Будынкі на помніках

2

У апошніх нумарах «Кур'ера» прачытаў расказ жыхара нашага раёна аб ваенным лёсе Гурыновічаў і артыкул аб рамонце даху будынка Слуцкай друкарні (№ 26, 27.06, Міхаіл Тарасевіч і № 27, 4.07, Алесь Дастанка - Заўвага рэд.). Есць там і запрашэнне да чытычоў дасылаць свае ўспаміны аб вайне.

Спадар Дастанка піша, як добра захаваўся будынак Слуцкай друкарні. Цудаў тут няма: яго будавалі здатныя будаўнікі - беларусы, габрэі пад наглядам нямецкіх спецыялістаў. Апошнія адметны сваёй педантычнасцю і прафесіяналізмам.

Шкада, што ў матэрыяле аб рэстаўрацыі нічога не ўспамінаецца аб тых, чыімі рукамі і талентам за некалькі месяцаў былі ўзведзены чатыры нямецкія (як іх называлі і называюць слуцакі) дамы.
На фундаменты гэтых дамоў пайшлі помнікі са старажытных габрэйскіх могілкаў, што знаходзіліся ў тым месцы, дзе зараз мікрараён Будаўнікоў на левым беразе Случы. Гэта былі рэліктавыя могілкі, абнесеныя старажытнай крэпасной сцяной не менш як метр шырынёй. Чырвоная цэгла была ўмаравана ў сцену моцным вапнавым растворам.
Могілкі заснаваны з незапамятных часоў і былі ў карыстанні аж да пачатку вайны. Тут узвышаліся і шыкоўныя мармуровыя гмахі, адпалірованыя так, што чорная паверхня была як люстэрка. Былі і помнікі-скульптуры з прэтэнзіяй на мастацтва, і, вядома, сціплыя помнікі габрэйскай беднаты. Усё патанала ў зараслях шыпшыны, бэзу, чаромхі, напаўняўшых улетку наваколле ап’яняючым араматам.
Дык вось, немцы і тут праявілі свой «рацыяналізм». Яны скарысталі галодных, замораных габрэяў Слуцкага гета, якіх прымусілі пад аховай паліцаяў разбіраць і разбіваць помнікі іх продкаў, блізкіх, а потым на насілках дастаўляць на месца будаўніцтва на Выгоду (цяпер вуліца М. Багдановіча). Помнікі ішлі на падмуркі. Хто падаў ад знямогласці, тых прыстрэльвалі. Потым рабочыя-габрэі былі знішчаны, як і насельнікі ўсяго Слуцкага гета.

Реклама

У адным з іх доўгія гады размяшчалася Слуцкая станцыя юных тэхнікаў. Нядаўна яе перавялі ў будынак былой СШ № 3. Лёс дома і ўчастка пакуль не вырашаны.

Пасля вайны на габрэйскіх могілках хавалі памерлых італьянскіх ваеннапалонных з лагера, які знаходзіўся ў 10 гарадку. Пазней Італія перавезла астанкі пахаваных на радзіму. А рэшткі помнікаў пайшлі на гаспадарчыя патрэбы ўласнікаў пры забудове вуліцы Чайкоўскага ды іншых. Для гэтага была зроблена «пераправа» цераз раку, дзе зараз кладка (побач з новым мастом).
Дарэчы, вельмі прыкра, што двойчы знікалі тратуарныя пліты ва ўрочышчы Гараваха, дзе пахаваны восем тысяч пакутнікаў генацыду. Прыкра, што там спілены бярозы, мясцовасць захламлена. У цывілізаванай краіне там бы зрабілі жалобную зону. Кароткая у нас памяць, не шануем мы святыя месцы.

Яшчэ адзін успамін з часоў вайны, які звязаны з гэтай нямецкай забудовай наводзіць смутак.
Гэта здарылася на прадвесні 1944 года. З будынку, у якім, па-мойму, жыў Клюге, ноччу, прабраўшыся праз акно, хтосьці скраў пісталет з патронамі, пячатку і аўсвайсы. Калі гэта высветлілася, дзве дзяўчыны гадоў пад 23−24,якія прыйшлі на працу, былі арыштаваныя.
Мне невядома, ці мелі яны якое дачыненне да гэтай аперацыі (калі гэта так, яны б на працу не з’явіліся). Абедзве, царства ім нябеснае, былі павешаны на вуглу вуліц імя Леніна і М. Багдановіча, дзе стаяў будынак былога райкома. На грудзях у іх былі фанерныя шыльды: «Рус бандыт, рус партызан».
Бацька мой казаў, што адна з іх тройчы абрывалася, сцвярджаў, што ў такіх выпадках быццам мілавалі, але не ў фашысцкіх катаў…
Гэтыя дзяўчыны і зараз ў мяне перед вачыма…
Каля будынка былога гарсавета стаялі крытыя брызентам грузавікі, пахаджавалі ў жаўтлявай форме славакі. Салдаты падыходзілі (трупы віселі тры дні), здымалі шапкі, хрысціліся і абяцалі адпомсціць (што можна была зразумець з іх гаворкі, бо беларуская і славацкая мовы падобныя). Дарэчы, сотні славакаў са зброяй у руках пераходзілі на бок партызан.

Эдуард Вайніловіч

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
postmodernist
postmodernist
4 октября 2013 15:30

Кто что говорит. Однм, что эти дома военнопленнные строили, другие, что местные. Третьи габрэяу добавляют. Непонятно другое-за какие такие заслуги сей будынак (на фото) перешел в собственность бпц? В условиях «могучего рынка» обычно обьявляют аукционы и здания выкупают с пользой для бюджета.

СЛУЦКІ АДРАДЖЭНЕЦ
СЛУЦКІ АДРАДЖЭНЕЦ
5 октября 2013 13:06

Цікавы артыкул, дзякуй! Люблю пачытаць такія вось успаміны. Каб яшчэ паболей старажылы чаго пісалі, увогуле было б цудоўна. А хто аўтар артыкула? Я б з ім звязаўся!