Буслы з Жураўкі

1

Творчы завулак прадстаўляе да ўвагі чытачоў настальгічна-аніматычны аповед ад случчаніна Станіслава Жывіцкага.

Цёплай майскай раніцай малады брыгадзір Васіль пачуў з ракі шум бульдозера. Не апранаючыся, даляцеў праз імшарыну да Муцьвіцы. Машына, скрыгочучы гусеніцамі, спрамляла раку. Як бег, так і стаў перад вялізнай лапатай.
— Ты што ашалеў? — грымнуў машыніст.
— Ад Бога прашу: не глумі прыгажосць, — прастагнаў Васіль Іванавіч.
Машыніст, зухаваты дзяцюк гадоў пад сорак, заглушыў машыну, пакорпаўся ў кабіне і, узяўшы нейкія паперы, вылез.
— У мяне план. Во! Мелія-ра-цы-я.
Але Васіль шклянымі вачыма ўтаропіўся ў меліяратара і прасіпеў:
— Па-добраму ж прашу…


Дрынажнік згледзеў на імшарыне людскі натоўп, зачыніў кабіну і паклыпаў у сельсавет званіць. Праз гадзін дзве бульдозер ужо цягнулі на лафеце па Жураўцы ў бок Слуцка.
Разам з кустоўем на чыстыя крыніцы звярнулі і бярозкі. Гаравалі людзі: крыніцы зглухлі і рака болей не разлівалася, не падыходзіла да крайняй хаты Таццяны Філіпені. Раней у Муцьвіцы гнездавалася цэлая калонія журавоў, і на бярозах былі буслянкі. У нізіне спелі журавіны. Таму і пасёлак назвалі Жураўка.

Реклама

Пасля бульдозера крыніцы не бруіліся, рака не разлівалася і на імшарыну, не давала багатага корму журавам і буслам. Птушкі сышлі. Пасталела і раз’ехалася па свеце пакаленне дзяцей, што вырасла на імшарыне. Састарэў Васіль. А назва вёскі так і засталася — Жураўка. Засталася і назва часткі ракі - Муцьвіца. Але болей не муцілі дно ракі чыстыя крыніцы… Толькі прыгожая кветка лотаць пакрывала скрозь берагі, нібы дываном.

З усёй калоніі птушак у пасёлку была толькі адна сям’я буслоў. Пасяліліся птахі на ліпе, блізенька ад хаты Васіля, нібы помніла разумная птушка, што гаспадар гэтай пабудовы некалі заступіўся за іх. Ліпа, на якой знаходзілася буслянка, высокая і густая. Гаспадар-бусел кожную восень сваім клёкатам абвяшчаў жураўцам аб хуткім выраі.
— Вось і яшчэ адзін год пражылі, — выходзіў з хаты Васіль і падымаў галаву ўверх, жмурыў вочы. Птушкі доўга кружылі над ліпай. Стары брыгадзір стаяў, пакуль постаці птахаў не хаваліся за гарызонтам.

На спальваючым сонцапёку Турэччыны, сярод жаркіх самянёў і раскалёнага пяску, стаяў дом Ісмаіл-бея. Нічым непрыкметны сярод іншых пабудоў на вуліцы: такі ж пакаты дах, таксама пабелены. Але ж і адметны ад усіх: за высокім парканам была аранжарэя, якая квітнела круглы год. І гэта ў мясцовасці, дзе вада на вагу золата. Суседзі дзівіліся: піць не заўсёды ўдосталь, а ён кветкі палівае. Кожную раніцу Ісмаіл запрагаў свайго вернага сябра Чоху, ставіў на дрогі два бакі, і ослік весела трусіў па сцежцы да арыка. Вярнуўшыся, стары ліў з бака ваду ў палівашку і пачынаў працу. Засмаглая зямля глытала збавіцельныя кроплі.
Кветак было шмат. Але асаблівы гонар гаспадара — лотаць. Гэта кветка ўвогуле не расце тут. Стары выкапаў яе каля арыка. Адкуль з’явілася яна на камяністай зямлі - невядома. Ісмаіл прынёс яе за пазухай, пасадзіў у цень пад моцны ствол кіпарыса. Калі сонца ўсё ж даставала чужую кветку, турак браў парасон і раскрываў яго над лотаццю.

Аднойчы ранкам Чоху не падняўся. Стары глянуў осліку ў вочы і ўсё зразумеў.
— Мабыць, адцягаў я? — поглядам сказала нямая жывёла.
— Нічога, — адказалі прыжмураныя вочы старога азіята. — Паляжы. Адпачні.
Паставіў два бакі, узяўся за аглоблі і пакрочыў па сцежцы. Але не дайшоўшы метраў сто да арыка, згледзеў у нізіне, каля хмызоў, зграю жоўтых гіен.

Сабакі пілі. Убачыўшы чалавека, спужаліся. Адбегшы колькі крокаў, пасталі. Ісмаіл, набраўшы вады, пацягнуўся дамоў, раз-пораз азіраючыся. Ён усім сэрцам не жадаў прысутнасці тут гэтых драпежнікаў. Стары ведаў, што хутка міграцыя птушак. Буслы заўсёды садзяцца кадя арыка, наталяюць перасохлыя і доўгія дзюбы, начуюць.

Вёў чараду жураўскі важак. Ззаду засталася вялікая адлегласць, пералёт праз мора. Патрэбен быў адпачынак. Птушкі ўжо згледзелі на гарызонце нізіну, на якой цёк арык. Месца было наседжанае. Старыя буслы ведалі яго, паказвалі маладым. У папярэдні вырай бацька жураўскага важака прынёс сюды пад пер’ем семя лотаці, частачку Радзімы з Муцьвіцы. Перад выраем доўга хадзіў па імшарыне. Цёрся аб адцвіўшую лотаць (цвіце кветка ў маі), дзюбай зрываў і пхаў у апярэнне семя светла-жоўтых кветак. А пасля доўгага пералёту церабіў на вачах сына пер’е каля арыка — садзіў лотаць сярод камянёў і пяску. Бацька з выраю не вярнуўся. Калі чарада села, важак агледзеў месца — ад кветкі ні знаку. Мабыць, не прыжылася на Турэччыне.

Буслам заставалася яшчэ адна ноч для пералёту, каб там, недалёка ад турэцкага горада Кулу, на беразе возера Туз перазімаваць. А пасля — на Радзіму, на Белую Русь, у Муцьвіцу, што адразу за Жураўкай. Там ужо маладыя народзяць птушанят. А зараз — адпачываць.
Чарада яшчэ спала, стоячы на адной назе. Побач драмалі два сыны, крыху ззаду — бусліха. Жураўскі бусел прачнуўся ад нейкага падазронага шораху. Расплюшчыўшы вочы, убачыў, як з хмызоў крадуцца жоўтыя гіены. Толькі і хапіла імгнення, каб даць трывожны сігнал дзюбай, а затым, расправіўшы крылы, кінуцца наперад. Гэтага моманту хапіла, каб зграя ўзмыла ў нябесную высь. І ўжо адтуль усе ўбачылі, як важака рвуць на кавалкі.

Красавіцкай раніцай Васіль, паскубшы са стажка сена, нёс яго Рагулі. Дайшоўшы да хлява, ужо ўзяўся за кляшку, як раптам пачуў такі да болю знаёмы клёкат. Так з ахапкам і пайшоў па двары. На буслянцы стаяў птах: махаў крыламі, ляскаў дзюбай, прысядаў, стаўшы на край буслянкі, кланяўся. Аддаваў паклон роднай Жураўцы, прыгожай Муцьвіцы, добрым людзям.
— Вось і вясны прычакалі, — ціха мовіў састарэлы брыгадзір.

Станіслаў Жывіцкі, Слуцк

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Аналитик
Аналитик
18 июня 2012 15:57

Вельми цикава.