Томік «Вялікага Горца» за верш Янкі Купалы

3

Такое не забываецца гадамі, бо запала ў памяць у дзіцячым узросце, калі яркіх падзей у жыцці вясковага хлапчука было ня-шмат. Зімой 1938 года калектыў мастацкай самадзейнасці Мялешкаўскай сямігодкі, дзе я тады быў у чацвёртым класе і ўдзельнічаў у ім, запрасілі на канцэрт у Слуцкі дом афіцэраў з нагоды дня Чырвонай Арміі - 23 лютага. Даехалі мы туды на калгасным грузавіку ЗІС-5. Марозіла, сустрэчны вецер дапякаў у твар, але ехалі ў чаканні радаснага свята, сустрэчы з вяскоўцамі.

У халоднай зале было чалавек сто, некаторыя ў шапках-«будзёнаўках» з вострымі пупамі па версе. Дзяўчаткі нашы станчылі «Лявоніху», а мне кіраўнік гуртка параіў прачытаць верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», надрукаваны ў школьнай чытанцы. Памятаю, я з нейкім узнёслым запалам стаў чытаць:

Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты мяне за сабой…

Реклама

Ужо не памятаю далейшых радкоў, але ў вершы хлопчык выказваў сваё жаданне стаць лётчыкам. У мяне з’явілася яно ў 1937 годзе, калі летам на палявым аэрадроме паблізу вёскі Набушава, што ў чатырох кіламетрах ад Мялешак, прызямлілася прыкладна 12 новых знішчальнікаў І-16, аднакрылых, з нядоўгім фюзеляжам, на бартах якога ззялі чырвоныя зоркі.
Самалёты пры ўзлёце часта праляталі нізка над школай. На перапынку хлопчыкі выбягалі ў двор глядзець, як падчас самалёты круцілі высока ў небе «бочку» або «мёртвую пятлю» — і сэрца маё млела ад захаплення. Тады ў мяне і нарадзілася любоў да авіяцыі. Яе пранёс я праз усё жыццё.

А тады ў Слуцку пасля канцэрта нейкая жанчына паднесла кожнаму з яго ўдзельнікаў па кульку цукерак, а мне — кніжку ў шэрых вокладках «Вопросы ленинизма. Иосиф Сталин». Я адчуў расчараванне ад такога падарунка: у школьнай бібліятэцы я ўжо браў дамоў такія кнігі, як «Рабінзона Круза», «80 тысяч лье пад вадой», «Спартак», «Палескія рабінзоны». А тут — незразумелыя хлапчуку старонкі пра калектывізацыю, кулакоў.

Тая кніжка «Вялікага Горца» (так клікалі Сталіна ў Грузіі) праляжала на нейкім сундучку ажно да вайны. А ў 1942 го-дзе ў нашу вёску завіталі шэсць паліцаяў і сталі канфіскоўваць купленыя ў 1940 годзе вяскоўцамі ў Мінску веласіпеды гродзенскага завода. Па спісе, які перадаў ім сельскі стараста. Забралі і наш — мае малодшыя тры браты аж заплакалі. Паліцай звярнуў увагу на кніжку і груба спытаў у мамы: «Хто тут вывучае творы Сталіна, назавіце яго мне!». Маці паведала пра мой падарунак пасля выступлення на канцэрце ў Слуцку. «Убраць на сметніцу, а лепей — спаліць у печы». І павёў на вуліцу веласіпед.
Я па парадзе маці аднёс тую кніжку майму дзядулі, а ён пусціў яе старонкі на тытунёвыя самакруткі.

Міхаіл Тычына

У памяць пра калегу

Чытаючы ўспаміны нашага земляка Міхася Адамавіча Тычыны, патрыярха слуцкай журналістыкі, як мы яго называлі ў рэдакцыі «Кур'ера», адчуваеш, што быццам атрымаў нечаканы падарунак.
Міхась Тычына пражыў доўгае, цікавае, насычанае самымі рознымі падзеямі жыццё. Год таму яго не стала.

Дагэтуль не верыцца, што лесвіца ў рэдакцыі больш не пачуе ягоныя крокі і ён не з’явіцца на парозе, як заўсёды натхнёны, з усмешкай на твары. Можа, менавіта любоў да людзей, дзіцячая цікавасць да жыцця і жаданне змяніць да лепшага гэты свет дапамаглі яму захаваць душэўную маладосць да апошняга дня.

Размаўляць па-беларуску для яго было так натуральна, як дыхаць. Ён верыў у тое, што мы будзем жыць у іншай Беларусі, у якой за родную мову не трэба будзе змагацца. У той Беларусі, пабудаванай на дэмакратычных каштоўнасцях, дзе свабода слова, свабода перакананняў не мёртвыя паняцці, а правілы жыцця. Дзеля гэтага ён жыў і пісаў.

Міхась Адамавіч Тычына

3 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Петр Степанович г. Слуцк
Петр Степанович г. Слуцк
10 апреля 2013 18:08

Благодарью Курьер, за память о человеке, который всю жизнь посвятил журналистике в государственных газетах, а на похронах ни кто не…

Борис
Борис
10 апреля 2013 21:16

Очень приветливый был всегда с усмешкой справедливый рассудительный вечная ему память

Аналитик
Аналитик
18 апреля 2013 13:31

Не знал что помер. По сути он был как Достанко только не современный. Помню в «Шлях Ильича"были его заметки"Пишуць людзи абявы».Из одной даже отрывок помню:"ноччу пачуу:"Люблю тебя Надя!!".Выглянуу у акно паглядзець што гэта за Рамэа крычыць, але никога не убачыу акрамя старай дварняги, што спала пад плотам"".Сейчас так уже не пишут.