Сем мастакоў Міншчыны, якіх аб’ядноўвае любоў да прыроды, вырашылі рабіць свае выставы ў розных гарадах рэспублікі. Яны былі ўжо ў Нясвіжы, Пінску і вось цяпер знаёмяць салігорскіх аматараў мастацтва са сваім бачаннем свету.
У складзе брыгады мастакі Фёдар Ладуцька, Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Мікалай Мішчанка, Леанід Гоманаў, Алесь Філіповіч і яго сын, скульптар Яраслаў Філіповіч.
Пры адкрыцці выставы Алесь Філіповіч сказаў: «Тры вандроўнікі чуюць песню. Ідуць яны дзень, ідуць ноч, а песня не змаўкае. Хтосьці іграе, хтосьці спявае, а хто іграе ды спявае – не відаць.
– Вецер у лясных барах гудзе, – сказаў адзін з іх.
– А можа Неман на перакатах булькоча, – засумняваўся другі.
– Не, гэта калоссе ў полі звініць, – паправіў трэці, самы малодшы.
Хто з іх меў рацыю? Напэўна ўсе. Прыйдзіце, паглядзіце, паслухайце».
Уладзімір Амяльчэня
