Белая бяроза

2

Даўно заўважана, што па знешнім выглядзе, здаецца, няма прыгажэйшага дрэва ў нашых лясах, чым бяроза. Яскравым сведчаннем гэтага служыць незлічаная колькасць песень, вершаў, прымавак і казак аб ёй, назвы рэк, азёр, вёсак, гарадоў і вуліц.

Нават магутны гром нябесны літасцівы да прыгажуні-бярозы: вельмі рэдка ўдарае ў яе.

У адносінах да суседзяў і навакольнага асяроддзя дрэва таксама адпавядае свайму знешняму выгляду — «добрая». Таму ў бярозавым гаі заўсёды шмат розных кветак, траў, кустоў.

Реклама

На бярозах гняздзяцца розныя птушкі, пад імі растуць грыбы і ягады. Бяроза нікога не крыўдзіць, крыху прыкрывае сваімі лісточкамі і тонкімі галінкамі ад сонца, але моцна не зацямняе. Вось чаму розныя расліны і звяры знаходзяць сабе пад ёю прытулак.

Бяроза ў славянскай міфалогіі ўшаноўваецца як святочнае дрэва. Яна — жаночы сімвал у час свята Сёміка і сімвал рытуальнай чысціні.

Яе вылучалі «як бель-беленьку, тонку, высоку, каласісту» з шэрагу іншых дрэў. Таксама яе ўласцівасці - хутка расці і самай першай апранацца ў зеляніну.

Светлая, гнуткая, бяроза-прыгажуня, як і жанчына, валодае сілай, надаючай жыццё, корміць, поіць, лечыць і зачароўвае. Таму яна стала сімвалам жаночага пачатку, адначасова — знакам смерці і новага адраджэння да жыцця. Яна надзялялася ўласцівасцямі спрыяць добраму ўраджаю, прадказваць лёс, надвор’е, лячыць людзей, жывёлу.

Гэтае дрэва многія асцерагаліся садзіць каля хат, але і адначасова лічылі, што бяроза на двары прыносіць шчасце падворку і людзям.

У славянскіх ўяўленнях з бярозай звязаны душы памерлых. Каб хутчэй прыйшла смерць, пад чалавека, які паміраў, падкладвалі бярозавы венік, а бярозавае палена клалі пад абразы, каб на ім да часу пахавання магла пабыць душа. Бяростай высцілалі магілу, бярозавай ліствой ці дубчыкамі - труну, лісцем набівалі падушку для нябожчыка, а галінкамі накрывалі цела памерлай жанчыны. Бярозы садзілі ля магіл: «Хутка пайду пад бярозкі», — казалі нашы продкі, збіраючыся паміраць.

Ствол бярозы, нават у гарачыя дні, нават на сонцы, застаецца халодным: белы колер адбівае сонечныя промні. Тут белы колер служыць не для прыгажосці. Вось чаму мы белім сады вясной.

Шмат добрага дорыць бяроза чалавеку. Ніхто не можа аспрэчыць, што лепшыя дровы — бярозавыя. Прыклады для вінтовак, ружжаў, тапарышчы і ручкі для інструментаў — трывалыя бярозавыя. Драўніна ідзе на выраб мэблі, якаснай фанеры, калёс і палазоў у сані. З бярозы атрымліваюць кіслоты, актывізаваны вугаль. З бярэсты — дзёгаць і сажу для фарбы. Бярозавыя пупышкі і чагу скарыстоўваюць як лякарства. А якія трывалыя, пахучыя, лячэбныя майскія венікі для лазні!

Цячэ жыццярадасны лячэбны сок — бярозавік.

Светлыя бярозавыя пні мокрыя, быццам іх хто знарок паабліваў вадою. Часта прыходзяць і прылятаюць паласавацца бярозавікам звяры, птушкі, насякомыя. Сок вельмі смачны і карысны, асабліва ўлетку, ці зімою, калі дастанеш яго са склепа.

Безабаронная шматгадовая бяроза сумленна служыць, прыносіць усім карысць. Дрэва, якое з’яўляецца сімвалам чысціні і свята, застаецца загадкай. Як і жанчына…

Мяне заўсёды бярэзнік найбольш прыцягвае вясной, калі дрэвы толькі пачынаюць распускацца, цвісці, развівацца. І позняй восенню, калі бярозавы гай увесь стаіць у пазалоце. Гэты гай заўсёды у маім сэрцы — адкуль бы і калі я ні ехаў ці ішоў, абавязкова зазірну да яго…

Міхась Масюк

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Taugenboat
Taugenboat
22 апреля 2013 15:25

На до же «-симвал рытуальнай чысцини».

Sparrow
Sparrow
22 апреля 2013 15:28

Цiкава-цiкава.