожнага дзіцяці свой асаблівы характар, да кожнага трэба падыход асаблівы знайсці. Кагосьці чаем з варэннем пачаставаць у перапынку, цукерачку даць або якую бліскучую цацку, а з кім проста пагутарыць. Малыя вельмі рады ўвазе. Іншы раз і прыгожую адзежу перадае ад старэйшай дачкі. Як бы горка гэта ні гучала, у некаторых сем’ях на вёсках не ладна ідзе жыццё, п’юць бацькі. Але наша гісторыя не пра гэта.

Вучыцца ў гэтай школе дзяўчынка гадоў васьмі. Усе настаўнікі ведаюць яе не інакш як Верка. Жыве наша гераiня ў добрай сям’i. Дзяўчынка вельмі кемлівая, таленавiтая, адна з лепшых ў школе, але ж свавольная. Адсюль і прыгоды.

«Таццяна, ты паслухай, што твая Верка сёння вытварыла на ўроку, — смяецца настаўніца сальфеджыа, сустрэўшы калегу ў калідоры. — Пасярод занятку раптам падскочыла і пабегла да вешалкі, на якой маё футра вісела. Мы ўсе маўчым, што ж бу­дзе далей. А яна залезла ўнутр і загарнулася ў яго. Толькі ногі тырчаць!»

Реклама

Вучыцца музыцы — справа нялёгкая. Адно практыкаванне трэба разоў сто зрабіць, ды нават больш, каб па-сапраўднаму пра­фесійна атрымалася. Гэтага ад Веркі і дабівалася Таццяна Іванаўна: «Яшчэ раз. Малаточак падняла і на струну. Яшчэ раз. Працуем кісцю». У малой выбіванне гукаў са струн выбівала ўсякае цярпенне. Дзеці, ідучы ў музычную школу, не думаюць, якая карпатлівая праца наперадзе і колькі часоў прыйдзецца высядзець за інструментам. Здаецца, што там раз — і ужо іграеш на ўсіх канцэртах. «Вера, старайся. Яшчэ раз». І тут малая не вытрымлівае і выдае: «Ну, што яшчэ не так, — паглядае блiскучымi вочкамi, — прафесар?»

Аднойчы малая ўвогуле вырашыла збегчы з занятку. Бразнула малаточкамі аб цымбалікі: «Усё, я пай­шла!» І бягом у дзверы і на вуліцу ўцякаць. «Куды пайшла?.. А ну-ка зараз жа вярніся! — спачатку асалапела настаўніца, потым кінулася наўздагон. — Вера, вярніся, я каму кажу. Зараз завяду да дырэктара!» Але малая, як козачка, скача і толькі смяецца давольная. Схавалася за арэшнікам і выглядае.

Гэты навучальны год у музычнай школе другі для Веркі. Прысутнічала яна не так даўно на занятку першагодкі. Дзяўчына па ўзросце амаль такая, як наша гераіня, у другім класе агульнаадукацыйнай школы. З настаўніцай разбірала нотную грамату.

«Вось глядзі, гэта лесенка, а на ей сядзяць ноткі, — тлумачыла педагог, паказваючы малюнак нотнага стану з гарошынкамі-ноткамі. — Я падпішу табе ноткі, а ты чытай. Гэта до. — «До», — паўтарыла дзяўчынка. «А гэта якая нотка?» — «Ро», — адказвае вучаніца. «Як жа ро… Гэта ж зусім іншая літара. Гэта рэ. Давай-ка разам пачытаем, что тут напісана. Са-на-та», — па складах падказвае Таццяна Іванаўна. «С… А… Са… Не хачу! Не ўмею! Не буду!» — нечакана ўскоквае малая і кідаецца да дзвярэй.

Але што адбылося далей, здівіла вопытную настаўніцу яшчэ больш. Малая Верка ўстала паміж дзвярыма і абуранай нехачухай: «А ну-ка ідзі сядзь на месца. Пайшлі разам будзем вучыцца. Як гэта не хачу? А навошта ты тады ў школу прыйшла? — першагодка толькі кінула на Верку погляд з-пад брывей, але ні першая, ні другая не адступіліся. — Я таксама не хацела вучыца. Ведаеш, колькі разоў мяне пад пахамі Таццяна Іванаўна насіла да дырэктара? А цябе не?»

Малая рашуча пайшла на Верку і занясла кулачок. У спрэчку ўмяшалася настаўніца, якая нават і не чакала ад сваёй, здавалася б, непаслухмянай, непакорлівай вучаніцы такіх дарослых слоў: «Не смей яе біць. Не драцца! Вера, хай ідзе, прапусці. Мы таксама не хочам навучаць такіх нехачучак».

Урэшце рэшт цымбалы могуць і не стаць каньком Веры, але ўжо зараз яна палюбіла вакал і мае дадатковы індывідуальны час. І трэба сказаць, галасок у яе вельмі нядрэнны. Хто ведае, мабыць, вось яна, будучая зорачка Случчыны.

Анна Рыжая

101213-zorachka

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 50 от 12 декабря)

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Артефактолог
Артефактолог
8 января 2014 18:48

Лучше народные цымбалы чем примитив АСДС для быдла.