Дабром на дабро

1

У маім недалёкім дзяцінстве зімы былі вельмі халодныя і снежныя. Ад марозу нават бярвенні ў хатах патрэсківалі, а снегу выпадала амаль што па самую страху. Бывала так замяце, што гаспадару прыходзілася, адчыніўшы сенцы, прабірацца з рыдлёўкай праз гурбу снегу да вуліцы, дзе ўжо з ранку трактар-гусянічнік прабіваў тунэль у снезе.
На двары стаялі першыя дні сакавіка 1961 года. Вясна днём успупала ў свае правы, але бліжэй да вечара мачыха-зіма імкнулася зрабіць сваю ледзяную справу.
Усю ноч, а гэта было якраз перед жаночым святам, 5 ці 6 сакавіка, мяла завіруха. Пад раніцу яна сціхла, але прыціснуў мароз. Пачало світаць. Мая бабуля Настуся завіхалася каля печы, бразгаючы заслонай, ставіла чыгуны з бульбай, смажыла сала для сачанкі.

Раптам пачуўся стук у акно, размалёванае Дзедам Марозам зімовымі кветкамі. «Каго там нясе ў такое надвор’е, — прабурчала бабка і пайшла адчыняць дзверы. — Божачкі, дзіцятка, ты ж зусім заледзянела, давай хутчэй заходзь».

У хату ўварвалася зіма ў выглядзе клуба бялёсай пары. Прабегла па падлозе і, недабегшы да процілеглай сцяны, знікла. Каля печы стаяла зусім маладая дзяўчына. Яна працягвала заледзянелыя рукі да агню, які весела патрэскваў і лізаў дровы ў пячы. Бабуля, зачыніўшы дзверы ў сенцах і хаце, пачала выгаворваць маладой жанчыне: «Што ж ты, мілая, так лёгка апранулася ды ў адным капрончыку, зіма ж яшчэ не адпусціла, яшчэ трошкі, дык і адубянела б зусім. Ай-ай-ай, моладзь. Пачакай трошкі, зараз мы цябе апранем».

Реклама

Старая дастала пляшку першака і банку з малінавым варэннем. Прымусіла дзяўчыну скінуць з сябе цыгейкавую шубку і зняць капронавыя панчохі і пачала націраць яе ногі і падэшвы самагонкай, а потым наліла паўстакана і прымусіла выпіць. Дзяўчына паслухмяна выпіла, заеўшы агурком, шматком сала з хлебам. Бабка ахінула дзяўчыну доўгім бацькавым кажухом і напаіла яе гарбатай.

Мы тады жылі з бабуляй удваіх. Бацькі па вярбоўцы паехалі на цаліну. А Валянціна Пятроўна, малады доктар местачковай бальніцы (гэта была яна), крыху ачуняла ад холаду і вельмі дзякавала бабулю за сваё выратаванне.

Яна па сваіх справах была ў горадзе, пераначавала ў сяброўкі, а раніцаю выехала на працу на аўтобусе. З-за снежных заносаў аўтобус не змог прабіцца да вёскі, і прыйшлося ісці пешшу больш за тры кіламетры па замеценай дарозе. А мароз усё крапчэў ды крапчэў, і каб не бабкіна хата, якая стаяла першая, і не яе «лекі», то магла б здарыцца вялікая бяда.

Здарылася так, што праз тры гады, будучы ўжо загадчыцай Амговіцкай бальніцай, Валянціна Пятроўна выратавала ад смерці майго малодшага брата.
Снежнай зімой хуткая дапамога не змагла дабрацца да вёскі, і Валянціна Пятроўна сама зрабіла аперацыю. Нават дала сваю кроў, а група ў абодвух аказалася рэдкая — чацвертая.

Вось так дабро, калісьці зробленае бабай Насцяй, вярнулася да яе ўнука. Яно не забываецца, а вяртаецца да нас з ліхвою.

Мікола Корань
Слуцк

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Изабелла
Изабелла
5 марта 2013 15:41

Хороший рассказ хотя ничего особенного в том чтобы впустить погреться человека я не вижу. Особенно в деревне. Когда-то к любому можно было зайти. Чаем бы точно напоили… Или в том что врач спас жизнь больного. На то он и врач.