Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

0

Так называецца дакументальны раман ураджэнца Случчыны Валера Санько, над якім ён працаваў 19 гадоў. Урыўкі з рамана на працягу двух гадоў зрэдку друкавалі дзве рэспубліканскія газеты. Водгукі чытачоў часцей заканчваліся пытаннем: калі выйдзе кніга?
Нарэшце яна выйшла — 612 старонак, 50 экзэмпляраў. Ні ў кожную бібліятэку трапіць экзэмпляр. Аўтар тры гады шукаў спонсараў у Беларусі і замежжы — вынік нулявы.

Такой дакументальнай фактуры пра чарнобыльскае каламуцце, на мой погляд, не было ні ў аднаго даследчыка з Беларусі, Украіны, Расіі, тым болей з закардоння. Кніга вартая ўвагі чытача любой прафесіі, узросту.

Упершыню ў сучаснай літаратуры лагічна і праўдзіва, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленскіх праблемах. Удала яднаецца лёс канкрэтных сем’яў (Нямковічы, сёстры Антаніна Макарэня і Тамара Пакрова), трох навукоўцаў (Лягаса, Бадановіч, Канопліч), ліквідатара Рамана Кавалёва, вешчуна Аляксея Бялько з падзеямі красавіка 1986 года і пасляаварыйнымі. Асноўнае месца жыцця і дзеянняў герояў - Гомельшчына, Міншчына, Магілёўшчына.

Реклама

Сярод дзейных асобаў - Гарбачоў, Слюнькоў, Рыжкоў, Кавалёў, Шчарбіна, Шчарбіцкі, Сілаеў…
Дынамізм падзеяў, лаканізм падачы, наватарства літпрыёмаў шмат у чым узмацняецца друкаваннем аб’ектывак з дакументаў, архіваў, навуковай літаратуры. Хаця аўтар абвясціў, што ён выкарыстаў рассакрэчаныя матэрыялы, тэкст ягонай публікацыі ўражвае, захапляе.

Вокладка кнігі

Першы дакументальны чарнобыльскі раман у гісторыі Беларусі, СНД і новага свету многім недасведчаным у даўняй і сучаснай гісторыі СССР, Беларусі расплюшчыць вочы. Твор яшчэ раз папярэджвае заходнееўрапейскіх, рускіх, украінскіх і беларускіх фінансістаў: калі тэрмінова не з’явіцца трывалы саркафаг над і пад ЧАЭС — можа рвануць Армагедон. Супыніць ці забетанаваць радыяцыйныя працэсы практычна немагчыма. Успыхне пад чацвёртым рэактарам выбуховая рэакцыя — заможным ЗША, Еўропе, бедным Беларусі і Украіне нічога не будзе патрэбна. Пад попелам фізічна ўсе роўныя, асабліва радыяцыйным.

Дакументальныя ўстаўкі ўдала дапаўняюць тэкст. Спіс выкарыстаных дакументаў, навукова-даследчай і папулярнай літаратуры вялікі, але прыводзіцца не цалкам. Калі прыводзіць усё — ён перавысіць памер рамана, бо адзін факт і чалавек па-рознаму ўзгадваюцца ў сотнях дакументаў, артыкулаў, літаратурных твораў.
Аўтар працягвае пошук спонсараў на друкаванне твора большым накладам.

Станіслаў Суднік,
пісьменнік

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии