Сельскiя «акушэры»

0

Пусцеюць, выміраюць маленькія вёсачкі. Нават у вялікіх вёсках застаюцца адны бабулькі: мужчыны чамусьці раней адыхо-дзяць на той свет. Ды і тыя кабеты на зіму з’язджаюць да дзяцей у горад. Замірае жыццё зімой у вёсцы. Дзе-нідзе ўзаўецца дымок над комінам, зацяпліцца ў замеценых вокнах святло. Дзесьці цяўкне на мароз сабака ды зноў схаваецца ў цёплую будку ды певень пракрычыць ранішняе ку-ка-рэ-ку, і зноўку ахіне марозная цішыня.

Вось і жылі ў адной такой вёсачцы на адной вуліцы Іван з Фёдарам, а праз дзве хаты — суседка, баба Каця. Было бабулі ўжо сем дзясяткаў, але даглядала яшчэ кароўку ды парсючка. Былі ў яе гаспадарцы і куркі, і качкі, два каты ды сабачка. Праўда, карова Красуня, як сама бабка казала, мабыць, з яе году, зусім старая.

Дзеці настойвалi: «Кідай, маці, ты гэтую гаспадарку ды паехалі на зіму ў горад». Кацярына ўпарта аднеквалася: «Тут мая зямелька, капустачка на ёй, агурочкі, бульбачка — усё сваё, а малачко ад Красуні не тое, што вашае, магазіннае. А калі што, дык мне Федзя з Ванькам дапамогуць».

Реклама

Ванька з Федзькам — бабылі. Жывуць праз дзве хаты ад жанчыны. Ванька даўгавязы, як цырбун. Гультаяваты. Нідзе не працуе: перабіваецца часовымі заробкамі. Праз п’янку страціў жонку: уцякла ад яго, забраўшы дзетак. А стукнула яму ўжо за пяцьдзясят.

Фёдар жа, наадварот, хоць і выпіваў, але быў з дзяцінства працавіты. Праўда, расточкам Бог не надзяліў і інвалід: папаў пад трактар і пасля аперацыі адна нага стала карацей за другую. Так і кульгае вось ужо колькi год. Жаніцца — не жаніўся. Не знайшлося для яго кабеты. Працаваў Фёдар у калгасе возчыкам. Конь быў заўсёды пры ім, вось і дапамагаў адзінокім бабулькам у вольны ад працы час. Каму агарод узняць, каму бульбу абагнаць. У Фёдара быў тэлевізар, і Іван у доўгія зімовыя вечары заходзіў да яго паглядзець якое кіно ці проста пакалякаць, ці выпіць «захаўтурнае» — так яны ўдваіх і карыфанілі. Іх і празвалі на вёсцы Штэпсель і Тарапунька.

На двары ішлі першыя дні сакавіка. Ноччу яшчэ падмарожвала, але ў дзень па-вясенняму прыграва-ла сонейка і пачыналі плакаць крыштальныя моркаўкі-смактулькі, якія за ноч звісалі з-пад страхі. На прызбе каты, заплюшчыўшы ад лагоды вочы, грэлі свае бакі пад першымі пяшчотнымi промнямі. Усё навокал ажывала і радаваліся цёпламу вясенняму дзяньку.

Буланчык стаяў каля Фёдаравай хаты, запрэжаны ў воз, мірна жуючы леташняе сена. Гаспадар пёк на патэльні яечніцу з каўбасою. На стале стаяла пляшка гарэлкі. На зэдліку сядзеў Іван, глядзеў тэлевізар. У хату ўвайшла збянтэжаная баба Каця і з парога залямантавала: «Хлопчыкі, спасайце! Красуня ніяк не можа ацяліцца. Раве на ўвесь хлеў. Дапамажыце! Я з вамі добра разлічуся». Іван, праглынуўшы сліну, з-за таго што пляшка на стале засталася непачатая, сказаў: «Федзька, паехалі, дапаможам Красуні».

Прыехалі. Цялятка вылезла толькі напалову, а далей ніяк. Прыйшлося яго цягнуць. «Паўлаўна, ты ідзі накрывай стол. Мы тут без цябе ўправімся». Фёдар узяўся за ногі цяляці, а Іван абхапіў сваімі доўгімі «кляшнямі» за тулава, і пачалі цягнуць. Раптам нешта трэснула. «Ты ж яго задавіш!» — пракрычаў Фёдар, але было позна: цялятка выскаўзнула і бразнула аб глебу разам з «акушэрамі». «Дубіна ты стаяросавая, ты ж яму галаву скруціў!» — крычаў на Івана Фёдар. «Скажам Кацярыне, што цяля мёртвае было. Усё ж такі Красуня ўжо старая… — і не дагаварыў, — глянь, яшчэ ногі паказаліся». «Двойня», — у адзін голас сказалі мужыкі.

Красуня расцялілася. У гэты раз абышлося ўсё добра. Першае цяля пагрузілі ў воз, каб баба Каця і не ведала, што была двойня. Паўлаўна добра пачаставала хлопцаў за дапамогу. Яны заехалі да Фёдара, аблупілі скуру з цяляці. «Не прападаць жа мясу», — сказаў Іван. Дзве нядзелі дружбакі елі свяжыну.

Толькі праз паўгода, разворваючы бабе Каце бульбу, мужыкі прызналіся, што была двойня.

На прывязі за агародам падскоквала маладая цялушачка, а побач паслася старая Красуня.

Мікола Корань

071113babulyastyalushkaj

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 45 от 7 ноября).

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии