Знайшла прытулак у казённым доме

1

Седзячы ў цёплай кватэры, цяжка было паверыць, што ёсць людзі, якім няма дзе прытуліцца. Чутка, што 84-гадовую Любоў Іванаўну Ермаковіч, жыхарку вёскі Мазалі Салігорскага раёна, з бальніцы забралі супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Дом часовага пражывання ў вёсцы Карысць, павяла мяне ў дарогу.

Сваю назву гэта вёска апраўдвала калісьці моцнымі гаспадаркамі: абшалёваныя хаты, сядзібы абгароджаныя, што ні двор — адзін ці два гаражы. Але і яна сёння дачны пасёлачак, дзе жывуць некалькі пенсіянераў. Пасярод вуліцы маленькая хацінка з шыльдачкай «Дом часовага пражывання». Цяпер тут жыве Любоў Іванаўна.

«Пра мяне няма чаго цікавага пісаць», — і нічога асаблівага пра сябе не расказала.

Але кароткую гісторыю яе лёсу я ўжо ведаў ад супрацоўніцы сацыяльнага цэнтра Веранікі Круковіч: «У Любові Іванаўны ёсць дзве дачкі і дваццацігадовы ўнук. Адна дачка знаходзіцца ў вязніцы, другая жыве ў Слуцку. Унук жыў з бабаю, дапамагала яе пенсія.

У хаце зімою жыць немагчыма, таму супра-цоўнікі мясцовага сель-выканкама папрасілі забраць пенсіянерку з бальніцы ў службу сацыяльнага забеспячэння». Вось такая гісторыя.

На новым месцы жыхарства яе цёпла сустрэлі вясковыя жанчыны. Яны прыносяць ежу, дапамагаюць распаліць грубку.

Штодня прыходзіць Зоя Кухтава, супрацоўніца па абслугоўванню няздольных, купляе за свае грошы што-небудзь з ежы, бо ўсю сваю пенсію Любоў Іванаўна аддала ўнуку.

«Тут буду жыць нядоўга, — кажа яна. — Я хачу жыць у такім інтэрнаце, дзе б усё было бясплатна».

Уладзімір Амяльчэня