Той самы Слаўка

0

Апошні дзень адыходзячага ў гісторыю года былога настаўніка Андрэя Пятровіча выдаўся ўвесь у клопатах. Зранку прынесеныя галінкі трэба было сабраць у маленькую елачку, а яшчэ зрабіць электрычную гірлянду. Купляць гатовыя ўпрыгожванні было не ў яго гусце. Сам інжынер па адукацыі, не адно дзесяцігоддзе вучыў дзяцей тэхнічнай мудрасці. Ды і бюджэт у пенсіянера не гумавы.
Увесь дзень праходзіў у клопатах, каб сустрэць шасцігадовую праўнучку сапраўднай елкай, што будзе ззяць шматкаляровай вясёлкай. Калі ўсё задуманае атрымалася, раздаўся званок. Да прыходу гасцей было яшчэ ранавата. Адчыняць дзверы ішоў з думкаю: «Хто ж гэта?»

Стаяў на парозе двухмятровы Дзед Мароз. Пад яго адзеннем хавалася постаць дужага маладога мужчыны. Побач з ім Снягурачка і хлопчык гадоў шасці. У руках малы трымаў каробку, перавязаную сінім банцікам. Гэта былі не тыя госці, якіх чакаў Андрэй Пятровіч. Таму ён сказаў, што Дзед Мароз памыліўся адрасам. «Дзед Мароз не памыляецца, — пачуў у адказ. — Віншуем вас, Андрэй Пятровіч, з Новым годам, жадаем здароўя».

Голас знаёмы. Андрэй Пятровіч заплюшчыў вочы і стараўся ўспамінаць сваіх былых навучэнцаў. Ён помніў многіх не толькі па прозвішчу, па абліччу, але і па голасу. Асабліва тых, хто нечым добрым ці не зусім вызначыўся за час навучання.
«Во, здаецца Слаўка Кіпень». — «Не, Слаўка, гэта ён, — Дзед Мароз паказаў на малога хлапчука. — А я Вячаслаў Аркадзьевіч, інжынер па новай тэхніцы». Дзед Мароз зняў сваю бараду. Перад былым настаўнікам стаяў Слаўка Кіпень, у той час яшчэ хлапчук не надта моцнага здароўя. Яго голас і вобраз запомніліся Андрэю Пятровічу на ўсё жыццё. Такія вучні не забываюцца.

Реклама

Андрэй Пятровіч пераступіў насустрач парог, моцна абняў і пацалаваў Слаўку. «Заходьце, я вельмі рады, што не забыліся пра мяне», — запрашаў ён. «Не, мы мімаходзь, сына вядзем на елку, а да вас зайшоў, каб яшчэ раз прасіць прабачэння, — казаў Слаўка. — Сын у наступным годзе пойдзе ў школу…»
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але дагаварваць не стаў.

«Прыміце ад нас нава-годні падарунак. Сынок, падары гэта дзеду, — і малы Слаўка працягнуў Андрэю Пятровічу каробку з сінім банцікам. — Гэта сапраўдны французскі каньяк Martell, перад Новым годам прывёз з Еўропы. Ездзіў знаёміцца з новай тэхнікай».

«Я даўно назаляла яму: схадзі, павінуйся і падзякуй. Во які сынок расце! — Снягурачка прытуліла сыночка да сябе. — Мы пойдзем на гарадскую елку. А вас яшчэ раз з Новым годам». «Дзякуй вам за той пацалунак, ніколі не забуду», — сказаў на развітанне Слава. «Што ўспамінаць, было і сплыло. Жыць трэба будучым», — адказаў Андрэй Пятровіч.

Ліфт даўно зачы-ніўся за нечаканымі гасцямі, а Андрэй Пятровіч усе стаяў і ўспамінаў тую гісторыю.

У адзін год ён набраў новых навучэнцаў з разлікам на будучыя чатыры навучальныя гады. Ён знаёміў іх з асновамі электратэхнікі, вадзіў на прадпрыемствы горада, заахвочваў дзяцей да тэхнічнай прафесіі. Таму гурток яго заўсёды быў адным з лепшых у Гарадскім цэнтры тэхнічнай твор-часці.

Сярод набраных быў худзенькі Слаўка, які стаяў на ўліку ў міліцыі. Але пра гэта скора ўсё забылася. Сярод навучэнцаў хлопчык выдзяляўся кем-лівасцю, добрай памяцю, хоць у школе не значыўся паспяховым вучнем. У той год Андрэй Пятровіч перад Новым годам прыйшоў на заняткі з грашыма ў партфелі. Грошы ніколі не хаваў і не думаў, што іх нехта з дзяцей забярэ.

Вярнуўшыся дамоў позна вечарам, ён грошай у партфелі не знайшоў. Хутка каля дзвярэй яго кватэры сабраліся ўсе гурткоўцы, толькі не было Слаўка. Яго дзеці знайшлі ў міліцыі. Туды яго прывёў дзяжурны патруль, бо Слаўка накупляў мноства петардаў і стаў запускаць іх. Тут яго і забрала міліцыя.

На наступныя заняткі яго прывялі аднагурткоўцы. Слаўка стаяў, уціснуўшы галаву ў плечы, чакаў нечага страшнага ад Андрэя Пятровіча. Але той прышоў, павітаўся з усімі, а Слаўку абняў, пацалаваў. «Спадзяюся, гэтага больш не будзе», — толькі сказаў. І ўсе заўважылі, як Андрэй Пятровіч выцер слёзы.

Пасля гэтага Слаўка стаў у Андрэя Пятровіча падручным, выдаваў і вёў улік расходных матэрыялаў, адкрываў і закрываў сейф, у якім хаваліся вельмі каштоўныя дэталі. «Ці даўно гэта было?» — сам сябе пытаў Андрэй Пятровіч. «Даўно. Слаўка інстытут пасля школы скончыў, ды вунь які сын ужо, — сам сабе адказаў. — Маладзец, памятае!» З гэтымі добрымі думкамі вярнуўся ў кватэру.

Уладзімір Амяльчэня
Салігорск

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии