Гаспадыня Кіска

1

Больш за месяц Пятрок не наведваў свой летнік на вёсцы, бо з наступленнем зімы прыхварэў, і дактары паклалі ў бальніцу.
На летніку засталася кошка Кіска за гаспадыню. Адкуль яна прыбілася, ніхто не ведае. Але тады жыў у дзеда з бабуляй шасцігадовы ўнук, якому спадабалася ліслівая кошка. Ён і мянушку даў ёй. Калі садзіліся да стала, Кіска заўсёды тут. Ласчылася, пакуль хто-небудзь не кідаў кусочак смакаты.

Кіска вельмі любіла з унукам хадзіць на рыбалку. Дзед вучыў малога лавіць рыбу кашалём, у які звычайна восенню збіраюць бульбу. Прыставіць кашэль да берага, патопча нагой — падымай. Калі рыбкі былі маленькімі, іх атрымлівала Кіска. Вялі-кую рыбу салілі і вешалі сушыцца ў гаражы. За лета кошка адкармілася, шэрстка стала бліскучай.

Няўзгоды прыйшлі з пачаткам зімы. Нечакана ўнука забралі бацькі ў вялікі горад. Дзед з’ехаў з летніку. Бывала, што ён ад’язджаў раней. Усякі раз Кіска праводзіла яго аўтамабіль і чакала, калі дзед вернецца. Але на гэты раз дзед не вяртаўся.

Реклама

Наступалі халодныя дні і ночы, трэба было шукаць цяпло. Яшчэ больш мучыў голад. Бедалага пайшла па вуліцы ў канец вёскі. Але жанчына з крайняй хаты, убачыўшы Кіску, шпурнула ў яе палку. Давялося вяртацца на стаўшае сваім падвор’е.
Яна абышла вакол дома. З гаража чуўся пах вялянай рыбы. Аббегла гараж, выглядаючы, як можна трапіць туды. Вось зверху на вуглу ёсць шчыліна. Калі падняцца па дрэву, пасля па галіне, то можна паспрабаваць праціснуцца ў гэтую шчыліну.

Кіска напружылася і, калі галіна хіснулася ўверх, прыгнула. Гэта быў не звычайны прыжок, а палёт, у які Кіска ўклала ўсё сваё майстэрства і сілу: пярэднія лапкі выцягнула ўперад, вушкі прыціснула да галавы і паляцела. Вострыя кіпцікі зачапіліся за драўляную бэльку, і Кіска праціснулася ў шчыліну.

Ад смачнага паху закружылася галава. З добры дзясятак нізак розных памераў рыбін былі падвешаны над сталом на тонкай жэрдачцы.

Пятрок хваляваўся за Кіску, асабліва ў марозныя дні. Папрасіць, каб хто пакар-міў, — не паспеў. Таму, вярнуўшыся з бальніцы дадому, у першы дзень паехаў праведаць лецішча. Старой казаў, што бульбы, гуркоў у слоіках, капусты ды іншага прывязе. Ён не хацеў прызнавацца, што цягнула яго на лецішча хваляванне за Кіску. Прызнайся, і жонка не адпусціць, будзе гаварыць, што сваё здароўе даражэй, а Кіску чорт не возьме.

З добрым куском лівер-най каўбасы ён прыехаў на лецішча. Не дакапаў снег да дзвярэй хаты, як з-за вугла гаража з’явілася Кіска. Яна была схуднеўшая, цёрлася аб ногі, задзірала галаву ўверх, заглядаючы ў вочы, і жалобна мяўкала. Пятрок разумеў, што Кіска гаварыла яму: «Навошта адну аставіў?» І на душы было кепска. «Хадзем у хату, я прывёз табе смачнага», — сказаў ён.

Першыя два кусочкі Кіска прагна з’ела, а потым падняла галаву да гаспадара і нешта зноў замяўкала. «Еш, еш», — супакойваў яе Пятрок, але Кіска ўзяла ў зубы кусочак і шмыгнула вон з сенцаў. Яна пабегла за вугал гаража.

Дзед узяў ключ ад гаража, расчыніў дзверы і ўбачыў, як шэры камячок спрытна схаваўся ў картонную каробку з пад камп’ютара. Кіска цёрлася аб ногі Пятра і аб нечым мяўкала. У каробцы двое малых кацянят стараліся падзяліць кусочак лівернай каўбасы.

Стары Пятрок узяў на рукі Кіску і пачаў гладзіць. «Маладзец, дваіх адна выгадавала. Цяпер жыць будзем, — гаварыў ён. — Вясна скора, з голаду не памром». І адпусціў Кіску на дол. Тая шмыгнула ў каробку.

Дамоў вяртаўся Пятрок з добрым настроем. У яго з’явілася гаспадарка, пра якую трэба клапаціцца. І гэтую цікавасць да жыцця яму дала Кіска.

Уладзімір Дамель

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Sparrow
Sparrow
16 марта 2013 11:46

Респект.