Чалавек, які дорыць святло

0

Як хутка, незаўважна і непрыкметна бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна я прывяла сваю дачку ў студыю выяўленчага мастацтва «Вытокі» да Наталлі Шуманскай у Слуцкі цэнтр дзіцячай творчасці, а ўжо прайшло шэсць гадоў.

Усе гэтыя шэсць гадоў Наталля Яўгенаўна была ў маёй дачкі самым любімым педагогам. Не толькі свае малюнкі, а і свае першыя апавяданні, вершы дзяўчынка несла паказваць Наталлі Шуманскай. У яе заўсёды знаходзіла словы пахвалы.

Не толькі для маёй дачкі, але і для многіх дзяцей Наталля Яўгенаўна стала сапраўдным псіхолагам: вучні маглі паскардзіцца настаўніцы, расказаць аб сваіх праблемах з аднагодкамі, аб праблемах у школе, а некаторыя маглі нават паплакацца на першае няўдачнае каханне. І педагог, як магла, падтрымлівала, падбадзёрвала іх. Больш таго, Наталля Шуманская, акрамя малявання, ведала, чым жывуць, дыхаюць яе вучні.

Реклама

Наталля Шуманская (у цэнтры) са сваімі выхаванцамі падчас турыстычнай паездкі ў Гродна.

На маё пытанне, за што ты любіш Наталлю Яўгенаўну, мая дачка адказала: «За тое, што яна ніколі не хлусіць і заўсёды гаворыць праўду». Гэты адказ уразіў мяне і як маму, і як педагога. І, сапраўды, настаўніца заўсёды «прамалінейная», як сказалі б псіхолагі.

Яна справядліва адзначыць недахопы вучняў на малюнках, крытычна ацэніць іх работы. І, як ні дзіўна, вучні ніколі не крыўдуюць на крытыку. Можа, гэта і ёсць вынікам таго, што вучні Шуманскай часта з’яўляюцца пераможцамі і дыпламантамі рэспуб-ліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Але для Наталлі Яўгенаўны самае галоўнае не гэта, а дзеці. У кожным сваім вучні яна бачыць не будучага мастака, а асобу, індывідуальнасць, чалавечка, чалавека, як часам гаворыць сама педагог. І не забывае пазваніць ім, падбадзёрыць іх, настроіць на пазітыў.

Ёсць яшчэ і адна характэрная асаблівасць у педагога: кожныя выхадныя Наталля Яўгенаўна са сваімі выхаванцамі адпраўляецца ў турыстычныя паездкі: Гомель, Гродна, Белавежская пушча, Нясвіж, Ліда — нават і не пералічыць, у якія паездкі за шэсць гадоў навучання толькі не ездзілі яе вучні, а пасля з захапленнямі апавядалі аб іх. Колькі памятных фотаздымкаў засталося ў вучняў, не кажучы аб успамінах, якія застануцца на ўсё жыццё.

Неяк адна мая знаёмая, якая ў мінулым была вучаніцай Наталлі Шуманскай, а цяпер сама працуе педагогам, сказала: «Ведаеш, а Наталля Яўгенаўна сапраўдны настаўнік ад Бога, якіх, на жаль, зараз так мала». Дарэчы, такія словы я чула ад многіх былых вучняў Шуманскай. Ці не гэта сапраўдныя словы ўдзякі?

Зусім маладой дзяўчын-кай у 1973 годзе прыйшла Наталля Шуманская ў Дом творчасці (тады яшчэ Дом піянераў) і засталася тут амаль на трыццаць гадоў. Колькі пакаленняў яна выпусціла за гэты час. Многія з іх, як і Наталля Яўгенаўна, сталі педагогамі. «Кім бы ні сталі мае вучні, галоўнае, каб яны заўсёды заставаліся самі сабою, заставаліся сапраўднымі людзьмі», — гаворыць сама настаўніца.

Прызванне - быць настаўнікам. Так можна сказаць пра Наталлю Яўгенаўну. У студыі «Вытокі» дзеці сябруюць паміж сабой, канфлікты бываюць вельмі рэдка, Наталля Яўгенаўна ўмела пагашае іх. І вучні, як магнітамі, прыцягваюцца і адзін да аднаго, і да педагога.

Думаю, што не толькі я, але і ўсе бацькі, дзеці якіх наведваюць студыю выяўленчага мастацтва «Вытокі», скажуць Наталлі Яўгенаўне за нашых дзяцей вялікі дзякуй!
І нізкі паклон вам, Наталля Яўгенаўна, за тое, што і ў наш час вы не згубілі часцінку дабрыні і ўмееце дарыць вучням цяпло і святло сваёй душы. Заставайцеся такой і надалей! Толькі ўзнікае адно-адзінае жаданне: больш бы такіх педагогаў, як вы, нашай школе.

Алена Назарава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии