Партызана выратавалі жонкі нямецкіх афіцэраў

Шмат цікавых падзей мінулай вайны застаюцца яшчэ не заўважанымі. На ваенную тэму напісана нямала кніг, знята мноства выдатных кінастужак, а вось невялікіх газетных матэрыялаў, у якіх адбіваўся б чыйсці лёс у ваеннае ліхалецце, яшчэ мала. Між тым новыя пакаленні хочуць больш ведаць пра вайну.

Гэта было ў чэрвені 1944 года, калі ўжо немцы спешна адступалі. Па шэрагу прычын партызану Васілю Кунцэвічу давалі толькі нязначныя заданні. Вось і на гэты раз яго адправілі да шашы, каля вёскі Новы Гудкоў, паназіраць за рухам варожых войскаў, што накіроўваліся на Слуцк.

Реклама

Васіль ішоў лесам у напрамку дома, у якім жыла дарожны майстар Надзея Стахновіч.
Сядзіба абрасла густым кустоўем і дрэвамі так, што было дзе схавацца. Але толькі ён выйшаў з лесу, а да сядзібы заставалася метраў 50 чыстага поля, як твар у твар сустрэўся з абозам з некалькіх вазоў, на якіх ехалі немцы і іх жонкі.

У паветра далі аўтаматную чаргу, загадалі падысці, абшукалі і, нічога не знайшоўшы, прывязалі са звязанымі рукамі да задняга воза. На ім ехалі жонкі афіцэраў.

Звярнулі да шашы на Стары Гудкоў. Кунцэвіч ведаў, што там знаходзяцца некалькі палонных партызан і чырвонаармейцаў. Падумаў: немцы адступаюць і могуць расстраляць, у тым ліку і яго. Хто там будзе разбірацца, хто ён і што рабіў у лесе. Возьмуць і расстраляюць.

Памеркаваўшы пра гэта, Васіль загаварыў з немкамі як умеў: «Фраў, іх майне зібен кіндэр…» (Меў на ўвазе: «Дамы, у мяне сямёра дзяцей…» -Заўв.рэд.). Немкі пра нешта перагаварылі паміж сабой і развязалі яму рукі. У гэты час абоз пераехаў праз невялікі драўляны масток, за якім расло высокае жыта. У жыта і рвануў Кунцэвіч …

Немцы зрэагавалі адразу і пачалі «касіць» аўта-матамі жытняе поле, як кажуць, уздоўж і папярок. А ён усё бег, пакуль, аб нешта зачапіўшыся, не кульнуўся ў неглыбокую каляіну. Кулі яшчэ некаторы час свісталі над галавою, потым усё сціхла. Напэўна, немцы палічылі ўцекача забітым.

Адразу пасля вызвалення Слуцкага раёна Васіль Кунцэвіч актыўна ўключыўся ў аднаўленне разбуранага калгаса «Перамога». Пабудаваў новы дом у Старым Гудкове на месцы спаленага фашыстамі. Выгадаваў двух сыноў і дзвюх дачок. Доўгія гады, будучы ўжо на пенсіі, працягваў працаваць у калгасе.

Многіх сваіх землякоў-ветэранаў і ўдзельнікаў вайны я добра ведаў. З некаторымі разам працаваў. Але тады, у 60-ых і нават 70-ых гадах, ветэраны вайны пра сябе мала расказвалі. Абараняць сваю радзіму, хутчэй за ўсё, яны тады не лічылі нейкім подзвігам.

Гэтыя людзі ўжо амаль усе пайшлі з жыцця, а мы, на жаль, вельмі позна спахапіліся. Але хочацца, вельмі хочацца ведаць праўду пра вайну.

Міхаіл Тарасевіч

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Баба Лида
Баба Лида
10 мая 2013 10:16

Когда под немцем были, то не только плохое было. Солдаты из полевой кухни кормили детей. Шоколадом угощали. Поманит, бывало, немец пальцем: ''KInder, come, come! ' ' Шоколадкой угостит. Фотокарточку показывает. Там его фрау и дети. И зачем мы друг друга убивали? Пусть будут прокляты Гитлер и Сталин развязавшие эту бойню!