Салодкі вінаград Кур’яновіча

4

На сваім прысядзібным участку любанчанін Аляксандр Кур’яновіч вырошчвае шаснаццаць сартоў сталовага вінаграду. Усе яны сёлета адмыслова выспелі і далі цудоўны ўраджай.
Любоў да работы з садовымі раслінамі перадалася Кур’яновічу, бадай, па спадчыне. Яго прадзед даглядаў сад у мясцовага пана і вельмі славіўся сваімі ведамі ды ўмельствам. Вопытным садаводам слыў дзед, які, дарэчы, і навучыў Аляксандра Пятровіча рабіць прышчэпкі на яблыні ды грушы. Някепска ўпраўляўся ў садзе тата.

Аляксандр Кур’яновіч вядомы на Любаншчыне як папулярызатар вінаградарства.

Реклама

Яшчэ дзіцем Кур’яновіч мог па вясне з ранку да вечара корпацца ў агародчыку. Усе казалі: хлопцу з такімі схільнасцямі трэба вучыцца на агранома. Але той вырашыў інакш.
Скончыўшы сярэднюю школу, Аляксандр уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку — быў трактарыстам. Неўзабаве юнака заклікалі на вайсковую службу. Дэмабілізаваўшыся, Кур’яновіч паступіў у Мар'інагорскі саўгастэхнікум на спецыяльнасць «тэхнік-электрык». Аднак жа займацца садаводствам не перастаў. Яшчэ трактарыстам юны Кур’яновіч пазнаёміўся ў сваіх родных Шчыткавічах, што на Старадарожчыне, з сімпатычнай дзяўчынай — студэнткай хімфака БДУ. Потым было вяселле.
Жонку накіравалі выкладаць хімію ў Любанскім сельскагаспадарчым ліцэі. Туды ж за каханай падаўся і Кур’яновіч. Стаў майстрам вытворчага навучання. Жылі ў інтэрнацкім пакоі, пасля надумалі будаваць уласнае жыллё.
«Пад узвядзенне дома выдзелілі ладны ўчастак, — успамінае Аляксандр Пятровіч. — Паралельна з будаўніцтвам мы ўзяліся ператвараць зямлю вакол будпляцоўкі ў агарод і сад. Неўзабаве з’явіўся тут і вінаград. Першым гатункам гэтай расліны, які я пасадзіў, быў «Рускі канкорд». Потым з’явіліся «Белае цуда», «Алёшанькін», «Супага», «Юбілей херсонскага «Дачніка», «Талісман», «Маскоўскі ўстойлівы» і іншыя».

Калі хто думае, што вырошчваннем віна-граду ў нашай краіне актыўна заняліся толькі ў апошнія гады, дык ён памыляецца. Вінаградарства на Беларусі было развіта яшчэ ў сівую даўніну. Аб чым гавораць шматлікія гістарычныя крыніцы, а таксама народныя казкі.

«Што мяне падштурхнула да вырошчвання згаданай культуры? — усміхаецца гаспадар. — Ды я вінаград з дзяцінства есці люблю. Купіць жа, каб паласавацца, не заўсёды бывае па кішэні. Вось і рашыў пасадзіць. Ды такі, каб па смаку не горшы, як на базары». І паступова дабіўся свайго! Разам з тым Кур’яновіч стаў у Любані своеасаблівым папулярызатарам і распаўсюджвальнікам вінаградарства. Ён з задавальненнем дзяліўся з усімі жадаючымі пасадачным матэрыялам, з якім меў справу сам. І не толькі вінаграду, а і яблык, груш, сліў, парэчак, маліны, іншых культур.

Сёння на ўчастку Кур’яновіча, акрамя вінаграду, каля двух дзясяткаў сартоў яблык, грушы — «Дзюшэс», «Духмяная», «Дэсертная», «Любіміца Клапа» і іншыя, шэсць гатункаў парэчак, чатыры — маліны, два — айвы.
«Мая Алена Мікалаеўна вялікі майстар ціснуць сок, закатваць на зіму розныя кампоты, гатаваць варэнні ды джэмы, — тлумачыць Аляксандр Пятровіч. — Нашы дзеці, сын ды дачка, так любяць гэтыя прысмакі. Ураджай, колькі б яго ні было, у нас ніколі не прападае марна».
Праз участак прайшло каля сотні сартоў памідораў, пакуль Кур’яновіч адабраў самыя ўраджайныя і непатрабавальныя. Расада таматаў, іх плады даюць някепскую прыбаўку ў сямейны бюджэт. Апрабавана тут і шмат сартоў перцаў, баклажанаў і іншай гародніны…

Каб разгарнуць садовую справу шырэй, да памераў фермерскай гаспадаркі, Кур’яновічу, па яго словах, не хапае ведаў. Ён збірае іх па крупіцах: з кніг, з часопісных публікацый, з размоў з такімі ж апантанымі садаводствам людзьмі. А вось чаго яму не займаць, дык гэта працалюбства, настойлівасці і магутнага жадання працягваць любімы занятак.

Сяргей Любшын

4 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
МОНОЛИТ
МОНОЛИТ
8 ноября 2012 07:40

Как можно преобрести черенки лозы от мастера?

Slava
Slava
9 ноября 2012 22:03

Да подскажите продает ли он черенки.

kkal
kkal
11 ноября 2012 13:56

Молодец мужчина!

Алексей
Алексей
12 ноября 2012 16:13

Респект!