З павагай да пажылых

0

Калі прыходзіць неспадзена старасць,
Каб не блукаць паміж дабром і злом.
Прайдзі выпрабаванне на трываласць,
На непахіснасць, на разрыў, на злом…

Сяргей Грахоўскі

Няўмольна хутка бяжыць час і гэтак жа паспешна змяняюцца поры года. Вясна, лета, на парозе восень, а там зіма стукае ў вокны. Жыццё чалавека зусім як пражыты дзень: раніца — нараджэнне і маленства, дзень — маладосць і сталасць, вечар — старасць, ноч — смерць. Год за годам набліжае нас да той мяжы, якую называюць пенсіённы ўзрост.
І калі ён наступае, мы з жахам азіраемся назад, на прыжатае, і бачым, колькі чаго маглі зрабіць, ды не зрабілі, адкладвалі на заўтра… А нязробленага збіраецца ўсё больш і больш, а заўтраў застаецца ўсё менш і менш.
Не адзін дзесятак гадоў чалавек ідзе ўгору — вучыцца, працуе, робіць кар’еру, гадуе дзяцей, унукаў. І толькі на вяршыне ён можа зрабіць прыпынак, падумаць, успомніць, ацаніць пражытае. Гэта і дапаможа «спусціцца з гары», дасць мудрасць, цярплівасць і пакорнасць, каб дастойна прайсці апошні адрэзак наканаванага шляху.
Лічу, што чалавек старэе не столькі ў выніку пражытых гадоў, сколькі ад усведамлення таго, што ён нікому не патрэбен, што час яго прайшоў, што толькі засталося дажываць свой век, працягласць якога залежыць ужо ад другіх…

Реклама

Але самае цяжкае ў старасці - адзінота! Няма каму слова сказаць, прыласкаць і абняць…
Дзеці падраслі, пакінулі бацькоўскую хату і ідуць сваім шляхам — гэта добра і радасна, так патрабуе жыццё.
Але яны часам застаюцца самі са сваімі турботамі і рашэннямі. І вельмі часта забываюць пра сваіх састарэлых бацькоў. Не думаюць і не адчуваюць, як іхнія ўчынкі могуць прынесці душэўную боль родным.

А яшчэ існуе хамства — адно із заган чалавека: няўдзячнасць, недалікатнасць у маральных адносінах. Хамамі не нараджаюцца, імі становяцца. Яны здольныя сыпаць соль на сардэчныя раны, могуць стукаць гразным абуткам там, дзе трэба цішыня; ламіцца ў дзверы, калі трэба ціха і незаўважна прайсці; смяяцца, калі ўсім маркотна…
Жнівеньскай раніцай у Слуцку прайшоў дождж. На праезджай частцы вуліцы і тратуары шмат лужын. Абыходжу іх. Наперадзе ідзе дзядок з кійком. Чую, легкавік нас даганяе, не збаўляе хуткасць. Хацеў да кіёска прыціснуцца, каб ад пырскаў засцерагчыся. Але дзе там? Абліў мяне, а дзядулю — з ног да галавы — у яго куртка, штаны і авоська ў брудных пырсках.
Пешаход, які ішоў насупраць, сказаў нам, што вадзіла злаўмысна бліжэй да тратуара накіроўваўся, і нават яшчэ здзекліва ўсміхнуўся.
Дзядуля ўздыхнуў цяжка і моўчкі далей пакрочыў. Праз некалькі метраў стары спатыкнуўся аб бардзюр і ўпаў. Яго абышлі чатыры дужыя дзецюкі і засмяяліся, нават не дапамаглі падняцца. Я працягнуў руку — у вачах дзядка слёзы ад крыўды, ад бяссілля, ад усведамлення таго, што ён ужо ніхто для тых, з кім давялося сустрэцца сёння на вуліцы.
Мне стала сорамна за гэтых дзецюкоў. Ну дзе яны выхоўваюцца, дзе жывуць, чаму такія жорсткія і некультурныя. У іх таксама ёсць дзядулі і бабулі, бацькі. Не думаюць, што такая ж бяда, абыякавасць і хамства могуць здарыцца і з імі.
Няўжо ў нашых сэрцах зусім няма дабрыні? Людзі павінны дапамагаць адзін аднаму, быць ласкавымі і спагадлівымі. Так хочацца верыць у дабрыню, у спагаду, у падтрымку!

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии