Цуды з ляснога гушчару

0

«Лясная казка» — так называецца новая выстава, якая нядаўна адкрылася ў музеі традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў - філіяле Любанскага дзяржаўнага музея Народнай славы. На гэтай выставе прадстаўлены цікавыя работы аднаго з мясцовых майстроў - жыхара вёскі Малыя Гарадзяцічы Анатоля Вішнеўскага.

Анатоль Васільевіч займаецца так званай лясной скульптурай — тым асобым відам творчасці, дзе ў стварэнні любой работы два аўтары — чалавек і прырода. Тут задача майстра не ў тым, каб самому прыдумаць нейкі вобраз, а заўважыць і раскрыць вобраз, схаваны ў галінцы дрэва або корчыку.

З такой задачай Анатоль Вішнеўскі спраўляецца адмыслова. Дарэчы, ён тут, у Малых Гарадзяцічах і нарадзіўся. У розныя гады працаваў у мясцовай гаспадарцы, у сельскім Доме культуры, у вясковай школе, дзе выкладаў выяўленчае мастацтва і чарчэнне.

Реклама

Адну са сваіх драўляных скульптур, мастак Анатоль Вішнеўскі назваў балотнікам.

Лясной скульптурай ён «захварэў» у юнацтве. Ва ўмелых руках Анатоля Вішнеўскага розныя звілістыя сучкі, мудрагелістыя карчажыны станавіліся фігуркамі птушак, звяроў, людзей, нейкіх казачных персанажаў.
«У аснове кожнай лясной скульптуры ляжыць бясконцая шматлікасць прыродных форм, ча-роўная пластыка дрэва, — гаворыць Анатоль Вішнеўскі. — Бывае, што і надта старацца не трэба, каб убачаны мной вобраз быў зразумелы іншым. Гэта ўжо і так зразумела».

Вось з нарастаў на ствале старой бярозы выглядвае Лесавік — лясны дух, якога некалі вельмі баяліся і якому пакланяліся нашы продкі. А вось акруглы вузлаваты корань сасны абярнуўся страшным балотным духам Багнікам: такі не даруе, не злітасцівіцца — заманіць у гэткую дрыгву, што і не выбрацца…
«Бывае, трапіцца які сучок ці галіна і адразу ж асяніць, на якую істоту знаходка падобная, — усміхаецца Анатоль Васільевіч. — А бывае інакш: прынясеш дадому які цікавы корчык, а ён доўга не жадае сябе раскрываць. Тыдзень-два, а то і больш спатрэбіцца, пакуль зразумееш, які вобраз жыве ўнутры драўніны».
Сярод работ Анатоля Вішнеўскага, прад-стаўленых на выставе, значную частку складаюць дэкаратыўныя скульптуры і кампазіцыі. Кожны твор мае свой характар, свой настрой.

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии