«Прастора жанчыны» ў музеі

0

Арыгінальнае культурна-асветніцкае мерапрыемства з незвычайнай назвай «Прастора жанчыны» прайшло ў аўторак, 29 мая, у Салігорскім краязнаўчым музеі.

У яго падрыхтоўцы прымалі ўдзел творчыя людзі: фотамастакі, мадэльеры, майстры ручнога ткацтва і вышыўкі. Каардынатарам іх намаганняў выступілі работнікі музея.

Маргарыта Ганчарэнка, дырэктар установы, у размове з карэспандэнтам «ІК» сказала: «На пытанне: чым напоўнена загадкавае прастора жанчыны, дала адказ разнастайная праграма».
Дзявочыя мары пра замужжа і нараджэнне дзіцяці прадставіў спектакль «Сваты» у пастаноўцы вучняў гімназіі № 2 пад кіраўніцтвам Яніны Шыловіч і Наталлі Грамыка.

Реклама

Вобраз жаночага ідэалу наведвальнікі маглі знайсці ў фотаздымках салігарчанак, выкананых Мікалаем Пратасеняй — прызнанага майстра жаночага партрэта, да якога на фотасесію часам складана патрапіць. Яго фатаграфіі, не пабаімся перабольшання, упрыгожваюць адзіны ў Беларусі «Музей маці».
Творчасць жаночых рук дэманстравалі на сваіх майстар-класах работніцы Салігорскага раённага цэнтра рамёстваў, прадставіўшы на выставу народныя касцюмы ў характэрных для Салігоршчыны стылях.
Пра лёс Галіны Макаравай, актрысы са Старобіна, быў паказаны кінафільм.

Жаночыя капрызы, выяўленыя ў прадметах адзення, вясельных сукенках сярэдзіны мінулага стагоддзя, пальчатках, сумачках, скрыначках з-пад пудры і іншых дробязях з фондаў краязнаўчага музея.
Кранальную гісторыю распавяла карэспандэнту «IК» Зінаіда Рамановіч, былы супрацоўнік музея: «Ніжняя жаночая кашуля, прадстаўленая на выставе, выраблена рукамі Аліны Кліментаўны Дзялендзік з вёскі Зажэвічы. Калі яна перадавала яе ў музей, распавяла, што купіць пасля вайны фабрычную камбінацыю не магла, таму пашыла з палатна. Але ні разу не апранула, усё жыццё проста ёю любавалася.

Зінаіда Васільеўна дадала: «Мяне замілоўвае, як выкананы кожны радок на зборках, каб камбінацыя была строга па постаці. Сёння такіх рэчаў ужо не робяць».

Уладзімір Амяльчэня

ЖАНОЧАЯ ПАДЗЯКА. На мерапрыемства прыйшлі жанчыны, якія былі мадэлямі для вядомага салігорскага фотамастака Мікалая Пратасені.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии