Без абеда і без рыбы

0

Гэты кастрычніцкі дзянёк выдаўся надзвычай цёплым. Хоць месяц пераваліў за палову, а на вуліцы было цёпла амаль па-летняму.

Адпачнуўшы пасля начной змены, Міхаіл вырашыў троху парыбачыць. Сябры сказалі, што на Лакнейцы добра «бярэ» карп. У Міхаіла там былі свае мясціны. Прыгатаваўшы прыманку, ён узяў вуды, садок, прыхапіў «тармазок»: хлеб, соль, яйкі ды шматок вэнджанага мяса, сеў у машыну і паехаў. Прыбыўшы на месца, Міхаіл паставіў машыну пад разгалістую вярбу, на якой было яшчэ шмат зялёных лісточкаў і дзе-нідзе праз гэтую зеляніну праглядвалі быццам залатою фарбай пафарбаваныя лісточкі, і пад нагамі ляжаў такі ж зялёна-залаты дыван з апаўшага лісця.

Міхаіл дастаў вуды, «прысмакі» для рыбы, садок і пакрочыў да ракі. Не паспеў ён развярнуць другую вуду, як на першай задрыгаў паплавок і пачаў гуляць па рацэ. Мужчына, кінуўшы вуду, падбег да першай, падхапіў і выцягнуў на бераг ладнага карпа. Начапіўшы прыманку, ён закінуў вуды ў раку і стаў чакаць. Раптам пачуў нейкае шабуршанне каля машыны, азірнуўся і ўбачыў, як вялізны рыжы кот матлошыць яго «тармазок» і ласуецца вэнджанінай. «Ах ты, злодзей!» — закрычаў Міхаіл, але было ўжо позна. Кацяра ўхапіў недаедзены кусок мяса і даў дзёру ў бок вёскі. Міхаіл сабраў рэшткі «тармазка» і пакрочыў да ракі, дзе паплаўкі на абедзвюх вудах «скакалі польку». Ён хуценька, па чарзе, выцягнуў дзве рыбіны. Ішоў час, пачало вечарэць. Як ні кажы, а кастрычнік сваё бярэ. На гадзінніку сёмая гадзіна, і на раку паціху насоўваўлася цемень, падымаўся туман, засцілаючы белай коўдраю спачатку скошанае іржышча, затым ахінаючы белай вуаллю дрэвы і кусты.

Реклама

Рыба перастала кляваць, і паплаўкі ціха гойдаліся на вадзе. Туман прыціскаўся ўсё бліжэй і бліжэй да ракі. Стала халадаць. Міхаіл сабраў вуды, укінуў улоў у садок і замацаваў яго рагуляй, апусціў у ваду і пайшоў да аўтамабіля, каб трохі перакусіць тым, што засталося пасля рыжага «бандыта».
Прагрэўшы салон, Міхаіл павячэраў, наліў гарачай кавы з тэрмаса, паслухаў апошнія навіны і ўладкаваўся на начлег.

Прачнуўшыся раніцаю, Міхаіл узяў вуды і рушыў да ракі. Там яго чакала непрыемнасць: садок ляжаў на беразе ра-зарваны, ад рыбы засталося толькі шалупенне — ні галавы, ні хваста. «Няўжо зноў гэты рыжы „бан-дзюга“? Але ж кот заўжды астаўляе галаву, а тут ўсё з’едзена». У кусце нешта зашамацела. Міхаіл замер, не шавяліўся, толькі ўзняў вочы і ўтаропіўся на куст, а адтуль на яго паглядалі два бліскучыя гузікі: вочкі і выцягнутая чорненькая мыска звярка. Міхаіл зрабіў крок — звярок юркнуў за куст і знік.
«Чаму ж так не шанцуе?» — падумаў мужчына і пайшоў разварочваць вуды, але яму падфарціла. Вярнуўся ён дахаты з добрым уловам.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии