Ціхім жнівеньскім вечарам (а людзі помняць, што ў чацвёрты чацвер) старая Анютка прыбегла да суседа Івана і пастукала ў акно. Напужаны такім раптоўным з’яўленнем суседкі, Іван Пятровіч не пайшоў адчыняць дзверы, а адкрыў акно, каб хутчэй даведацца пра тое, што прыгнала Анютку ў такі позні час.

«Іванка, суседзік мой, бяда ідзе! – пачала тарапліва гаварыць Анютка. – Толькі што па тэлевізару выступаў наш галоўны начальнік і сказаў, што ідуць нейкія «пятыя» і разносяць афрыканскую чуму, ад якой гінуць свінні. У мяне ж такі харошы кабанчык, думала да канца верасня патрымаць. А начальнік прыказвае, каб усіх свіней забівалі, інакш забяруць іх на мясакамбінат. А яшчэ горш – прыдуць гэтыя «пятыя», і прападзе ён ні за што. То заўтра прыдзі ды закалі мне яго, калі ласка. Лепей я сама з’ем які кавалачак сала». – «Які ж гэта начальнік такое табе сказаў? – здзіўлена спытаў Іванка. – Не чуў я такога». – «Які, які, – таропка прагаварыла Анютка. – Галоўны «па свінству»!»
Іван Пятровіч не стаў больш дапытвацца, бо ўсё роўна ад перапужанай Анюткі не даб’ешся толку.
«Добра, прыду», – адказаў ён і закрыў акно.
Хоць Іван Пятровіч даўно гэтым не займаўся, справа была для яго добра знаёмая яшчэ з таго часу, як памерла жонка. I ў пятніцу да палудня кабанчык быў ужо асмалены і раздзелены на кускі, каб астываў, бо гарачае сала складваць у кубельчык нельга.
Анютка ўвіхалася з кішкамі і другімі часткамі: «Вось гэта на патрашанку, а гэта на крывянку з грэчкаю», – прыгаварвала яна і адкладвала патрэбнае па кучкам. У суботу (гэта назаўтра) па свежанінку павінен быў прыехаць зяць з дачкою. Іван Пятровіч, выпіўшы чарку і закусіўшы свежанінкай, пайшоў да сябе. З астатнім пасля іх ад’езду ён дапаможа Анютцы ўладкавацца.
Прачнуўшыся ў суботу, Іван Пятровіч соўваўся па свайму падвор’ю, часам кідаючы погляд у бок хаты Анюткі, але той не было відаць. Паснедаўшы, прылёг адпачыць, як раптам пачуў галашэнне з падвор’я Анюткі.
Перад дваром Анюткі стаяў легкавік зяця, а моцны плач дачкі данасіўся з хаты: «Мамачка, што ты нарабіла?»
Іван Пятровіч здзівіўся, бо па кабанчыку так не плачуць. Пастаяў ён крыху на падвор’і і крочыў да суседкі.
Дзверы ў хату былі расчынены, што яшчэ больш прыдавала страху. Анютка ляжала на падлозе паміж сталом і ложкам. Твар яе быў чорны, як у афрыканцаў. Страшная думка мільганула ў галаве: «Няўжо афрыканская чума? Але ж самому нічога, адчуваю сябе добра – значыць нешта другое».
На заслончыку ляжалі кускі былога кабанчыка, а на стале стаяла патэльня з астыўшымі шкваркамі.
Хутка сталі прыходзіць бліжэйшыя суседкі. Усе пыталі Івана Пятровіча пра здарэнне і чаму так нечакана давялося калоць кабанчыка. Маруся Сойкіна падцвердзіла, што сама слухала з тэлевізара галоўнага «па свінству», які прыказваў сваім падначаленым застрэльваць кабанчыкаў, бо ходзяць смуцьяны ні то п’яныя, ні то «пятыя» і заражаюць афрыканскай чумой. Але ж за гэты час нікога чужога на вуліцы не заўважалі, ніхто не хадзіў. Ажно глядзі, як пачарнела Анютка, быццам тая афрыканка. Скора прыехала хуткая дапамога і міліцыя. Анютку забралі і павезлі ў горад.
Пахаванне адбылося ў нядзелю. Дачка прывезла разам з мамаю і даведку аб тым, што памерла яна ад ізлівання крыві. Людзі расходзіліся з могілак з палёгкай, што прычына смерці Анюткі не афрыканская чума.
Уладзімір Дамель
Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур’ер» (№39 от 26 сентября)
Масштабное и эпическое произведение. Чем-то даже напомнило «зайца жаренного по-берлински» . /… удалено — Админ…/
Cелянка ,вы с мужем посорились?