Ужо другі год летам гасцюе Міланка ў бабулі. Раней, калі была яшчэ ў дзіцячым садку, наведвалася да бабулі толькі ў выхадныя дні з матуляй і сястрычкамі.
Зараз яна ўжо школьніца, перайшла ў другі клас. Калi прыязджалі ў вёску, усе ішлі ў хату, а Мілка бегла ў хлевушок, каб павітацца са сваімі любімчыкамі Борыкам ды Машкай, затым абыходзіла ўсе курасаднi – збірала ў скрынку яйкі, несла ў хату, прыгаворваючы: «Гляньце, колькі куркі яек знеслі, будзе добрая яечня».
У гэтым годзе, як толькі празвінеў апошні званок, Мілка запрасілася ў вёску да бабулі, да сваіх пісклявых пітомцаў.
Па двары бегалі маленькія, як падушачкі, качаняткі. Дарэчы, яна іх сама так празвала.
Сапраўды, у сваёй жоўценькай пуховай вопратцы качаняты былі падобныя на маленькія мягкія падушачкі. З піскам вакол качанят круцілася каля двух дзясяткаў куранят.
На двары дзед зрабіў невялікі будан, каб кураняткі з качанятамі хаваліся падчас дажджу. Мілка занесла туды саломкі, прыладкавала ў вугельчыку маленькі зэдлік і, калі пачынаўся дожджык, сядзела ў будане разам з куранятамі.
Качаняты, тыя больш палахлівыя, зрэдку хаваліся ад дажджу ў будане, а вось кураняты, наадварот, скакалі вакол Мілкі, а некаторыя, больш смелыя і цікаўныя, самі скакалі спачатку на ногі Мілкі, потым, чапляючыся сваімі вострымі кіпцюрыкамі, забіраліся нават на плечы сваёй маленькай гаспадыньцы, прымаючы, мабыць, яе за сваю «матулю».
На Радуніцу бабуля пасадзіла квактуху. Міланка ў сваім дзённіку зрабіла запіс: «13 мая пасадзілі Чарнушку на яйкі». І вось цуд. Праз тры нядзелі бабуля пазвала Міланку ў хлевушок, дзе сядзела Чарнушка, з–пад якой выглядвалі цікаўныя цыпляткі. Міланка сцішыўшыся, затаіўшы дыханне, са дзіўленнем глядзела на курыцу–маму і яе піскунчыкаў. Раптам з–пад Чарнушкiнага крыла выскачыла куранё, пярэстае, як яго мамка, і ціха піскнула, быццам запытала Міланку: «А куды гэта я папала?» – а можа, на птушынай мове яно віталася са сваімі новымі сябрамі.
Мілка з заміла-ваннем сачыла, як з’яўляюцца спачатку востранькія дзюбкі куранят, а затым жоўценькія галоўкі з кропелькамі–вачаняткамі.
Так у Міланкінай птушынай гаспадарцы прыбыло яшчэ дзесяць куранят і сапраўдная цыплячая «мама».
Мікола Корань