Жыццёвы шлях у 101 год

2

Любоў Львоўна Корзун узіраецца ў шматлікія фотаздымкі, што вісяць на сцяне яе хаты. Вось яна яшчэ зусім маладая, статная, светлавалосая прыгажуня, а вось яна ра-зам з маладым мужам Герасімам Іванавічам, які не вярнуўся з той жудаснай вайны.

Перад вачыма жанчыны, нібы на кінастужцы, праходзяць усе гады яе жыцця, якія вызначыліся ў лічбу 101.

Реклама

ДОЎГАЖЫХАРКА. Любоў Львоўна Калядка з вёскі Лесуны Слуцкага раёна 8 ліпеня адсвяткавала 101 год.

Родам з дзяцінства

«Хіба я думала, што дажыву да гэтых гадоў? Ніколі. Столькі перажыта… З маленства пазнала галечу, нялёгкую сялянскую працу і бяду, — кажа Любоў Львоўна. — Так склалася, што ў сям'і я была адна. Гадавала мяне мама Пелагея Якаўлеўна. Бацька, Леў Яўхімавіч, паехаў у Амерыку на заробкі, але так і не вярнуўся. Пісаў пісьмы, прысылаў фотаздымкі, там і памёр. Закончыла два класы мясцовай школы, хутка рашала задачкі, былі здольнасці да матэматыкі. Але вучобу пакінула — патрэбна было дапамагаць маме па гаспадарцы, каб неяк выжыць. Потым працавала ў калгасе».

Падарунак лёсу

Жыццё яе не песціла. Адзіны падарунак, які стаў самым каштоўным, яна зберагае ў сэрцы. Гэта сустрэча з каханнем. Ён, прыгожы, сур’ёзны юнак са светлай, даверлівай усмешкай, жыў у суседняй вёсцы і даўно ёй падабаўся. Але бліжэй яны пазнаёміліся ў нялёгкія гады калектывізацыі, да якой аднасяльчане і яе мама ставіліся насцярожліва.

Герасім быў вясковым актывістам. Іх сям’я адной з першых на Случчыне ўступіла ў калгас. Вось у тыя гады і зарадзілася іх моцнае каханне, а ў 1931 годзе яны пажаніліся. Герасім Іванавіч быў брыгадзірам паляводчай брыгады, пчалаводам. Шчасліва пражылі амаль дзесяць гадоў. Нарадзіўся сынок Толя, потым дачушкі Валя, Галя і Людміла. Ды раптам — вайна…

Цяжкая страта

Усё ліхалецце Любоў Львоўна знаходзілася ў сваёй роднай вёсцы Лесуны, што на Случчыне. Гэта былі гады, пражытыя пад страхам смерці, у барацьбе за выжыванне, з адзінай думкай: толькі б не страціць дзетак.

Выжыла і выстаяла, не здалася цяжкасцям і дачакалася такой жаданай Перамогі. Але радасць яе была азмрочана страшнай весткай. Прыгожым майскім днём 1945 года прынеслі ў яе дом пахавальную на мужа: загінуў на фронце пад Кёнігсбергам.

«Спачатку для мяне жыццё згубіла сэнс. І каб не дзеткі, не ведаю, як бы перажыла страту каханага чалавека. Не цуралася ніякай работы, каб толькі падняць дзяцей на ногі: касіла, працавала на полі, даглядала жывёлу, нарыхтоўвала дровы ў лесе».
Па начах яна даставала з шафы пахаронны ліст на свайго любага чалавека і горка плакала.
Але Любоў Львоўна не замыкалася ў сабе, заўсёды была ветлівай з людзьмі, акуратнай у жыцці і працы.
Сваталіся да жанчыны неблагія мужчыны. Можна было б уладкаваць асабістае жыццё, ды не змагла яна парушыць клятву, якую дала сама сабе: зберагчы вернасць адзінаму каханаму — Герасіму Іванавічу.

Жыццё працягваецца

Любоў Львоўна на выгляд мала-джавая і бадзёрая жанчына. Дзеці любяць яе, дапамагаюць. Сын Анатоль быў ваенным. На жаль, памёр. Дочкі ўсе жывуць на Случчыне. У Любові сем унукаў, дванаццаць праўнукаў і чатыры прапраўнукі.
«У нашым родзе многія былі доўгажыхарамі. Бабуля пражыла 105 гадоў, а мама — 93. Даўгалецце я, пэўна, атрымала ў спадчыну. Дзякуй Богу, яшчэ трымаюся на нагах, але без дапамогі блізкіх і людзей нічога б не варта была.»

У ранішнім тумане абуджаецца прырода, шчабечуць птушкі. Любіць іх гоман Любоў Львоўна. Часам стаіць каля яблынь, пасаджаных ёю даўным-даўно. І ўспамінаецца ёй, можа тое, як любіла свайго мужа Герасіма, як праводзіла далонню па твары сваіх дзетак і любавалася імі. Яна любіць удыхаць цудоўны водар свежага паветра, што напаўняе яе моцай, усяляе прагу да жыцця. І яно працягваецца.

Галіна Макарэвіч супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
К.
К.
25 июля 2012 23:59

Очень интресный материал:)

Екатерина
Екатерина
8 августа 2012 08:37

Никогда бы не подумала, что прочитаю статью про свою прапрабабушку в интернете спасибо авторам .Ещё раз поздравляю тебя наша милая бабуля.