Адзін дзень з Анатолем Белым

2

З Анатолем Яўхімавічам Белым я пазнаёміўся ў 2003 годзе, калі з сябрам прыехаў у яго прыватны мастацкі музей, што ў Старых Дарогах. З таго часу мы часта сустракаліся. І кожная сустрэча ставіла перада мной пытанне: адкуль у гэтага чалавека такая любоў да Радзімы, яе гісторыі і людзей, такое прагнае імкненне да творчасці?

Адказ на яго я нечакана атрымаў цёплым летнім днём 2006 года. Анатоль Яўхімавіч зранку патэлефанаваў і запрасіў прыехаць да яго ў Старыя Дарогі. Доўга не думаючы, паехаў на сваёй машыне.
Застаў яго за працай у музеі. Ён вельмі ўважліва штосьці разглядваў і рабіў запісы ў свой сшытак. Паставіўшы кропку, Анатоль Яўхімавіч працягнуў руку і прапанаваў гарбату. За сталом дамовіліся пасля абеду паехаць у Слуцк, а цяпер у Глушу, на магілу знакамітага пісьменніка — Алеся Адамовіча.

Партрэт старшыні клуба «Спадчына» Анатоля Белага.

Реклама

Ваяж у Глушу

Па дарозе Белы гаварыў пра Адамовіча і яго творчасць з захапленнем і вялікай павагай. Я ж паведаміў яму, што ў 2005 годзе на імя кіраўніка Міншчыны Мікалая Дамашкевіча за подпісамі Уладзіміра Гілепа, старшыні Беларускага фонду культуры, Алеся Пашкевіча, старшыні Беларускіх пісьменнікаў, і маёй ад Беларускага саюза прадпрынімальнікаў быў дасланы ліст з просьбай даць дазвол на ўсталяванне ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна, дзе нарадзіўся Алесь Адамовіч, валуна з яго барэльефам. Там жа прапаноўвалася разгледзець пытанне аб перайменаванні Грозаўскай сярэдняй школы-інтэрната, якая знаходіцца ў 250 метрах ад месца яго нараджэння, у Канюхоўскую імя А. Адамовіча. Доўга Капыльскія ўлады не давалі ніякага адказу. А праз нейкі час знайшлі памылкі ў звароце, нягледзячы на тое, што з нашага боку прадпрымаліся ўсе матэрыяльныя і фінансавыя расходы, а да іх у Копыль прыязджала дачка паэта — Наталля Адамовіч. Анатоль Яўхімавіч пасумаваў і распавёў пра яго шматлікія і доўгія размовы з уладамі па ўвекавечанню памяці знакамітых беларусаў у розных кутках Бацькаўшчыны, якія ў асноўным скончваліся аднолькава…
У Глушы агледзелі фельчарскі пункт, у якім да вайны жыла сям’я Адамовічаў, іх пасляваенную хаціну. На жаль, нікога з радні пісьменніка ў гэты час не было.
Помнік Алесю Адамовічу на вясковых могілках адрозніваўся ад іншых вялікім валуном з кароткім надпісам. Анатоль Яўхімавіч заўважыў, што не так стаіць камень і надпіс вельмі неглыбокі. Думалі, як заўседы: потым дамовімся, потым зробім… Але, забягаючы наперад, адзначу, што лёс распарадзіўся па-свойму. Анатоль Яўхімавіч захварэў, а мяне па надуманым сцэнарыю надоўга ўпакавалі на зону…
Вяртаючыся ў Старыя Дарогі, мы зрабілі маленькі прыпынак на рэчцы Арэса. Анатоль Яўхімавіч успамінаў далёкія пасляваенныя гады, жыццё сваіх землякоў і захапляўся прыгажосцю гэтага кутка роднай Беларусі.

Слуцкія размовы

Каля хаты ў Старых Дарогах нас сустрэла заўсёды ветлівая, уважлівая жонка Белага — Ала Мікалаеўна. Зборы ў Слуцк аказаліся нядоўгімі: невялікая торба і падарункі, а маленькі ўнучок — сын дачкі Святланы, якая жыла за мяжой, — быў даўно гатовы да паездкі. Дарога праляцела хутка. Гаварылі пра Максіма Багдановіча, якому Белы ў старажытным Яраслаўлі (Расія) усталяваў помнік і ўвекавечыў нашага знакамітага земляка. Потым спадар Анатоль запытаў, як ідзе справа па ўшанаванню памяці слуцкіх ткачоў. Ён быў вельмі рады, што валун з Капыльшчыны ўжо прывезены ў Слуцк, бронзавая дошка з выявай і надпісам закуплена, знойдзен майстар, які гатоў яе ўсталяваць у тым месцы, дзе пакажуць улады. Падчас размовы твар Анатоля Яўхімавіча пасумнеў. Асабліва тады, калі ён даведаўся, што і вершы паэта ўладам не па густу, і месцы для ўстаноўкі памятнага знака яны прапаноўваюць экзатычныя: у парку, дзе раней стаяў помнік Сталіну, на месцы старога помніка маршалу Жукаву. А за пляцоўку ў пачатку вуліцы Камсамольская (былая Сенатарская) сувязісты просяць звыш пяці тысяч долараў для пераносу іх размеркавальнай скрынкі…
У горадзе сустрэліся з мясцовай інтэлігенцыяй і паглядзелі сваімі вачыма на гэтыя пляцоўкі. Анатоль Яўхімавіч прапанаваў пашукаць што-небудзь іншае.
Падчас прагулкі па горадзе ён прыпыніўся непадалёку ад фабрыкі мастацкіх вырабаў і папрасіў пафатаграфавацца. Гэта месца вельмі спадабалася яму. «Вось тут случчане і павінны ўшанаваць памяць Максіма Багдановіча, слуцкіх ткачоў. Лепшага кутка ў Слуцку мы не зной-дзем», — адзначыў ён. Сказаў як у ваду глядзеў: сёння менавіта тут уладкоўваецца сквер з помнікам слуцкім ткачам.
Доўга гаварылі пра слуцкую мінуўшчыну. Прыйшлі да высновы, што ў сценах гімназіі добра было б зрабіць пантэон, прысвечаны яе знакамітым навучэнцам. Хоць бы адно імя ў год ушаноўваць. Крыху пазней мы гэта прапанавалі, але зноў нас не зразумелі…

Просты адказ

За абедзенным сталом размова пра Беларусь, пра яе сыноў і дачок, пра імкліва бягучы жыццёвы час, непрабіўную сцяну непаразумення… Неўзабаве прабег час, і мы заспяшаліся на вячэру да самага блізкага і даўняга сябра сям'і Анатоля Белага — Яніны Аляксандраўны Мурашка. За сталом цікавыя ўспаміны, апа-вяданні, аналітыка, прагнозы, планы на будычыню, падвядзенні вынікаў малых і вялікіх перамог…
Мы ехалі ў Старыя Дарогі позна ноччу. Спадар Анатоль усё гаварыў і гаварыў пра нашу Бацькаўшчыну, пра яе няпростыя гістарычныя і сучасныя лабірынты. Потым ён на хвіліну прыпыніўся і нечакана даў адказ на маё пытанне, якое я так і не адважыўся задаць яму: «Калі ты беларус, то зрабі нешта карыснае для Беларусі».

Анатоль Самусевіч

Ранее:

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Sparrow
Sparrow
16 декабря 2012 11:44

«Доўга Капыльскія ўлады не давалі ніякага адказу"-во-во! Iм патрэбны толькi той, хто сённяшняга самазванца падтрымвае!

ingenegr
ingenegr
16 декабря 2012 20:27

Слава Богу что есть люди, чтущие прошлое. Вечная Память им, почившим и Долгая Лета им, живущим.