Да свайго юбілею Салігорск атрымае некалькі значных аб’ектаў

0

Да свайго 55-годдзя Салігорск атрымае некалькі новых сацыяльна значных аб’ектаў. Аб іх карэспандэнту «ІК» расказала Алена Ярашэвіч, галоўны архітэктар раёна.«На першым месцы ў планах адміністрацыі раёна забудова 18-га мікрараёна, — адзначыла суразмоўніца. — Да пачатку навучальнага года тут з’явяцца школа на 720 месцаў і дзіцячы садок на 230 месцаў. Шпарка ўзводзяцца шматкватэрныя дамы.
У мікрараёне таксама будзе пабудаваны магазін па праекту ўжо існуючага тарговага аб’екта «Гурман». Фінансаваць будаўніцтва будзе тарговы дом «Радуга-Свет».

Па словах галоўнага архітэктара, у гэтым годзе скончаць будаўніцтва сацыяльных дамоў: адзін па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў і два па вуліцы Будаўнікоў.
Будзе скончана рэканструкцыя вуліцы Кастрычніцкай. А вось пытанне аб падземным пераходзе праз яе ў раёне кірмаша «Кастрычніцкі» да канца так і не вырашана.
Кіраўніцтва райвыканкама мае намеры правесці ў гэтым годзе рэканструкцыю вуліцы Наберажнай ад вуліцы Казлова да вуліцы Леніна: расшырыць праезную частку, выкласці тратуары пліткай, уладкаваць месцы стаянак аўто, размясціць лавачкі для адпачынку. Праект зараз праходзіць экспертызу.

Реклама

АКЦЭНТ. Па словах Алены Ярашэвіч, галоўнага архітэктара Салігорскага раёна, асноўныя работы будуць весціся ў 18-ым мікрараёне.

Для поўнай рэканструкцыі гэтай часткі горада заказаны другі праект «План дэталёвай планіроўкі зялёнай зоны ўздоўж вуліцы Наберажная». У ім будуць вызначаны зоны ціхага адпачынку, зоны атракцыёнаў, месца пляжа для дарослых. Гэтым планам будзе вырашаны лёс амфітэатра.

Салігорск атрымае ў гэтым годзе некалькі новых буйных універсальных магазінаў. Да свята горада пабудуюць магазін «Віталюр», што на ўездзе са стараны Радкава. Яшчэ плануецца пабудова ўніверсальнага магазіна «Карона» на пляцоўцы паміж вуліцамі Заслонава, Чыгуначнай і Леніна ў бок праваслаўнага храма. Гэтыя новабудоўлі будуць узводзіцца за кошт інвестыцый. З’явяцца і другія, меньш значныя, аб’екты.
«Для ажыццяўлення вышэйзгаданых планаў патрэбна напаўненне гарадскога бюджэту, напружаная праца прамысловых прадпрыемстваў. Будзем спадзявацца на гэта», — адзначыла на заканчэнне размовы Алена Ярашэвіч.

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии