Першы будаўнічы атрад

1

Кожны чалавек мае свае запамінальныя вехі, якія адкладаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Адной з такіх вех майго жыцця з’яўляюцца студэнцкія годы. Няважна, у якой навучальнай установе ты вучыўся. Студэнт – гэта малады чалавек, адарваны ад дома на тры-пяць гадоў і кінуты ў кіпучае жыццё інтэрнатаў, лекцый і розных прыгод. Вось і мы, пятнаццацігадовыя хлапчукі і дзяўчаты, навучэнцы тэхнічнага вучылішча гарнякоў №69, грызлі свой граніт навукі ў Салігорску, у  горадзе беларускіх гарнякоў.

На першым курсе амаль што не было ніякіх прыгод. Ішло прывыканне да новых абставін, да новых навук, людзей, ішла прыцірка характараў. Галоўнае, што нам падабалася, – за вучобу плацілі стыпендыю ў дваццаць пяць рублёў. Хто паспяхова вучыўся, той атрымліваў цэлых трыццаць пяць.
На другім курсе з’яві-лася шмат патрэб і прыхо-  дзілася шукаць прыбаўку да стыпендыі, каб лішні раз не турбаваць бацькоў, бо, акрамя мяне, у іх было яшчэ чацвёра дзяцей. На выхадныя дні шмат хлопцаў заставалася ў студэнцкім інтэрнаце. Каб не бавіць дарма час і зарабіць прыбаўку да стыпендыі, дамаўляліся з дырэктарам харчовай базы наконт пагрузачна-разгрузачных работ.

Справы пайшлі добра. Пачынаючы з вечара пятніцы, адзін з нас “сядзеў” на тэлефоне і калі была работа, а яна заўсёды была, мы ішлі на базу ці на чыгунку разгружаць вагоны. Зараблялі па дваццаць пяць-трыццаць  рублёў – добрая дапамога да стыпендыі. У пачатку 70-ых гадоў моднымі былі касцюмы з крымплену і сарочкі з нейлону, праўда, у гарачую пару сарочка прыліпала да цела, а у халодную – настывала, але гэто было шыкоўна і заробак дапамагаў зрабіць такую пакупку.

Реклама

Шмат чаго змянілася ў нашай навучальнай установе з прыходам новага дырэктара Дзевяткіна Юрыя Пятровіча, былога марака, афіцэра-падводніка. Ён удыхнуў сваім аптымізмам новае жыццё ў наша вучылішча, нават стала цікавей вучыцца.  Была арганізавана секцыя аквалангістаў, закупілі шмат музычных інструментаў і стварылі вакальна-інстру-ментальны ансамбль, танцавальны калектыў.  Калі я звярнуўся да яго з прапановай арганізаваць будаўнічы атрад, ён станоўча ўспрыняў маю ідэю і нават аказаў дапамогу.  Знайшоў арганізацыю, дзе мы змаглі б зарабіць добрыя грошы, дамовіўся наконт абедаў і жылля.

Першы будаўнічы атрад нашага вучылішча 15 чэрвеня выехаў на працу. Работа для нас, маладых, была няцяжкая: акультурванне меліярацыйных каналаў. Нам далі ўчастак у 15 кіламетрах ад Чырвонай Слабады, а насустрач ішлі студэнты БПІ (Беларускі палітэхнічны інстытут). Выязджалі на працу ў 7 гадзін раніцы, пасля снедання, пакуль сонца не так пякло. Палова атрада займалася нарыхтоўкай фашыны для затрымання насыпнога грунту, а другая палова  вялізнымі дубовымі кувалдамі, стоячы па калена ў вадзе, забівала калы, да якіх прывязвалі фашыны. Калі першыя пяцьсот метраў былі гатовыя, ехалі на нарыхтоўку дзёрну, затым укладвалі яго на падрыхтаваную пляцоўку ўздоўж канала. Атрымлівалася прыгожая зялёная дарожка. На працягу ўсяго часу, што працавалі на канале, толькі два разы прайшоў дожджык, а ў астатні час пякло сонца. Працавалі дружна і не было ніякага разладу паміж хлопцамі. Можа таму, што ў нашым атрадзе былі  людзі амаль усе творчыя: шэсць чалавек — з ВІА і чатыры – з танцавальнага калектыву.

Надыйшоў дзень ці то будаўніка, ці то меліяратара. Дырэктар упраўлення, даведаўшыся пра наш творчы калектыў, папрасіў  даць канцэрт разам са студэнтамі БПІ. Наш дырэктар Юрый Пятровіч прывёз музычныя інструменты і нават сам прыняў удзел у канцэртнай праграме: чытаў вершы пра мора. Канцэрт выйшаў на славу, хоць рэпетыцый амаль не было. Пакуль ішоў на сцэне адзін нумар, за кулісамі рыхтавалі другі. Так канцэртная праграма доўжылася амаль дзве гадзіны. Затым накрылі сталы, нават дазволілі трошкі віна. Пасля святочнай вячэры наш ансамбль правёў на танцпляцоўцы дыскатэку, якая скончылася далёка за поўнач.

За 45 дзён працы нам   далі больш за 900 рублёў. Для нас гэта былі “шалёныя” грошы. Кожны змог закупіць для вучобы на трэцім курсе ўсё неабходнае і адзецца з ног да галавы, а я нават даў бацькам 200 рублёў, каб купіць тэлевізар, бо у нас яго не было. Браты і сястрычка былі вельмі рады гэтай пакупцы, а маці нават праслязілася. У  маёй памяці наш першы будаўнічы атрад застаўся на ўсё жыццё.

Мікола Корань

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
МихаиЛ
МихаиЛ
9 октября 2012 13:11

Как и все подобные истории в Курьере — интересная и немного грустная история.