Вёска Шыпілавічы Любанскага раёна ў сярэдзіне ліпеня стала месцам працы летняй танцавальнай школы “Пятровіца”.
Яна сабрала больш трох дзесяткаў аматараў традыцыйнай беларускай народна-бытавой харэаграфіі. І не толькі з нашай краіны: Мінска, Магілёва, Гродна, Любані, але і з Расіі.
“Вучні” – настаўнікі, інжынеры, маркетолагі, прадстаўнікі іншых прафесій — жылі ў палатачным гарадку, які размясціўся на адной з вясковых сядзіб. Беларускія народна-бытавыя танцы: “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Панначка”, “Гапак”, “Матлёт”, “Кракавяк”, “Падэспань” і іншыя, каб не даймала спёка, вучыліся скакаць ў Шыпілавіцкім сельскім клубе, дзе было прахладна.
У ролі галоўнага настаўніка выступаў Сяргей Выскварка, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Верабейкі” Любанскага цэнтра культуры. У пошуках танцаў і другой аўтэнтыкі спецыяліст скалясіў раён уздоўж і ўпоперак.
Майстар-клас праводзіла Ларыса Рыжова, мастацкі кіраўнік ансамбля “Калыханка” з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна. Гэты калектыў добра вядомы ў нашай краіне і за яе межамі. Ларыса Мікалаеўна вучыла не толькі танцам, але і спевам.
Правёў майстар-клас у школе і Мікалай Козенка, вядомы дзеяч культуры нашай краіны, збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай спадчыны, арганізатар прэстыжнага фальклорнага фестывалю “Берагіня”.
У рамках работы школы ладзіліся сустрэчы з фальклорнымі калектывамі Любаншчыны. “Вучні” ўдзельнічалі ў святочнай вечарыне, прысвечанай адкрыццю ганаровага знаку, які сведчыць, што традыцыйны спеўны стыль вёскі Обчын мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ. Носьбітам жа таго стылю з’яўляецца мясцовы фальклорны ансамбль “Павалякі”.
Наведаліся “школьнікі” таксама ў госці да фальклорнага калектыву “Глыбокія крыніцы” з Закальнога, “Журавушка” з Ямінска, пабывалі ў Ляхаўцы, дзе працуе аматарскае аб’яднанне традыцыйнага хлебапекарства “Кулітка”. Своеасаблівым экзаменам для “вучняў” быў удзел у рэканструкцыі каляндарна-абрадавага свята “Пятрок”.
Сяргей Любшын
Майстар-клас. Заняткі для “вучняў” школы праводзіў вядомы айчынны этнахарэограф Мікалай Козенка.
Респект!