Прапануем вашай увазе аўтарскі праект случчаніна Сяргея Кіко «Назаву дзіця па-беларуску», у якім ён дае ўласную падборку імён, уласцівых менавіта для Беларусі.
Беларускія імяніны
- 11 ліпеня – Герман, Ян (Ясь), Паўлік, Сяржук.
- 12 ліпеня – Андрусь (Андруш), Пятро, Паўлік, Лявон, Вераніка.
- 13 ліпеня – Сымон, Піліп, Якуб, Міла, Яня (Яніна)
- 14 ліпеня – Пятро, Ангеліна, Алехна.
- 15 ліпеня – Ігнаць, Давыд, Бірута, Бярнат.
- 16 ліпеня – Алесь, Дземід, Стэфан.
- 17 ліпеня – Андруш, Лявон, Ядвіга, Багдан.
Альгерд
Адметнае беларускае імя. Носьбіты гэтага імя вядомыя з XII стагоддзя. Можна казаць пра яго старажытнае заходне–балцкае паходжанне, адтуль зыходзіць ягоны сэнс – «слаўны» ці «усімі вядомы».
Існуе меркаванне, што Альгерд – гэта аналаг скандынаўскага імя Хельгі, таксама як і рускае Олег, вымаўлялася раней, як Алехерд і мела іншы сэнс – «прысвечаны багам».
Такое імя меў адзін з самых знакамітых і ўплывовых вялікіх князёў літоўскіх. Ён здабыў для сваёй Айчыны шмат вайсковых перамог і значна пашырыў межы. Часцей менавіта ў яго гонар называлі сваіх дзяцей беларусы.
Знакамітыя землякі
- Альгерд–Якуб Абуховіч (1840 – 1898 ) – беларускі паэт, перакладчык.
- Альгерд Іванавіч Бахарэвіч (1975, Мінск) – беларускі пісьменнік і перакладчык.
- Альгерд Гедымінавіч (1295 – 1377) – Вялікі князь літоўскі.
- Альгерд Ціханавіч Краўцоў (1912 – 1993) – маёр, герой Савецкага Саюза, ветэран Другой сусветнай вайны.