Сон у руку праз гады

2

Наступаў час, калі добрыя людзі кладуцца спаць: паглядзелі навіны свету, тэлевізар выключылі. Я зайшоў у спальны пакой жонкі. Яна разбірала ложак. Заўтра будзе дзень вельмі значны ў нашым жыцці, а цяпер ішла ноч, у якую пяцьдзясят два гады назад я амаль не спаў: вырашаўся лёс — жаніцца ці не жаніцца. Калі наступіў ранак, я заявіў бацькам, што жанюся.
Жонцы гаварыць пра заўтрашні дзень мне не хацелася. Калі ўспомніць — дык добра, а не ўспомніць — заўтра здагадаецца ці незнарокам напомню. Я падышоў, абняў і пацалаваў, пажадаўшы добрай ночы.
«Стаміўся сёння нешта» — сказаў я. «Ідзі адпачывай, спі салодка, хоць ноч важная і доўгая, — адказала жонка, пяшчотна прытуліўшыся да мяне. «Мусіць здагадваецца», — падумаў я. У сваім пакоі разабраў ложак, уключыў над галавой ліхтарчык. Мяне чакала цікавая кніжка. Прачнуўся, як звычайна, яшчэ за акном было цёмна.
Калі сняданак быў прыгатаваны, пачуў голас жонкі: «Ты прыгатаваў мой любімы чай з малаком, пах разбудзіў мяне». Я зайшоў у спальны пакой. «Сядзь каля мяне, я раскажу табе дзіўны сон», — сказала яна. Я засмяяўся, абняў і пацалаваў. «Што за дзіўны сон?" — спытаўся. Яна пачала расказваць.

«Была ноччу ў юнацтве. Гулялі вечарам на скрыжаванні вуліц каля могілак герояў. Раптам быццам з неба нехта сказаў: «Што вы тут бавіцеся, у краме шчасце раздаюць, бяжыце, бо разбяруць.» Прыбеглі, а крама старая, сяльпоўская, дзверы расчыненыя, баімся заходзіць. Першай штурхнулі Ядзю Кулінчыну, пасля Валю Васілёву, а за ёю, як авечкі, усе астатнія гуртам сталі ціснуцца. Мне стала страшна, што буду апошняй і шчасця не хопіць. У дзвярах я адштурхнула Дуню Перапёльчышыну. Ты памятаешь яе? У краме за прылаўкам незнаёмая дзяўчына, а каля прылаўка сустракае нас стары Апанас. Ён чамусьці зморшчаны, маленькі, а з галавы пасмы сівыя звешваюцца. «Каму што падаць?» — пытаецца. «Мне шчасце, і вялікае», — кажа Ядзя. Стары Апанас павяртаецца да дзяўчыны за прылаўкам і кажа: «Падайце вялікае». Дзяўчына падае, а дзед адчыніў скрыначку і дадае: «Толькі гэтае шчасце было ўжо ў адной дзяўчыны, сэрца ёй разбіла і ўцякло». «Дык не мне», — адказала Ядзя.
Стары Апанас гаворыць: «Бяры, але гэтае шчасце без гарантыі». — ‘‘Мне такое, каб багаццем поўніўся дом, каб муж начальнікам быў'', — сказала Валя. ‘‘І такое знойдзем'', — адказвае стары. Расчыняе скрыначку і дадае: ‘‘Некаторыя зайздросціць будуць, а нехта злосна пасылаць. Не баішся — бяры''. І так дзед раздаваў дзяўчынам шчасце, а, ўбачыўшы мяне, спытаў: «Табе якое шчасце, суседка?» Стары Апанас быў нашым суседам, да яго мы часта лазілі па грушы. Такіх смачных больш ні ў кога не было па ўсяму мястэчку. «Мне такога, каб у доме ды ў агародзе было многа кветак», — ціха прамовіла я. — Каб кветкі раслі, працаваць цяжка будзеш, — адказвае дзед. «Не баюся я працы», — адказала я. «Ёсць такое шчасце, толькі яно далёка яшчэ», — расчыніўшы скрыначку, сказаў дзед. — Цярпенне і вера вялікія патрэбны, каб валодаць гэтым шчасцем. Вось тут ёсць бліжэйшае, але нядоўгае, зато лягчэйшае. І без кветак у доме. Выбірай''.

Реклама

Цярплівая я, цяжкай працы не баюся, але кветкі вельмі люблю. Хіба бывае шчасце без кветак? Дзед падаў мне скрыначку, я прыпадняла вечка, а з-пад вечка вясёлка выпрыгнула. І так светла стала, што я прачнулася. А пах смачнага сняданку зусім разбудзіў мяне. Скажы, хіба гэта не шчасце?"
Я здагадаўся, што жонка помніць, які наступіў значны дзень нашага жыцця. Мне нічога не заставалася, як пацалаваць жонку, павіншаваць з новым днём і запрасіць на сняданак.

Уладзімір Дамель, Салігорск

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Петр Степанович. г. Слуцк
Петр Степанович. г. Слуцк
5 декабря 2012 10:15

Это наперно про мою жонку и майго дзеда Апанаса, очень описанные приметы похожи и жонка всю жизнь любит цветы и сегодня пол огорода засживает цветами, прожили мы в мире и согласии и наверно доживем до золотй свадьбы осталось три года. А сон это всегда реальность.

Аналитик
Аналитик
5 декабря 2012 12:20

Пётр, сон это «реальность „подсознания, а“ голова предмет тёмный и исследованию не подлежит».