Дзед Іван і баба Ганка жывуць у вёсцы. Разам ужо пяцьдзясят гадоў. Выгадавалі двух сыноў і дачку. Сыны жывуць і працуюць у вёсцы, маюць дзяцей і ўнукаў, а дачка Волька жыве ў Маскве.
Старыя, нягледзячы на пажылы ўзрост, трымаюць карову, кур і вулей. Яшчэ дзед Іван гадуе трусоў.
Летам маскоўская сям’я прыехала да бацькоў на адпачынак. Сямігадовага Ваню і пяцігадовага Алёшку дзед з бабаю яшчэ не бачылі. Яны вельмі ўзрадаваліся прыезду ўнукаў. «Мае родненькія, якія прыгожыя хлопчыкі», – абдымала, туліла да сябе і цалавала бабуля Ганна.
У хаце за сталом старыя частавалі гасцей рознымі прысмакамі. Выпіўшы кілішку вішнёўкі з мёдам, дзядуля схапіўся: «Я ж вам забыў паказаць сваю гаспадарку, прыгожых трусоў. Хадзем хутчэй, якраз карміць іх трэба. Яны такія цікавыя, ёсць і белыя, і чорныя, і шэрыя», – распавядаў дзядуля.
Унукі, пачуўшы слова «трусы», з цікавасцю паглядзелі з-пад лобікаў на дзеда і насцярожыліся, аднак той быццам не заўважыў.
Усе павылазілі з-за стала, а дзеці скіравалі вочкі на двор. Праз дзверы было відаць, як на белым шнурку, нацягнутым паміж хатай і хлявом, лёгкі ветрык гайдае сухую бялізну.
Зяць ступіў толькі некалькі крокаў па двары, як яго ўкусіла пчала. «Вот какой болючий бывает мёд», – сказаў ён і пайшоў назад у сенцы.
«А что нам смотреть на трусы, что там интересного?» – прамовіў старэйшы ўнук. Але дзядуля і бабуля завялі ўнукаў у хлявушок каля гумна. «Мае трусы такія прыгожыя, – распавядае дзед Іван. – Я тут бываю амаль увесь дзень, нават і ноччу наведваю іх. Лашчу, размаўляю з імі, вельмі прыемна гладзіць іх і браць на рукі. А яны, мусіць, разумеюць мяне, чакаюць, калі ім корм смачны прынясу і вадзічку памяняю».
Вось ужо ўсе зайшлі ў прыбудову для трусоў, дзе стаяць дзесяць вялікіх клетак. «Ой, это же кролики–зайчики, – закрычалі разам унукі. – Какие красивые, как их много. А можно их потрогать и получше рассмотреть?
Каля гадзіны люба-валіся Ваня і Саша дзедавымi трусамі. А потым дапамагалі дзеду Івану касіць траву, буракі, мяняць ваду і прыбіраць у клетках.
Каля месяца гасцявалі ўнукі ў вёсцы. Уставалі рана разам з дзедам і беглі ў хлявушок. Бабуля гатавала для ўнукаў смачныя стравы з трусінага мяса. А ўнукаў толькі цікавіла і забаўляла адно: дзедавы трусы. Вялікія і малыя, белыя, чорныя і шэрыя.
Хутка праляцелі летнія дні для маскоўскіх хлопчыкаў. Ім вельмі цікава было ў вёсцы, у дзедавым садзе, на пасецы.
Перад ад’ездам бабуля і дзядуля парадавалі дзяцей і ўнукаў гасцінцамі: трохлітровым слоікам мёду і трымя тушкамі мяса трусоў, а дзед Іван уручыў унукам і зяцю зімовыя шапкі–вушанкі, зробленыя і пашытыя стараннымі рукамі трусавода.
Міхась Масюк
Дзедавы трусы — звучало обещающе. Так же как и «Лiсiчка высунула з норкi рыжую пысу и кажа…»