Скрыпка, мама і Бах

0

Гісторыя гэта не пакінула зімаваць кукурузу на палетку, бо выканай шафёр аграгарадка Іван Бажко свой намер кінуць вёску і пераехаць у горад, няхай на чужую кватэру, кукурузу з палетку звозіць не было б каму. Але ўсё скончылася добра. Іван ад намеру адказаўся і па-ранейшаму штодзень выязджае ў поле.
Вечарам, вярнуўшыся дадому, не чуе, каб сварылася жонка. Яна церпіць, калі Іван з сынам вучацца іграць на скрыпцы. Для гэтага яны ўключаюць камп’ютар і прайграюць дыск з музыкай Іагана Себасцьяна Баха. Затым спрабуюць паўтарыць яе на скрыпцы. Ад гэтага ў доме не музыка, а нейкі вэрхал.

Пачаўся гэты вэрхал з таго дня, як Іван драмаў у кабіне свайго грузавіка, чакаючы, калі наладзяць камбайн, і слухаў музыку па радыёпрыёмніку. Калі скончыліся віншаванкі, у дрымоце Іван не заўважыў, бо прачнуўся ад музыкі, у якой гучала скрыпка. Гукі ліліся такія чыстыя: то ў няспешным тэмпе, то зрываліся ў галоп, то прыціхалі да піску і раптам узрываліся громам над ваколіцай. Чуваць было, як ад грому раскаціста аддаляецца рэха і дзесьці ў далечыні знікае. Слухаючы гэта, Іван успомніў родную вёску і дзеда, які іграў на многіх інструментах, але больш за ўсё на скрыпачцы.

Гаспадар з дзеда быў не зусім добры. Пра гэта не раз чуў ад людзей. Ды калі яму было займацца гаспадаркай: то радзіны, то вяселлі. Так і ездзіў з вёскі да вёскі, а бабуля домам займалася адна. Прывозілі дадому дзеда часцей за ўсё на падпітку сярод нядзелі. Адны з яго пасмейваліся, другія з зайздрасцю глядзелі, як ён даставаў з кішэні пакамечаныя грошы і на вачах у людзей аддаваў бабулі. Яна нешта бубнела, але грошы брала.

Реклама

Слухаўшы ў той дзень радыё, Іван рашыў, што купіць сыну скрыпку, пераедзе ў горад, каб вучыўся сынок у музыкальнай школе. Ды і сам у горадзе без работы не застанецца. Што яму губляць? Гаспадаркі ніякай, увесь харч усё роўна з магазіна, а заробкі ў аграгарадку кату пад хвост. Месяц ёрзаўся па полі, але да паўтара мільёна не выцягнуў. У горадзе вадзіцелі патрэбны, заробкі ў два-тры разы вышэйшыя. Толькі працуй. Будзе чым заплаціць за кватэру і за вучобу сына ў музыкальнай школе. Вывучыць хлопчыка музыцы, і не будзе ён, як бацька, туляцца па аграгарадках, у дамах якіх цякуць крышы, зімою холадна. Ды і хто ён у гэтым доме? Пакуль працуе — жыве. Звольніцца — выганяць. Вунь па тэлевізары паказваюць, якія заробкі маюць артысты.

Раптам яго разважанні абарваліся ад аб’явы, што па радыё перадавалі музыку Баха. Вечарам таго дня Іван, каб жонка не ведала, гаварыў з сынам, абяцаў яму да дня нараджэння купіць у падарунак скрыпку. Сыну бацькава ідэя вельмі спадабалася. Па-першае, гэта не вёска. Па-другое, у горадзе на стадыёне заўсёды гуляюць у футбол. Яшчэ ёсць Лядовы палац, дзе можна патрапіць у хакеісты. І вядома, ён будзе вучыцца ў школе і ў музыкалцы.

Скрыпку Іван купіў у той дзень, як у поле прывезлі зарплату. Адпрасіўся раней з працы і на машыне скочыў у горад. Купіўшы падарунак, яшчэ зайшоў у музыкальную школу. Тут яго не ўзрадавалі. Класы напоўнены, ды Іванаў сынок спазніўся пачынаць вучыцца ігры на скрыпцы гадоў на чатыры-пяць, але надзею пакінулі: можна вучыцца самастойна, а лепей за грошы наняць настаўніка. Іван не разгубіўся: дзед сам вучыўся — навучыцца і праўнук. А слых музыкальны ёсць, і ёсць жаданне вучыцца. Зайшоў у падвал, дзе прадавалі дыскі з музыкай, і папрасіў творы для скрыпкі Баха. Маладая дзяўчына, у якой былі завушніцы не толькі ў вушах, але ў ноздрах і ніжняй губе, здзіўлена паглядзела на Івана, падала з палічкі дыск, адкапыліўшы губу з завушніцай, і спытала: «Скрипка, мессы, орган — подойдет?».

Вось з таго дня ў хаце штовечар вэрхал. Аднойчы маці не вытрымала і пачала сварыцца з Іванам. Сын слухаў, як яна спачатку няспешна выгаварвала бацьку, а пасля, быццам спяшаючыся, што не паспее дасказаць, паскорыла тэмп ляманту. Хлопчык не вытрымаў: «Як у Баха, спачатку спакойна і плаўна, а пасля ў такім тэмпе ды з пагрозай, быццам гром за ваколіцай». Іван, пачуўшы гэта, усміхнуўся, што сын правільна разумее музыку Баха.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии