«У школе працавалі і працуюць добрыя людзі». Размова з Іванам Місюкевічам, які на працягу 25 гадоў кіраваў слуцкай СШ № 9

6

У пятніцу, 22 лістапада, сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 9 горада Слуцка адзначыць 75-гадовы юбілей. Напярэдадні ўрачыстай даты карэспандэнт «Кур'ера» сустрэлася з Іванам Місюкевічам, які на працягу 25 гадоў кіраваў гэтай школай.
Суразмоўца выказаў свае думкі наконт сучаснай адукацыі, цэнтралізаванага тэсціравання і аўтарытэта сучасных педагогаў.

— З чаго пачыналася ваша кар’ера?
— Мне пашанцавала. У 1968 го­дзе я прыйшоў працаваць у СШ № 1 горада Слуцка (цяпер гэта гімназія № 1). Дырэктарам школы быў Леанід Кузняцоў. Гэта заслужаны настаўнік БССР, педагог ад Бога. Ён дапамог мне палюбіць прафесію. Памятаю, як Леанід Мікалаевіч прыйшоў на мае першыя ўрокі. А потым тактоўна паказаў на недакладнасці ў працы.

— Як вы сталі дырэктарам дзявятай школы?
— У 1980 годзе мяне прызначылі дырэктарам гэтай установы. На пасадзе я працаваў да 2005 года. Як і Леанід Кузняцоў, я стараўся, каб маладыя настаўнікі не расчараваліся ў прафесіі. Бо ад калектыву многае залежыць.

— Ці добрыя веды ў сучасных школьнікаў?
— Не скажу, што дрэнныя. Але па матэматыцы яны знізіліся.

— З чым гэта звязана?
— У навучальных установах не хапае настаўніцкіх кадраў, а на педагагічныя спецыяльнасці ў 2013 годзе было шмат недабораў. Звязана і з непрадуманымі рэформамі школы. Вельмі часта мяняюць праграму, ад чагосьці адмаўляюцца, потым зноў вяртаюцца. Напрыклад, адмовіліся ад профільных класаў, а зараз іх зноў спрабуюць аднавiць.

За 75 гадоў у СШ №9 працавала 11 дырэктараў. Іван Місюкевіч кіраваў школай з 1980 па 2005 гады. Фота: Анастасія Арлоўская
За 75 гадоў у СШ № 9 працавала 11 дырэктараў. Іван Місюкевіч кіраваў школай з 1980 па 2005 гады. Фота: Анастасія Арлоўская
Старыя школьныя праграмы былі абкатаныя дзесяцігоддзямі, а сучасныя можна назваць «сырымі». Ды і патрабаванні да дзяцей былі прасцей. Пры гэтым вучні лепш засвойвалі неабходныя веды.

— Як вы лічыце, ці дастаткова аднаго тэсціравання, каб праверыць веды абітурыентаў?
— Тэсціраванне — гэта добры метад праверкі ведаў. Але некаторыя здаюць яго наўздагад. Каб справядліва ацаніць глыбіню ведаў, лепш непасрэдна пагутарыць з чалавекам. У некаторых вну ўжо праводзяць падобныя гутаркі.

— Якім павінен быць добры педагог?
— Ён любіць дзяцей і пастаянна паляпшае свае веды. Сапраўдны педагог адрозніваецца дабрынёй, ён любіць сваю працу і ведае свой прадмет. У СШ № 9 менавіта такі калектыў: разумны, таленавіты! Прыемна, што ў хуткім часе мы зноў разам сустрэнемся, каб адзначыць юбілей школы.

Анастасія Арлоўская

Даведка «ІК»

Сярэдняя школа № 9 адкрыта ў 1938 годзе. Гэта была няпоўная сямігадовая школа.
У час Вялікай Айчыннай вайны заняткі ў навучальнай установе прыйшлося прыпыніць. Памяшканне школы нямецкія салдаты выкарыстоўвалі для сваіх патрэб, напрыклад, некаторы час у ім была стайня.
У 1944 годзе 840 вучняў зноў селі за парты. У школе працавала 14 педагогаў.
З 1952 года навучанне праходзіла ў тры змены.
У 1961 годзе да асноўнага памяшкання прыбудаваны спартыўная зала і пяць класных пакояў. У наступныя гады была ўзведзена сталовая, лыжная база, прыбудаваны класныя пакоі на 480 месцаў.
Сёння дырэктарам школы з’яўляецца Антаніна Лабанава.

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 47 от 21 ноября).