Дзень змяняўся надвячоркам. Але было яшчэ горача. Вячэрняя зара дагарае на захадзе, тлее яе палоска. А ў другім баку бліскаюць маланкі, але без грому. Вялізнае чырвонае круглае сонца апускаецца на паверхню зямлі.
У пакой упырхнуў матыль начнік. Ён трапятаў пад столлю і віўся вакол зыркай люстры. Ніна слухала музыку, якая лілася з радыёкропкі і няўрымсліва прытанцоўвала, мітусілася перад люстэркам, паварочвалася і так і гэтак, папраўляла прычоску, аглядала сваю квяцістую сукенку, якая ладна аблягала прыгожы стан і прыдавала дзяўчыне жаданую складнасць.
«Доўга будзеш чапурыцца? – пачуўся з другога пакоя голас сяброўкі Валі. – Ужо пара на танцулькі бегчы, сёння твой любы будзе. Днём прыехаў аўтобусам».
Нінка крутнулася зноў, паказала сабе язык, зрабіла грымасу і задаволеная пстрыкнула выключальнікам, выскачыла ў сенцы.
На дварэ ўстанавілася глыбокая цішыня. З-за саду данёсся шум цягніка. Шум наплываў і ўзмацняўся, стаяў дзесьці недалёка. Нарэшце ён пачаў спадаць, глушэць, пакуль зусім не прапаў у напрамку Урэчча.
На вуліцы раздаваўся гоман і ўзрываўся залівісты смех. Нечакана ўзняўся свіст і гогат, не інакш уздурэлі хлопцы. Там захлёбіста забрахала дварняга, за ім дзесьці яшчэ ўзвыў сабака.
Сяброўкі шыбавалі па асфальтнай вуліцы, стукаючы невысокімі абцасамі сваіх лодачак. А музыка ўжо бліжэй грымела над вёскай.
Перад ззяючым усімі вокнамі клубам сябровак сустрэлі хлопцы. Дзяўчаты танцавалі амаль увесь вечар. Пад кронамі бяроз на святле кружыліся хрушчы.
Вось і Ён – яе каханы Саша. Яны некалькі танцаў прапусцілі, пастаялі пад бярозкаю і рашылі прагуляцца па вёсцы начной.
Вёска бесклапотна адпачывала. Дзе-нідзе толькі праз мярэжу вішань і язміну мігцела нейкае акно. Часам раздаваліся выразлівыя гукі, часам ледзь улоўныя даносіліся аднекуль.
«Куды мы ідзём?» – ціха спытала Ніна. «Сам не ведаю, можа, у бездань ночы», – паціснуў плячыма Саша, трымаючы яе руку. «Хоць на самы край свету, дзе будзеш я і ты, дзе ні адной душы не сустрэнеш, толькі высока ў небе ззяюць вялікія і малыя зоркі», – сказала Ніна, крыху прыхінулася да Сашы.
Крочылі памалу. Шэптам размаўлялі, паціху смяяліся. Яны, закаханыя, не заўважылі, як прыйшлі ў сад каля хаты і прыселі ў альтанцы.
Ярка асвятляючы ваколіцу, праз усё неба размашыста чыркнула зорка і над зямлёю згасла. Ніна прывольна адкінулася, утаропіла ўгору вочы, доўга назірала кудысьці, потым неспадзеўкі аклікнула прыціхлага хлопца, які любаваўся пры месячным святле прыгожым тварам дзяўчыны: «Саша! Табе ніколі начамі не блюзнілася, быццам нехта цікаўна сочыць за табой?» – «Адкуль? Зверху? З месяца, ці зоркі, ці з той знічкі-метэарыту? – запытаў Саша. – Здаралася. Адчуваў штосьці. Не па сабе тады рабілася, трохі бянтэжыла, а больш дык бадзёрыла: не адзінокія мы на зямлі. Добра ўсё-такі жыць вось так і кахаць…» – «Нядрэнна, вядома», – дабавіла Ніна.
Быццам дамовіліся, адразу замоўклі. Кожны думаў аб чымсьці сваім. Саша зняў пінжак, акрыў ім Нініны плечы, прытуліў яе.
«Цяплей зараз стала, – прашаптала тая, – здаецца б да скону прасядзела так. Не ведаю, як бы жыла, калі б не ты і нашы спатканні». – «І я таксама!» – часцей задыхаў хлопец і мядзведзята ашчаперыў дзяўчыну. Яна рассмяялася і раптам папрасіла: «Пацалуй мяне!»
Саша схіліўся і цалаваў яе губы, твар, вочы… Дзяўчына выпрасталася, абвіла яго рукамі. Потым загаварыла паволі: «Сашка! Любенькі! Хопіць! Не дурэй! Апамятайся! Крычаць буду! Пусці! Чуеш?» – «Маўчы, каханая», –прашаптаў хлопец.
Ніна ўсім целам напружылася, паспрабавала выслабіцца, аднак адчула гарачыню налітых здароўем тугіх грудзей і быццам згубіла прытомнасць, аціхла. Праз прыкрытыя вейкі яна ўбачыла прама над сабой аранжавую зорку, якая быццам падміргвала ёй і адначасова ўлавіла церпкі пах начных летніх кветак і шэлест галінак і лісцяў на высокай яблыні, якая ўзвышалася над альтанкай.
Занімаўся золак. Нясмела трымцеў світанак. Разам з цемраю, што запаўняла сады, агароды і двары, закуткі, прападалі начныя шорахі, начныя мроі. Усё вакол рабілася звычным. Крыху вялымі з-за бяссоніцы выглядамі Саша і Ніна.
Пачынаўся дзень. Раз-пораз кукарэкаў і біў крыллем певень ў хляўчуку, сакаталі куры.
«Бач, ужо світае, – сказала Ніна. – Гэта ўжо галосяць трэція пеўні, самыя дружныя».
Зрэдзь цішыню парушалі крокі па вуліцы, шоргат тугіх колаў аўтамашын. У паветры сыра, на платах, на стрэхах, на лістах дрэў ляжыць раса. Сонца паволі падымаецца над вёскаю.
Шчасце ў радасці чалавека маладога, якому люба і цікава пабыць з каханаю і яшчэ з цішынёю. Гэта і ёсць шчасце і радасць, час чакання і спаткання, час кахання!
Міхась Масюк
«мядзведзята ашчаперыу дзяучыну».Такой оборот как то в тупик поставил.Неужели дзяучына была такая прямолинейная ,что так прямо и сказала:2Пацалуй мяне»?Здаецца гэта нейкая фантастыка.Хотя….Вельми цикавае апавяданне.Але трэба дапрацаваць.Малюнак прыгожы.