У Слуцку напачатку жніўня пройдзе фестываль вулічнай культуры.
Пра гэта карэспандэнту «IK» паведаміў арганізатар мерапрыемства Аляксей Сяленя.
«У першую чаргу гэта гульні па стрытболу, якія пройдуць у фармаце 3х3 і 1х1. Акрамя гэтага, удзельнікаў і балельшчыкаў турніру чакаюць цікавыя фішкі ад арганізатараў, – кажа Аляксей. – На спартыўнае свята абяцаюць прыехаць ролеры і скейтбардысты. Яны таксама прымуць удзел у фестывалі».
Па словах арганізатара, асноўная мэта правядзення мерапрыемства – гэта актыўны адпачынак. Не проста пакідаць мячык у кальцо, а яшчэ і «памерацца мускуламі» з супернікамі. «Палова ўдзельнікаў – студэнты. Большасць з іх дзесьці трэніруецца. Хтосьці ўваходзіць у зборную па баскетболу БДУ, хтосьці бегае за лінгвістычны ўніверсітэт, хтосьці за свой факультэт у БДУІРы, а хто наогул асвойвае прафесію трэнера па баскетболу», – адзначае случчанін.
Каб прыняць удзел у мерапрыемстве, неабходна адпісаць у адпаведную тэму ў групе ў «УКантакце» (vk.com/stk_streetball).У паведамленні павінны быць указаны назва каманды, калі вы ўдзельнічаеце ў фармаце 3×3, прозвішчы ды імёны – для гульні ў фармаце 1×1.
Вікторыя Капская