Слауная кветка Случчыны. Пра ачаг беларускага нацыянальнага адраджэння, які зауважыу Янка Купала

2

На пачатку ХХ стагоддзя, асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі, на ўскраінах Расійскай імперыі ўзнялася моцная хваля нацыянальнага руху. Паўночна-Заходні край, як тады афіцыйна называлі Беларусь, выключэннем не стаў. У яго межах значную ролю адыграе менавіта Слуцк, дзе з невялікага агеньчыка беларускай справы — культурна-асветніцкага таварыства «Папарараць-кветка» — узнікне сапраўдны ачаг беларускага нацыянальнага адраджэння.

Гэту з’яву некаторыя даслед­чыкі разглядаюць як ідэалагічны падмурак Слуцкага збройнага чыну 1920 года, і яны маюць рацыю. А калі глядзець глыбей, то дзейнасць «Папараць-кветкі» стане, у нейкім сэнсе, вызначальнай у фарміраванні многіх рыс сучаснай беларускай культуры.

Учынак Астроўскага

Пасля Лютаўскай рэва-люцыі, 95 гадоў таму, па ініцыятыве Радаслава Астроўскага, мясцовага памешчыка і камісара Слуцкага павета пры Часовым урадзе, у ліпені 1917 года ў Слуцку была заснавана Беларуская гімназія. Сёння няма адназначнага адказу, дзе яна размяшчалася. Адны крыніцы называюць будынак сучаснай гімна-зіі № 1, другія — камерцыйнае вучылішча. Магчыма спачатку так і было. Але дакладна вядома, што для гімназіі, першым дырэктарам якой стаў Астроўскі, прыстасавалі драўляны будынак на Калоніі (раён сучаснага прадпрыемства «Горгаз»). Учынак Астроўскага і стане штуршком для з’яўлення ў горадзе «Папараць-кветкі».

Реклама

Адзіная справа

Ужо ў верасні 1917 года навучэнцы Беларускай гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька стварылі культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка». Па поглядам члены аб’яднання належалі да розных палітычных плыняў, але ўсіх іх аб’ядноўвала беларуская справа. Мэтай дзейнасці «Папараць-кветкі» аб’яўля­лася вывучэнне і прапаганда беларускай мовы, культуры і мастацтва, далучэнне да культурных каштоўнасцяў шырокага кола насельніцтва. Трэба адзначыць, што заснавальнікі таварыства глядзелі значна далей звычайнай асветніцкай дзейнасці. У першым пункце статута «Папараць-кветкі» значылася такая задача: «Падрыхтаваць сваіх сяброў на сьвядомых грамадзян, якіе б у будучыне маглі аддаць сваю моц на карысьць Беларусі» (стыль і арфаграфія арыгінала).

Бліскучы вынік

У кастрычніку 1919 года, калі ў аб’яднанні сталі пераважаць дарослыя, маладзёжная арганізацыя «Папараць-кветка» ператварылася ў грамадскую.
Складалася аб’яднанне з літаратурнай, краязнаў-чай, харавой і тэатральнай секцый. Сярод жыхароў павета папулярнасцю карысталіся выпушчаныя аб’яднаннем два нумары часопіса «Наша каляіна». Паступова з’яўляліся філіялы арганізацыі: у вёсках Старыца, Засялонне, Ліпнікі, Ісерна, мястэчках Грозава і Сухая Міля. Былі закладзены чытальні ў вёсцы Заграддзе і ў слуцкім прадмесці Востраў. З дапамогай сяброў аб’яднання ў павеце адкрываліся беларускія школы, для настаўнікаў былі наладжаны спецыяльныя курсы.

У Слуцку харавая і тэатральная секцыі свя-точнымі вечарамі ставілі прадстаўленні, рабілі выезды з канцэртамі і пастаноўкамі ў вёскі і мястэчкі павета. Яе ўдзельнікі запрасілі з Мінска хор пад кіраўніцтвам нашага зямляка Уладзіміра Тэраўскага, які даў вечар-канцэрт, на наступны дзень — спектакль. Падзеяй для горада стала выступленне хора падчас абедні ў гарадскім Мікалаеўскім саборы. З тэатральнай секцыяй летам 1920 года працаваў прыехаўшы з Мінска Уладзіслаў Галубок, выдатны тэатральны дзеяч, пісьменнік і рэжысёр, чыё імя зараз носіць Слуцкі народны тэатр.
Аўтарытэт і поспехі аб’яднання набылі такія памеры, што да яго ўрэшце далучылася практычна ўся слуцкая інтэлігенцыя.

Слова Янкі Купалы

Дзейнасць «Папараць-кветкі» заўважыў і адзначыў паэт Янка Купала. У газеце «Беларусь» за 15 лістапада 1919 года ён пісаў: «…перада мной ляжыць беларуская часопісь „Наша каляіна“. Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася бы, лезьці ў людзі ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе не заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца.
Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці „Кветка-Папараці“, каторая сваю чыннасьць пашырае на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы.
Гэта папраўдзе, як у песьні сьпяваецца: „А ў Слуцку на рыначку сталася праява!“. Так, сябры, гэта вялікая праява!
Адбудаваньне незалежнасці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з пад беларускай саломеннай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!» (стыль і арфаграфія арыгінала).

Крок у будучыню

Улады, што ў паслярэвалюцыйныя часы часта мяняліся на Случчыне, да беларускай справы ставіліся нядобразычліва. Падчас нямецкай і двух польскіх акупацый пры-ходзілася працаваць падпольна.
З-за таго, што многія актывісты аб’яднання прынялі ўдзел у антыбальшавіцкім Слуцкім збройным чыне 1920 года, ужо пасля ўсталявання Савецкай улады «Папараць-кветка» была прымушана спыніць дзейнасць.
Нягледзячы на нядоўгі час існавання, яна стала прадвесніцай тых культурна-асветніцкіх і адукацыйных грамадскіх рухаў Случчыны, якія пазней працавалі і працуюць на карысць нацыянальнай культуры.

Уладзімір Іваноў

ЗАСНАВАЛЬНІК БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА Ў СЛУЦКУ. Уладзіслаў Галубок (у цэнтры другога рада) з сябрамі слуцкага культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка». Слуцк 1920 год.

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Ленинец-Буддист
Ленинец-Буддист
19 августа 2012 12:30

Спасибо. Интереснейший материал. Мой дед был бойцом «Первого коммунистического интернационального батальона Белоруссии», в эти же годы, с его слов, сформированного в Слуцке. Заинтересовали материалы по этому формированию. Может автор располагает информацией?

Zorro
Zorro
19 августа 2012 15:44

хм, што замінае выкарыстоўваць «Ў» ня толькі ў тэксьце артыкулу, але і ў самой назьве?