Загубіла прагнасць

0

Ішла сёмая гадзіна раніцы. Сядзельцы-сутачнікі варочаліся на нарах з боку на бок. У камеры «пражывала» каля дзесяці чалавек. Хтосьці папаў cюды па хуліганцы, другія па п’янцы. Былі тут людзі рознага ўзросту, нават адзін дзядок. Атрымаў дзед свае дзесяць сутак за граблі, якія паламаў на суседчынай спіне. Спрэчка за курэй давяла дзеда да «турмы». Суддзя П. быў гадкі, не пашкадаваў старога і адмераў яму дзесяць сутак. Сваім, старадарожскім, налічваў па дзесяць, а іншагароднім — па пятнаццаць сутак.
Ужо трое сутак сядзелі тут два слуцакі - хаўтуршчыкі Юрка і Міхась. Працавалі яны ў калгасе на будоўлі цялятніка. Вечерам каля клуба не падзялілі дзяўчат з местачковымі хлопцамі. Завязалася бойка. Суддзя адмераў ім па пятнаццаць сутак.

Ціха, без скрыгату, адчыніліся ў камеру дзверы. На парозе стаяў маёр — начальнік міліцыі. «Так, п’яніцы і тунеядцы, патрэбны два дабравольцы: правесці ў вёсцы Кармазы эксгумацыю, адным словам, выкапаць бабку для дактыласкапіі і зноў закапаць. Хто дасць згоду, таго адразу адпускаю дахаты».

Сядзельцы апусцілі вочы долу, вызваліся на гэту «аперацыю» слуцакі.
Па дарозе, едучы ў «козліку», следчы расказаў гіторыю пра Кармазоўскую знахарку, якая лячыла людзей шэптамі на ваду ды рознымі зёлкамі ды брала за лекі нямалыя грошы — хоць гэта і вялікі грэх. Пражыла бабка больш за дзевяноста.

Реклама

Аднойчы суседка зайшла да знахаркі ў хату, бо ўжо другія суткі бабка не з’яўлялася на двары, а ў хаце гарэў свет ноччу і днём. На калодзе ля ложка ляжала знахарка ў крыві, а ў хаце было ўсё перавернута і валялася на падлозе. Усё сведчыла аб тым, што бабку забілі і хутчэй за ўсё шукалі грошы. Пры вобыску ў акладзе іконы знайшлі шмат залатых упрыгожванняў, нават пярсцёнак з выявай Кацярыны II.

Цэлых два месяцы следчыя не могуць выйсці на забойцу, і толькі эксгумацыя можа гэта высветліць.

Бабку адкапалі. Медэксперт Зунін выявіў адбіткі двух пальцаў на правай руцэ пакойніцы. У рэшце рэшт па гэтых адбітках і знайшлі забойцу знахаркі. Ім аказаўся родны ўнук, хаця ў яго і было жалезнае алібі. Ён працаваў таксістам, і ў ноч, калі была забіта бабка, унук быў на лініі і нават прывёз вялікую выручку пасля змены.

Аказалася на самой справе, што ён завітаў да бабкі і патрабаваў грошы на новыя жыгулі. Старая грошай не дала: была вялікай скнарай, за што і паплацілася жыццём. Унук усё ж такі грошы знайшоў. Трыццаць тысяч, зашытыя ў сяльнік, сталі яго здабычай. Той жа ноччу вярнуўся на працу і як ні ў чым не бывала здаў у касу «выручку» і пайшоў адпачываць пасля начнога «рэйду». А пра ікону ўнучок, мабыць, нічога не ведаў, і грошы гэтыя нікому не прынеслі шчасця. Унук надоўга сеў за краты, а прагная бабка паплацілася за іх жыццём.

У гэтай гісторыі каму пашанцавала, дык гэта Юрку ды Міхасю. Па-першае, маёр стрымаў слова: адпусціў хлопцаў дахаты. Па-другое, ачышчаючы магілку ад пяску, хлопцы натыкнуліся на коўдру, на якой стаяла труна. Там было шмат грошай — па дваццаць капеек і нават жалезныя рублі. Наскрэблі на дарогу да Слуцка, хапіла і на пляшку гарэлкі і закусь.

P. S. Гісторыя сапраўды мела месца ў жыцці нашага рэгіёна ў 80-ыя гады.

Мiкола Корань

241013pragnast

Этот материал был опубликован ранее в печатном номере газеты «Кур'ер» (№ 43 от 24 октября).

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии