Жаночая пуцяводная нітка

0

Вязаць салігарчанку Галіну Казак навучыў … сусед. Тады Галіна Леанідаўна, шасцігадовая дзяўчынка, жыла з бацькамі на Волзе. Гэты дзіўны дзядзечка са спіцамі і скруткамі рознакаляровых нітак часта вечарамі прыходзіў да іх у хату паглядзець тэлевізар.

Пакуль доўжылася перадача ці мастацкі фільм, дзядзечка паспяваў то шалік звязаць, то шапачку. Ён і паказаў дапытлівай дзяўчынцы элементарныя прыёмы рамяства.
У восем гадоў яна ўжо сама вязала шалікі ды капялюшыкі, а ў пятнаццаць — світэра, кофты і многае іншае.

Ад захаплення да майстэрства

З гадамі ў Галіны Казак толькі дадавалася майстэрства і вопыту. І спіцамі, і кручком яна ўжо магла звязаць самую вытанчаную рэч, з першага погляду разабрацца ў самай мудрагелістай вязальнай схеме.
Больш таго, у жанчыны выявіўся талент дызайнера: добрая палова яе прыгожых работ самім жа аўтарам і прыдумана.
«Вязанне, — горача кажа Галіна Леанідаўна, — цудоўны занятак. Гэта і адпачынак добры, і важкі дадатак да сямейнага бюджэту. Я, напрыклад, дзяцей вывучыла ў інстытутах толькі дзякуючы вязанню».
Па асноўнай спецыяль-насці Галіна Казак бухгалтар-эканаміст. Працавала і ў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва, і ў сельскай гаспадарцы.

Реклама

«Кудзесніцы»

Цяпер яна на заслужаным адпачынку. Вольнага часу стала значна больш. А значыць, больш яго застаецца і на вязанне.
… Усё пачалося з таго, што свой выхад на пенсію Галіна Леанідаўна вырашыла адзначыць неяк незвычайна. Вось і наладзіла выставу свайго рукадзелля — звыш сямі дзесяткаў работ — у Цэнтральнай раённай бібліятэцы. Выстава выклікала цікавасць у салігарчанак: на адкрыццё іх сабралося амаль паўтары сотні. Некаторыя, пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, захацелі навучыцца вязаць гэтак жа віртуозна. Іншыя выказалі жаданне падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі.

«Так, — усміхаецца Галіна Казак, — у горадзе і арганізаваўся клуб „Кудзесніцы“, якім я кірую. Гэты клуб аб’ядноўвае два дзесяткі салігарчанак. Збіраемся пару разоў на тыдзень, абменьваемся цікавым вопытам на майстар-класах, дэманструем адзін аднаму свае вязаныя рэчы. Ды і проста маем зносіны».
Дарэчы, гэты вопыт сапраўды цікавы. У апошні час некаторыя сяброўкі клуба налаўчыліся вязаць не толькі з нітак, але і, напрыклад, са стужак, нарэзаных з пластыкавых бутэлек або лінолеўма.

Адна з «кудзесніц» нядаўна вырабіла мужу такую сумку для гаечных ключоў. Паказала — і ўсім надзвычай спадабалася. Зараз да вязальшчыцы сталі падцягвацца жанчыны, якія займаюцца валяннем поўсці, бісерапляценнем.

Без сакрэтаў

Сваю творчасць клуб «Кудзесніцы» зусім не засакрэчвае. Наадварот, актыўна прапагандуе, ладзіць паказы мадэляў адзення, звязаных яго членамі. Самі ж і па подыўме дэфіліруюць. Вывозілі тыя мадэлі і на фестываль «Славянскі базар».

Зрэшты, аднаго клуба Галіне Казак ўжо мала. Яна плануе стварыць платныя курсы па навучанні вязанню. Жадаючых асвоіць гэта рамяство сярод салігарчанак нямала. Акрамя таго, Галіна Леанідаўна пачала вучыць вязаць спіцамі і кручком інвалідаў-калясачнікаў. Для іх, перакананая жанчына, вязанне стане добрай падмогай.
Энергіі Галіне Казак хапае не толькі на вязальную творчасць. У апошнія гады яна рэгулярна займаецца бальнымі танцамі (яшчэ і ўсходнімі збіраецца заняцца), аўтамабільным турызмам, плаваннем, пешымі прагулкамі вакол Салігорска (у выдатным настроі - па вялікім, дзесяцікіламятровым крузе, калі ж не вельмі ў духе — па малому, пяцікіламятроваму).
«І наогул, — усміхаецца жанчына, — я зразумела, што на пенсіі нармальнае жыццё толькі пачынаецца. Тым і карыстаюся па поўнай».

САЛІГОРСКАЯ РУКАДЗЕЛЬНІЦА. Галіна Казак ў ажурным жакеце, звязаным сваімі рукамі.

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии