Вайцаховічаў канал

0

Для пасляваеннага аднаўлення сельскай гаспадаркі патрэбныя былі спецыялісты. Іх перападрыхтоўка ішла на курсах на базе Беларускай сельгасакадэміі ў Горках.
На гэтых курсах у ліпені-жніўні 1951 года вучыўся Павел Іосіфавіч Вайцаховіч з маёй вёскі. У наступныя гады ён працаваў галоўным аграномам Баўманскай, Вясейскай і Кучынскай МТС Слуцкага раёна.

Пасля смерці Паўла Іосіфавіча застаўся выпускны фотаздымак яго курсу. На ім адлюстраваны нашы землякі са Слуцкага і Старадарожскага раёнаў, якія вучыліся ра- зам з ім: Максімовіч А.Ф. (на фота — № 1), Страшкова П.Т. (2), Чукасава К.А. (3), Каўтун Я.М. (4), Жук К.К. (5), Максімчыкаў Ф.В. (6), Гузява Т.І. (7), Марыніч С.Х. (8), Жук А.С. (9), Пірожнікаў Г. А. (10). Фота самога Паўла Вайцаховіча адзначана нумарам 11.

«Час тады быў цяжкі, - паведаміў мне Павел Іосіфавіч. — Напрыклад, каб перагнаць трактар з аднаго поля на другое, трэба было складаць акт». Як ён патлумачыў, паліва, запчастак для тэхнікі не хапала. За іх карыстаннем сачылі вельмі строга.
Праца трактарыста ў тыя часы была складанай. Дастаткова сказаць, што ў штодзённае тэхабслугоўванне ўваходзіла зняцце чыгуннага паддона і падцягванне шыек каленвала. І так кожны дзень, зімой і летам.

Реклама

Сярод трактарыстаў было шмат жанчын. Адна з іх — сястра маёй маці - Марыя Васільеўна Адамчук, трактарыст Кучынскай МТС. Сёння ніхто не здзівіцца, убачыўшы жанчыну за рулём, хай нават трактара. Але тады гэта была штодзённая знясільваючая праца.

З таго, што мне распавядаў Павел Іосіфавіч, цікава гісторыя пра веласіпед. Вайцаховіч працаваў тады галоўным аграномам Кучынскай МТС. Палі гаспадаркі былі раскіданыя па вялікай плошчы. Транспарту ў агранома не было. У выніку ён находжваў па палях многія дзесяткі кіламетраў.
Вось і вырашыла кіраўніцтва МТС купіць для свайго агранома службовы транспарт — веласіпед. Але гэтая ідэя падтрымкі ў людзей не знайшла, бо ёсць іншыя «дзіркі», якія патрабуюць грошай. І застаўся Павел Вайцаховіч без службовага веласіпеда.

Але памяць пра яго справы землякі захоўваюць. У тыя гады аграномы кіравалі і меліярацыйнымі працамі ў сваіх гаспадарках. Вось і назвалі людзі адзін з рэчышчавых каналаў, што на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў, яго імем. Так да гэтага часу і кажуць: Вайцаховічаў канал.

Міхаіл Волашаў

НАШЫ ЗЕМЛЯКІ. У ліпені-жніўні 1951 года на курсах пры Беларускай сельгасакадэміі прайшла перападрыхтоўку група спецыялістаў са Старадарожскага і Слуцкага раёнаў.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии