Малітва двух сэрцаў

0

Вось і дыплом на руках. Яго атрыманне супала з днём вяселля. За сталом адна моладзь — студэнты. Валянціна і Сцяпан сябравалі з трэцяга курса і вырашылі згуляць вяселле па заканчэнні інстытута. Маладыя тэхнолагі па размеркаванню трапілі на адзін завод. Сцяпан стаў механікам, а для Валянціны знайшлося месца ў тэхаддзеле.
Праз год Сцяпан заняў пасаду галоўнага механіка. Маладая пара пачала будавацца, а пакуль што жылі ў завадскім інтэрнаце. Хутка перабраліся ў свой катэдж, нарадзілі сына і дачушку. Неўзаметку праляцела дваццаць чатыры гады. Праз год адзначылі двайны юбілей: пяцідзесяцігоддзе і сярэбранае вяселле. Валянціна і Сцяпан пражылі гэтыя гады, як кажуць, душа ў душу, нават ні разу моцна не пасварыліся.

І вось, як гром сярод яснага дня, бяда — рак другой ступені. Валянціне зрабілі аперацыю, паўгода яна ездзіла на «хімію» у Мінск. Але з кожным днём ёй становілася горш і горш, Жанчына не здавалася, завіхалася па хаце. Трэба і прыбраць, і абед зварыць, яна знаходзіла сабе працу, каб не думаць пра хваробу, хоць і цяжка ўжо было хадзіць. Хвароба брала сваё.
Праз паўгода Валянціна, як не змагалася, злегла зусім. Сцяпан, як мог, падтрымліваў жонку. То зробіць чаго смачнага з ежы, то прынясе кветкі, а то проста сядзіць з ёю да поўначы і расказвае пра справы на рабоце. Часта яны ўспаміналі свае студэнцкія гады і засыналі далёка за поўнач.

Аднойчы яна пачула, як Сцяпан плача, на кухні былі адчынены дзверы. Ён не проста плакаў, а галасіў: «Божа, за якія такія грахі ты яе так караеш, што мы не так зрабілі ў гэтым жыцці? Чаму ты забіраеш яе ў мяне, навошта ты даеш ёй такія пакуты?»
Валянціна, лежачы ў ложку, ціха плакала. Скупыя слёзы цяклі па яе схуднелым твары. Яна маліла Бога: «Божа, дай мне хутчэй памерці, не мучай ты майго Сцёпку».
Праз два дні, мабыць, пачуў Гасподзь Валянцініну мальбу, яна ціха, як кажуць, адыйшла ў лепшы свет.
Прайшло ўжо пяць гадоў, як пахаваў Сцяпан сваю каханую, але амаль што кожны тыдзень носіць ёй кветкі. Пасядзіць каля магілкі, пагаворыць з ёю, а потым паціху ідзе дадому.

Реклама

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии