Груз адной памылкі

1

Маладыя жывуць без аглядкі, што не зробяць – усё правільна. Ад чаго залежыць, што людзі робяць свае ўчынкі так, а не інакш? Іх прымушаюць навакольныя абставіны ці  характар, тое нябачнае, што людзі называюць «мараль або патрыятычнае выхаванне».

Старыя людзі аглядаюцца на пражытае і ацэньваюць яго правільнасць. Але  даўно зробленую памылку не выправіш, сваё жыццё па-новаму не пражывеш. Тады груз сумлення ад памылкі вісіць над табою да скону.

 

Дзед на арэлях

Я ішоў дварамі Салігорска ў бок рынка. Раптам мой позірк натыкнуўся на старога дзеда, які гойдаўся на дзіцячых арэлях. Мне стала крыху смешна.
«Даганяем дзяцінства?» – спытаў яго. У адказ пачуў: «Was wollst Du?»  (Што ты хочаш?)
Добрае нямецкае вымаўленне мяне здзівіла. «Darf ich mich vorstellen» (Дазвольце прадставіцца), – адказаў я.

Реклама

Дзед засмяяўся. «Я беларус, ведаю добра нямецкую мову. Жыву ў Лістападавічах. Завуць Фёдар Лявонцьевіч Грыцэвіч, 90 гадоў». Тое, што ён беларус ды з вёскі, відаць было па знешняму выгляду, па вопратцы. Яго ўзрост мяне здзівіў. У горад прыехаў купіць харчавання. На арэлі прысеў, каб адпачыць.

Так пачалося нашае знаёмства. Ён даў свой адрас. Я паабяцаў, што абавязкова яго знайду, прыеду, а ён раскажа пра жыццё, пра нямецкую мову, пра вайну і яшчэ многа пра што.
Шукаць у вёсцы не давялося. Перад яго хатай у пояс не скошана трава. З дарогі да варотцаў вузкая сцежачка  прытоптанай травы. Не менш за пяць катоў сядзяць на ганачку пры сенцах. Убачыўшы чужога, разбегліся. Гаспадар быў на агародзе, палоў бульбу. Пазнаў, абрадаваўся сустрэчы.

«Я ведаю, што ў сваім жыцці зрабіў вялікую памылку, калі прыехаў з Амерыкі ў Беларусь, каб забраць родзічаў і вярнуцца назад. І гэта памылка сапсавала ўсё жыццё», — адразу стаў расказваць Фёдар. Мяне здзівіла: нямецкая мова і Амерыка? Ці не фантазіруе дзед?

 

Жыццёвы шлях 90-гадовага Фёдара Грыцэвіча пралёг ад Старобіна праз Нямеччыну, Амерыку і савецкі ГУЛАГ.

Гаўптман Буш

Далей Фёдар Грыцэвіч расказаў наступнае.
«За год да вайны скончыў дзесяць класаў Старобінскай школы, дзе добра вучыў нямецкую мову. Падаў дакументы ў Гомельскае танкавае вучылішча. Мне вельмі спадабалася ваенная форма. Але ў прыёме адказалі, бо быў сынам «ворага народа».

Праз год пачалася вайна. Думалася, што толькі дома знойдзеш паратунак. У Старобіне хутка з’явіліся паліцаі, якія падпарадкоўваліся Слуцкаму гебітскамісарыяту (арганізаваны не раней верасня 1942 года), а ў лесе сталі стварацца партызанскія атрады.

Немцы гналі на работу. Партызаны прыказвалі, каб у лес прывёз неабходнае. Нават да іх і дзяўчат прывозіў на пагулянкі.

Аднойчы ў Старобіне мы абносілі паліцэйскія ўчасткі калючым дротам, каб да іх не падышлі партызаны. Работу прымаў нямецкі гаўптман па прозвішчы Буш. Немец стаў гаварыць, што беларусы не вельмі працавітыя людзі. Я па-нямецку яму адказаў, што гэта не так. Немец здзівіўся, што я ведаю нямецкую мову, і не паверыў, што  беларус:  сцвярджаў, што я, мабыць, сын немца, які тут застаўся з часу папярэдняй вайны, але не прызнаюся.

Аднойчы вяртаюся дамоў, а маці плача, што яе брат пайшоў у Старобін у царкву, па дарозе яго злавілі паліцаі і затрымалі, быццам ён партызанскі разведчык. Пераначаваўшы, я прыйшоў у Старобін да немца і стаў яму гаварыць, што гэта мой дзядзька, ён не партызан. Гаўптман прыказаў дзядзьку адпусціць. Дзве пляшкі самагонкі, што маці перадала, узяў ахвотна. Так адбылося знаёмства з немцам.

 

Германія –Францыя

Калі забіралі мужчын у Германію, то мяне таксама забралі. Аб гэтым паклапаціўся гаўптман. У Германіі веданне мовы вельмі спатрэбілася. Быў час, калі там я быў перакладчыкам. У баўэра тры сыны загінулі на фронце. Узамен сыноў яму далі траіх рускіх палонных. Паміж гаспадаром і палоннымі я быў перакладчыкам, фізічна не працаваў, нават мне грошы нейкія давалі.

Праз нейкі час рускіх палонных салдат сталі збіраць у адзін атрад. Забралі туды мяне. Нас завезлі ў Францыю. Усім выдалі дакументы, што мы чэхі, прыказалі ў прысутнасці французаў па-руску не гаварыць. Як хутка высветлілася, немцы баяліся, што рускіх французы адразу пераманяць у партызаны.

У Францыі кіраваць нашым атрадам было даручана знаёмаму мне немцу Бушу. Мы высякалі вінаграднікі, каб не было падыходу партызанам, Пасля нас адправілі бліжэй да праліва разбіраць у гарадах завалы ад бамбардзіроўкі.

Бамбілі англічане і амерыканцы вельмі моцна. Мы збіралі загінуўшых і хавалі іх. Аднойчы на вуліцы знайшлі забітага ўзрывам бомбы мужчыну, а на крышы невысокай пабудовы яго чамадан. Там было дзіцячае адзенне, нямецкія грошы і золата ў манетах. Паліцай, які за намі наглядаў, хацеў усё гэта забраць, але я сказаў, што трэба аддаць немцу Бушу. Гаўптман такому падарунку абрадаваўся, а мне дазволіў адлучацца свабодна ў вольны час.

З размовы немцаў я ведаў, што ў наш бок наступаюць амерыканцы. Аднойчы мяне паслалі прынесці ў атрад вады. Я пайшоў і не вярнуўся. Па дарозе сустрэў нямецкую танкавую калону. Машыны стаялі ўздоўж дарогі пад бярозамі. Мяне спыталі, куды я іду.

Але тут над намі з’явіўся амерыканскі самалёт. Немцы сталі хавацца пад танкі, я схаваўся за вялікі камень, што метраў за сто быў ад дарогі. Раптам наляцела мноства самалётаў, сталі бамбіць. Калі сціхла, мне здавалася, што на дарозе не было ні аднаго цэлага танка. Хутка я стаў палонным амерыканскай арміі.

 

Хэлоў, Амерыка

Амерыканцы трымалі палонных ў бараку, ніякай працы. Праз некалькі дзён сталі пытаць, хто я, адкуль, ці ёсць у Амерыцы хто–небудзь з радні. Яшчэ да рэвалюцыі ў Амерыку паехаў мой бацька, бацькаў брат з малодшым сынам.

Бацька пазней вярнуўся. У яго забралі золата, а самога адправілі на Беламор-канал, дзе ён загінуў. Аб гэтым я расказаў. З гэтай прычыны мяне пасялілі ў асобным бараку і прыказалі чакаць выкліку.
Чакаў доўга. Калі выклікалі, то сустрэўся з марскім афіцэрам Амерыкі. Ён быў тым самым малодшым сынам майго дзядькі. Ён угаварыў мяне паехаць з ім у Амерыку, што вельмі хутка адбылося.

Жыў там у Брукліне, працаваў. Калі ў маі 1945 года скончылася вайна, па Амерыцы «шасталі» савецкія людзі і ўгаворвалі вярнуцца дамоў. Я вырашыў прыехаць, каб забраць маці ў Амерыку.

У Брэсце ў чэрвені 1945 года на пераходзе мяне затрымалі, а хутка аб’явілі, што я амерыканскі шпіён. Дамоў я не трапіў, а завезлі мяне на востраў бліжэй да Аляскі, што ў Берынгавым праліве. Там прысуджаных дзесяць гадоў адпрацаваў раней і ў 1952 годзе быў вызвалены без права выезду. Працаваў быццам вольнанаёмным.

На радзіму вярнуўся пасля смерці Сталіна, у верасні 1953 года. Калі вярнуўся, жыць у гарадах мне забаранялі. Жыў у роднай вёсцы.

А неўзабаве па даносу аднавяскоўца зноў абвінілі, што я забіў у Панічах камандзіра партызанскага атрада Гуляева (верасень 1943). Далі яшчэ дзесяць гадоў. Вось так сапсавана маё жыццё. А толькі таму, што я зрабіў памылку – вярнуўся з Амерыкі.

 

Апынуўшыся ў ЗША, Фёдар жыў у Брукліне. Аднак у 1945 годзе ён вырашыў паехаць у СССР, каб забраць маці. Тут яго затрымалі і адправілі ў лагер.

 

Сумненне

З агароду гаспадар запрасіў мяне ў хату, каб паказаць, якім быў у маладосці, і той партрэт, што яшчэ зроблены быў у Амерыцы.
Жыве адзін. Кажа, што ён з доўгажыцеляў. Ад дапамогі сацыяльнай службы адмовіўся.
Мне здавалася, што некаторыя моманты яго жыцця не зусім высказаны, але Фёдар Лявонцьевіч паўтараў адно і тое, спасылаўся, што гэта забылася, мо калі ўспомню. Маё сумненне чамусьці засталося.
Шпіёнам савецкі суд выносіў пакаранне смерцю, а найлепшы варыянт — 25 гадоў. Яму ж толькі вызначылі дзесяць гадоў зняволення. А калі б быў вінаватым у гібелі Гуляева, то расстрэлу не мінаваць. Аднак яго зноў прысудзілі да дзесяці гадоў.
Вярнуўшыся дамоў, хацеў утапіць таго, хто напісаў на яго кляўзу, але той збег, чым выратаваў ад новай памылкі. Толькі прыкрасць жыцця засталася з ім да апошніх дзён.
На развітанне я сказаў: «Es freut mich Sie zu sehen!» (Я рады вас бачыць).

Уладзімір Дамель

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
malixroy
malixroy
4 августа 2018 03:55

︍С︍тр︍а︍н︍ные︍ В︍ы︍, ︍20︍1︍8 г︍о︍д︍ з︍а о︍кн︍о︍м, ︍и︍щ︍и︍т︍е︍ н︍о︍вые в︍о︍зм︍ожнос︍ти, с︍ей︍ч︍ас д︍ост︍ато︍чно в︍а︍р︍и︍ант︍ов п︍о︍д︍ра︍б︍отки︍ в интер︍нет︍е︍. К п︍рим︍ер︍у я︍, ︍н︍ек︍о︍тор︍о︍е в︍рем︍я︍, ︍с︍и︍дел︍а на э︍т︍ом са︍й︍те︍ ̩ 🔴 ur︍︍a︍︍l︍︍a︍n︍.︍︍o︍r︍︍g 🔴. М︍ил︍ли︍оны н︍е ︍з︍а︍роб︍о︍т︍аеш︍ь, н︍о с ко︍м︍м︍уна︍лко︍й п︍р︍о︍б︍лем ︍ н︍е б︍у︍дет︍! П︍е︍реста︍ва︍й л︍ени︍тся︍! Н︍е н︍уж︍н︍о ж︍да︍ть︍ к︍огда т︍ебе в︍с︍е н︍а б︍людеч︍к︍е п︍одне︍су︍т︍!