Ніна Фёдараўна ўжо восьмы год жыла без гаспадара. Маладым cышоў ад яе Іванка на той свет, аставіўшы засмучанай удаве чацвёра дзетак.
Сама Ніна была інвалідам з дзяцінства, але, як кажуць, калі лёс дзесьці забірае, то Бог у другім месцы дадае. З маленства яна была прыгажуняй, дарма што крышачку прыкульгвала. У вёсцы ўсе звалі яе лялечкай. Ды і зараз, калі жыццёвы шлях переваліў за пяты дзясятак, яна заставалася прыгажуняй не толькі з твару, але і ў душы.
Дзеці ўжо ўсе абралі шлюб. Мела траіх унукаў, якія вельмі любілі сваю бабулю. Толькі вось здароўе стала крыху падводзіць: то ціск паднімецца, то іншыя якія балячкі пачнуць вылазіць.
Аднойчы дзеці на сямейным савеце вырашылі: «Адпраўляем цябе, маці, у санаторый, каб паправіла трохі здароўе і адпачыла ад калгасных спраў». Маці забедавала: «А як жа без мяне тут курачкі будуць ды коцік з сабачкаю?» Але ўрэшце рэшт здалася.
І вось ужо цэлы тыдзень Ніна Фёдараўна прымала розныя лекі і працэдуры. Вечарам, у вольныя часы, з сяброўкай па палаце хадзілі на розныя мерапрыемствы: кіно, танцы, экскурсіі і ўсюды іх суправаджаў Іван Пятровіч – сусед па сталу, былы лётчык, палкоўнік у адстаўцы. Ён таксама прыехаў паправіць здароўе.
Тры гады таму Іван Пятровіч пахаваў жонку і застаўся адзін у сваёй трохпакаёўцы. Пакуль з ім быў старэйшы сын з сям’ей, адзінота не так адчувалася, але, калі сын атрымаў новае прызначэнне (ён таксама быў ваенны лётчык), навалілася на Івана цяжкая сумота. Мабыць, ад яе і пачаў палкоўнік хварэць, хоць знешне і меў здаровы выгляд.
Ад лейтэнанта да палкоўніка прыйшлося несці службу па ўсяму Савецкаму Саюзу, а дэмабалізаваўся – пацягнула ў родны горад, дзе нарадзіўся і рос.
Малодшы сын таксама вайсковец. Нёс службу ў расійскім войску – дэсантнік, ужо капітан. Ваяваў у гарачых кропках. Да бацькі прыязджаў раз у год на адпачынак. Чарговы прыезд да бацькі не ўзрадаваў сына.
«Вось што, спадар палкоўнік. Заўтра едзеш у санаторый на лячэнне і адпачынак», – сказаў сын. «Ты не маеш правоў прыказваць палкоўніку, бо ты ўсяго капітан», – усміхнуўся бацька, але з сынам пагадзіўся.
Іван Пятровіч адразу прыкмеціў прыемную жанчыну, суседку па сталу. Пра такіх, як яна, кажуць: з народу, сціплая разважлівая, па–сялянску мудрая. Але не толькі гэтыя якасці закранулі душу ваякі. Вочы. У яе былі такія блакітныя вочы, як два возеры ў ясны сонечны дзень. Вось і патануў у гэтых азёрах палкоўнік. У сэрцы нешта заказытала, але не ад болю. Пачуццё было падобна на тое, калі некалі маладым лейтэнантам сустрэў сваё першае каханне – сваю Анютку. Гэта, мабыць, да яго яно зноў вярнулася, толькі ўжо апошняе.
З санаторыя Іван Пятровіч і Ніна Фёдараўна вярнуліся ўдваіх.
Мікола Корань
ТАКСАМА ПРА КАХАННЕ. Хтосьці знаходзіць сваё каханне і напрыканцы жыццёвага шляху, а некаторыя жадаюць з ім развітацца, як піша мінчанка Алена Шчэрбак у вершы.
Апошняя сустрэча
Былi спатканнi,
Былi развiтаннi,
Была апошняя
Сустрэча.
I веяў пяшчотны
Вецер.
Была на iмгненне
Слодыч.
Засталася на сэрцы
Горыч.
Няхай бы душа
Чэрствай стала,
Каб любiць яна
Вас
Перастала.
Пойдёт.Только кто кормил кота и собаку на период санатория?И куда они вернулись :в деревню или квартиру?