Віцёк і Агнеска

1

Я сустрэў госцю з маскоўскага поезда. Яна ўжо сядзела на пасажырскім сядзенні аўто, я распіхваў па багажніку клункі, калі да машыны падышлі мужчына з жанчынаю, не маладыя, але яшчэ даволі жвавыя.
Спартыўны касцюм, дамашняя сумка цераз плячо рабілі жанчыну яшчэ больш малажавай. Мужчына апрануты ў касцюм, на плячы футляр, у якіх пераносяць гармонь тыя, хто бяражэ іх.

«Вадзіцель, падвязі, тут недалёка, — звярнуўся да мяне мужчына. — У Гарняк да ўнучкі на вяселле еду».
Глянуў у твар і зразумеў, што не адкажу. Вочы яго ўсміхаліся. Але мне захацелася нешта адказаць калючае. «Сёння вяселлі з гармонікам не гуляюць», — адказаў яму. Той не згадзіўся: «Спадзяюся, што на вяселлі гармонь не лішней будзе».

Я не паспеў закрыць багажнік, як мужчына сказаў: «З табою мы дзесьці сустракаліся. Ты на Усць-Выме быў?». Я глядзеў яму ў твар, але ўспомніць не мог. «Я Віцёк, яна Агнеска, тая з баржы», — сказаў мужчына.

Реклама

Глядзеў я на яго і не бачыў нічога. У маіх вачах плыла магучая рака Усць-Вым, на беразе — выцягнутая з вады баржа, а вакол яе з калючага дроту агарожа. Канец пяцідзясятых гадоў мінулага веку. Штодзень за гэту агароджу прыводзілі каля двух дзясяткаў малайцоў, асуджаных судамі Беларусі, рэспублік Прыбалтыкі за дармаедства. Таго, хто на працягу трох месяцаў не ўладкоўваўся на працу ў дзяржаўную ўстанову, судзілі не меней чым да трох гадоў папраўчых работ.
У лагеры, што ў Комі ССР, сярод такіх заметна выдзяляўся беларус Віцёк. Прывезлі яго з гармонікам. Часта вечарамі яго гармонь залівалася на ўвесь барак. Калі пыталі, за што судзілі, ён адказваў: «За тое, што людзям дарыў радасць, іграў вяселлі».

Баржу рамантавалі. Звонку адбівалі іржу, фарбавалі.

Аднойчы з ранку ў адсеку баржы Віцёк знайшоў дзяўчыну. Апранута была ў лагерны бушлат. Яна не здзівілася сустрэчы, папрасіла есці, назвала сваё імя, прызналася, што ўцякла з палявых работ, на якіх працавалі жанчыны з суседняга лагера. Тайна, што на баржы дзяўчына, жыла нядоўга. Але хапіла, каб Віцёк пазнаёміўся.

Мінула больш паўстагоддзя — і вось сустрэча! Усхваляваны такой нечаканасцю, я не прыдумаў лепшага і спытаў: «А цяпер ты чым займаешся?» «Іграю маршы апошнім жыхарам роднай вёскі ў шлях да могілак. Мо апошні раз іграць буду на вяселлі, падвязі, браток. Забыўся, як завуць цябе», — адказаў мужчына.

Па дарозе ўспаміналі тую баржу, смяяліся, як не маглі доўга здагадацца канваіры, што збегшая лагерніца хаваецца ў баржы. Расказвалі, як склалася жыццё пасля лагера, не мінулі пахваліцца пра дзяцей і ўнукаў. У нашай пахвальбе гучала нотка, што тагачаснай уладзе так і не ўдалося нас растаптаць.

«Усё жыццё я не выпускаў гармонік з рук. Каб больш не прыдзіраліся, лічыўся музыкантам у вясковым клубе. Але ўсё жыццё іграў вяселлі, Агнеска была маім памочнікам. Яна здатны музыкант», — на развітанне сказаў былы Віцёк, а цяпер васьмідзесяцігадовы пенсіянер Віктар Пятровіч.

Уладзімір Дамель

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Постмодернист
Постмодернист
30 июля 2013 22:35

Круто.