Вячэра без каубасы

1

Гарачае надвор’е канца ліпеня заставіла старога Васіля перасяліцца на летнік. Яго равеснікі даўно гэта зрабілі, а ён усё адкладваў. Афіцыйна людзям казаў, што яшчэ працуе ў горадзе і жыць пастаянна ў вёсцы няма магчымасці.
Калі другія будавалі сабе летнікі, Васілю дасталася ў пасаг хата ад цешчы з вялікім агародам, якім некалі надзяляліся калгаснікі. Частку зямлі на ім штогод засяваў, другая палова гуляла. Гэта быў севазварот. Аб засеянным агародзе клапацілася жонка: у гэты спякотны час даспявалі памідоры.

Васіль не любіў вёску. Гэтая нелюбоў была яго тайнай, у якой саромеўся прызнацца людзям. Вёска збуджала ўспаміны дзяцінства. Ён бачыў, як цяжка працавалі пасля вайны бацькі, а ў хаце панаваў голад. Казалі, што вінавата спёка, якая тады ўтаймавалася над Беларуссю. Так бедна жылі ўсе калгаснікі. Голад застаўляў іх красці: збіралі каласы, падкапвалі калгасную бульбу ў нізкіх мясцінах, бо на вышэйшых цяўнік даўно згарэў.
Вялікую сям’ю выручыла ў той год ад пагібелі майстэрства ліць алюмініевыя лыжкі. Метал валяўся пад нагамі. Гэта былі часткі савецкіх самалётаў, якія не ўзляцелі з аэрадрома мястэчка Урэчча ў пачатку вайны. Былыя самалёты валяліся грудамі на ўскрайку лётнага поля. Лыжкі з гэтага алюмінія насілі на Палессе: Рачэнь, Закальное і далей, траплялі ў саўгас «10 год БССР». На Палессі вынікі засухі былі не такія страшныя. Паляшукі карысталіся яшчэ драўлянымі лыжкамі, таму ахвотна мянялі акраец хлеба на металічныя. Гэту сваю эпапею дзяцінства Васіль успамінаў, глядзеўшы на чараду катоў, якія адзін за адным падыходзілі да адчыненых дзвярэй веранды ўсякі раз, калі гаспадыня пачынала гатаваць абед ці вячэру.

На летніку яго заўсёды дзівіла мноства катоў. Яны былі розныя, але ўсе вызначаліся худзізной. Відаць, што не мелі свайго гаспадара. Ды тых, хто жыў у суседніх хатах, ніяк нельга было назваць гаспадарамі: агароды іх зараслі бадыллем, а самі часта прыходзілі і прасілі «выручыць да пенсіі». Клапаціцца пра свайго ката яны ніяк не маглі.
Калі пачынаўся абед ці вячэра, у адчыненых дзвярах бяздомныя жывёліны з’яўляліся па чарзе. Далей парога ступіць баяліся, спалохана паглядалі на гаспадароў. Некаторыя з іх нават вадзілі галавой за лыжкай у руцэ, але мяўкаць баяліся. Мусіць навучаныя сваім горам: пачнеш мяўкаць, адразу прагоняць. Вось і сядзелі моўчкі, чакалі, калі праявіць гаспадар дабрату.

Реклама

Аднойчы, калі гаспадыня ўсіх нечаканых гасцей разагнала, каму кінуўшы кусочак хлеба, каму лыжку кашы, перад парогам у першы раз з’явіўся чорны кот. Ён быў такі грацыёзны, павольна падышоў і заглянуў у адчыненыя дзверы веранды. Пасля на крок адступіў і ганарліва паглядаў на стол, куды гаспадыня ставіла вячэру. Ката цікавіла каўбаса, якая ляжала на стале, а не нарэзаныя памідоры. Васіль, лежачы на кушэтцы за сталом, любаваўся ім. «Паглядзі, які прыгажун. Кінь яму кусочак каўбаскі». «Не хапала, каб кату прывозілі каўбасу па 90 тысяч за кіло», — адказала Парасачка. «А ты ўяві, што гэта не кот, а я малым хлапчуком маўкліва стаю і чакаю, калі людзі здагадаюцца і пададуць міласціну, бо прасіць я не мог: у горле нейкі камяк не даваў ад крыўды слова сказаць. Некаторыя людзі давалі».
Парасачка ўзяла ў рукі кусок каўбасы, адрэзала хвосцік і кінула ў бок ката. Той і вокам не маргнуў - усё глядзеў на стол. Калі гаспадыня адвярнулася да газавай пліты, дзе на патэльні нешта заскварчэла, кот у адно імгненне апынуўся на стале. З каўбасою ў роце ён выпрыгнуў за парог.

«Ну, малайчына, — пахваліў ката стары Васіль. — Я ў маладосці такім спрытным не быў. Жыццё навучыць».
Гаспадыня кляла ката, а гаспадар супакойваў: «Адна вячэра без каўбасы карысна для здароўя».

Уладзімір Дамель

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53, ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
сергей
сергей
20 августа 2012 14:27

Судя по размерам кота на рисунке, это был камышовый кот или, по меньшей мере, мейнкун.