Бальнічныя замалёўкі

0

У Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія» людзі едуць з усіх раёнаў Беларусі. Часта такія «хворыя» у час лячэння любяць пацікавіцца, як жывецца людзям на іншым ускрайку краіны. Што толькі не кажуць. Цікава паслухаць.

Сямён Сямёнавіч, жыхар Магілёва, чалавек там вядомы: кандыдат навук, былы выкладчык савецка-партыйнай школы. Ён расказвае свайму субяседніку: «У Магілёве адкрылі кардыялагічны цэнтр, але складаных аперацый на сэрцы яшчэ не робяць. Мяне адправілі ў Мінск. Ляжаў у Магілёве два тыдні, і радуюся зараз, што адтуль вырваўся. Адносіны да хворых там абыякавыя, сорамна ўспамінаць, што так можа быць у нашай медыцыне. Тут, у Мінску, і дактары добрыя, і малодшы персанал да цябе з увагаю. А калі яшчэ зацікавіш трошкі - адносіны вельмі душэўныя. Трэба, каб з Магілёва прысылалі сюды за вопытам».

А вось ад таго Сямёна Сямёнавіча другая гісторыя. «Ляжу ў палаце, а са мною яшчэ два пенсіянеры і адзін „касач“. Малады, здаровы дзяцюк у армію ісці не хоча. У нас у кожнага ёсць свае рэчы і ў тумбачцы, і на тумбачцы, і ў халадзільніку. У „касача“ няма нічога, нават лыжка бальнічная. За медсястрой пастрэльваў. Тая нават таблеткі яму ў палату прыносіла. Аднойчы ён іх закінуў у рот, хапіў з чужой тумбачкі бутэльку з вадой „Аква“, каб запіць, але захлынуўся. Тая вада праз ноздры вылецела. Ён хапае бутэльку з другой тумбачкі, глынае вады і зноў давіцца. Тая вада не ідзе „касачу“. Не хапай чужога! Медсястра напужалася, таблеткі на доле валяюцца, а мы прыціхлі і глядзім, чым гэта скончыцца. А „касач“ адпляваўся, аддыхаўся і кажа: „Ну, песіянеры, гарэлкай лечыцеся“. Ды якая табе справа, хто чым лечыцца».

Реклама

А вось гісторыя з Брэста. Расказвае багатырскага складу малады чалавек: «У палаце пасля аперацыі мужчына кладзецца спаць, здымае з тумбачкі бутэльку з вадой і ставіць на дол побач з ложкам. Ноччу прасыпаецца, хапаецца за яе, пабоўтае і засыпае. «Гэта звычка засталася з жыцця да аперацыі, — тлумачыў хворы. — Прачнуся, а думка адразу, ці аставіў чым заўтра пахмяліцца? Пачуў, што плёскаецца, і спакойна заснуў. Звычку цяжка выкараніць».

Гэтая гісторыя была ў маёй палаце. Зубному доктару з Барысава зрабілі аперацыю, ды нешта з рытмам сэрца не ладзілася. Над яго галавой вісеў манітор, на якім то моргалі, то крывою хваляю беглі нейкія лініі. Дактары падыходзілі, дзівіліся. І можна было чуць: «Вось разгулялася, не супакойваецца». Гэта яны пра яго сэрца. І аднойчы выдалі рэкамендацыю: купіць у аптэцы замежныя лекі. Іх спіс на паперцы жонка схапіла з рук і пабегла шукаць. Вярнулася ў палату ні з чым і стала плакацца доктару, што месячнага заробку не хапае, каб заплаціць за лекі. Доктар спакойна адказаў: «У Прыбалтыцы напалову танней. Трэба там купляць».

Вярнуўся я ў Салігорск пасля аперацыі на сэрцы. Як раілі дактары, адразу звярнуўся да мясцовага кардыёлага. Тая паслухала, пачытала рэкамендацыі, выпісала рэцэпты. Дастала са скрынкі стала дзве каробачкі «Амладзіпіна» і кажа: «Пі толькі гэтыя. Тэрмін годнасці заканчваецца, затое бясплатныя. На другія лекі вось рэцэпты. Толькі «Варфарын» у аптэках адсутнічае. І не ведаю, ці ёсць у мінскіх аптэках. Тэлефануйце знаёмым, хай прысылаюць з Еўропы». Дзякуй і на гэтым. Хіба гэта першы раз, што неабходнае ў нас цяжка знайсці.

Уладзімір Дамель, Салігорск

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии