Паляванне на футравыя шапкі

1

Зіма. Людзі бядуюць, што затрымалася яна ў гэтым годзе. Старэйшае пакаленне памятае і больш сур’ёзныя зімы. Мароз за 30 градусаў, снегу па стрэхі. Народная мудрасць кажа: «Да Міколы не было ні зімы, ні лета ніколі».Так што прыйдзе яшчэ і вясна. У красавіку дружна пацякуць раўчукі. Адкрыюцца, ачуняюць ад зімовай спячкі рэкі ды разальюцца палаводдзем. А пакуль што зіма не ўступае сваіх правоў і нясе нам шмат усякіх кур’ёзных здарэнняў.

Жыў у адным месцы на палясоўшчы-не дзед Міхей. Было яму ўжо за восемдзесят. Спакон вякоў колькі ён сябе памятае, мужчыны яго роду неслі сваю службу ў лесе. І бацька, і дзед служылі яшчэ пры панах. За гады, праведзеныя ў лесе, Міхей парадніўся з ім. Кожная трапінка была вядома яму з самага дзяцінства. Амаль што кожнае дрэва ведаў «у твар».

Звяр’я на Міхасёвых дзялянках было шмат: ласі, зайцы, лісы, ваўкі, кабаны, нават аднекуль прыходзілі зубры. На лясной рэчцы, у забалочаных мясцінах, было шмат бабровых хатак. І вось у пачатку 80-х пайшла мода на футравыя шапкі.

Реклама

Начальства з раёна, а то і са сталіцы пачало наведвацца ў дзедавы падзелы. На розныя хітрыкі ішоў стары егер-палясоўшчык. То завядзе ў які гушчар, то на пустое балота гэтых няпрошаных паляўнічых, а тыя, збіўшы ногі, ні з чым вярталіся з лесу.
Але калі па ўсіх правілах і законах былі аформлены дакументы на адстрэл дзічы, то паляўнічыя вярталіся з добрай дабычай.

І вось аднойчы дзед прыдумаў для гора-паляўнічых іспыт. Калі бачыў на іх шапкі з дарагіх футраў, казаў: «Вось калі пацэліце ў свае шапкі з дваццаці крокаў, то завяду вас на файнае паляванне». Канешне, яны не адчувалі Міхіевых прыколаў, і з дарагіх шапак толькі пер’е ляцела.

Тады дзед заводзіў іх туды, дзе дзічы было няшмат, а госці, забіўшы двух-трох зайцоў ці хворага дзіка, радаваліся ды хвалілі Міхея. Дзед толькі ўсміхаўся ў бараду ды казаў ім: «Гэта вам на новыя шапкі». Прастрэленыя шапкі збіраў і вешаў на плоце каля хаты як трафеі. Па гэтай прыкмеце лёгка можна было знайсці Міхееву хату.

Былі і другія «шапачныя» жарты, нават крымінальныя. Шапкі ў той час з чаго толькі не шылі. Ішло футра з сабак, коз, з лісы, але самымі шыкоўнымі і дарагімі былі шапкі з андатры, бабра ды нутрыі. Дык вось што здарылася з былым суддзёй Старадарожскага ГРАУС.

Па сваіх справах знаходзіўся ён у сталіцы. Скончыўшы ўсе справы, сядзеў суддзя ў зале чакання, чытаў газету. Мабыць ад выпітага піва ці ад ежы са сталоўкі забурчэла ў яго жываце. Пабег наш суддзя ў «адно месца» ды і засеў надоўга, праклінаючы харчгандаль.

Раптам перад ім адчыняюцца дзверкі і стаіць малады хлопец. «Зачыні! Не бачыш — занята». — «Дзядзька, шапка табе трэба?» — запытаў хлопец. «Не, не трэба, зачыняй». Тады хлопец здымае з суддзі шапку і зачыняе дзверцы.

«Гвалт! Абрабавалі!» — заверашчаў суддзя, а ўсхапіцца не змог: куды пабяжыш, калі парткі спушчаныя. Так бедалага і паехаў у свае Старыя Дарогі з «босай» галавой.

Пасля гэтага здарэння, калі хто пападаўся ў суд за крадзёж шапкі, суддзя П. адлічваў таму на ўсю кацёлку. Вось такія бывалі прыколы з футравымі шапкамі.

Мікола Корань

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Борис
Борис
8 апреля 2013 14:33

ИНТЕРЕСНО