Цыганскія замалёўкі

0

Шмат твораў напісана пра цыганоў. Хтосьці з пісьменнікаў назваў іх «дзеці прыроды». І сапраўды, да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя цыганы жылі абшчынамі і ніколі падоўгу не затрымліваліся на адным месцы, а вандравалі ў сваіх кібітках па белым свеце. Асноўны занятак у жанчын - варажба, а мужчыны займаліся перапродажам коней. Але сярод цыганоў былі і майстры, асабліва кавалі.

Казалі, калі цыганскі каваль зробіць падкову ды падкуе каня, то тыя коні ніколі не хварэлі. А калі хто знойдзе яе ды павесіць на ўваходзе ў двор, то гэтае падвор’е абыходзяць бяда і цёмныя сілы.
Сёння цыганы вядуць аседлы вобраз жыцця. Працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі, але некаторыя звычаі і старажытныя абрады засталіся і да гэтага часу.
Мне давялося бачыць, як цыганы прадавалі жарабца. У Слуцку, а дакладней, па вуліцы Ясеніна, дзе шмат пражывае цыганоў, ішоў торг.

Реклама

На двары прыгарцоўваў прывязаны да слупа жарэбчык. Такога каня я нават у кіно не бачыў. Высокі, шырокія круп і нерсі, да грывы рукой не дацягнуцца, сам белы ў шэрыя яблыкі, быццам іх хто намаляваў. Адным словам, элітны жарэбчык, і гандляваў ім сам бабруйскі барон. Пасярод двара, на вогнішчы, падвешаны катлы, у якіх гатавалася страва для гасцей, а на сталах стаяла выпіўка і закуска. Торг ішоў ужо другія суткі. Цікава было назіраць, як прадавец і купец пляскалі адзін аднаго па далонях, а потым па плячуках, затым ізноў садзіліся піць і есці і моцна гаманілі за сталом. Гэта дзея адбывалася некалькі разоў. Затым купец і прадавец станавіліся на каленцы, а малыя хлапчукі-цыганяты білі іх пугамі па спіне. У другой палове дня запрагалі жарэбчыка ў брычку і рабілі круг па вуліцы, паказваючы тавар на хаду, а затым ізноў да поўначы замочвалі торг, толькі цяпер стол накрываў купец.

Вельмі цікава праходзіць у цыган шлюбны абрад. Да сям'і, у якой маецца прыгажуня-цыганачка, прыязджаюць сваты. Часам дзяўчына нават не бачыць і не ведае суджанага. Бацькі маладой самі вырашаюць яе лёс. У назначаны дзень збіраецца шмат гасцей з аднаго і другога бакоў, і два дні п’юць за знаёмства. І што цікава, першыя два дні сталы накрываюць бацькі і радня маладога.

Праз нейкі час на маладую адзяваюць белую сарочку, вядуць дзяўчыну ў пакой, дзе на ложку яе чакае малады. Застолле на гэты час заціхае, нават гамонка ў двары робіцца цішэй. Праз некаторы час на агульны агляд выносяць белую сарочку і прасціну, так званую чэсць маладой. Не дай бог там не будзе «чэсці», то на маці маладой у знак знявагі адзяюць хамут, а дзяўчынку і бацьку кляймяць пагардай. Родныя маладой павінны аплаціць усе затраты сям'і маладога.
Калі ж «чэсць» на месцы, то пір ідзе гарою яшчэ два, а то і тры дні. На ўсё наваколле льюцца прыгожыя цыганскія песні, як сучасныя, так і старажытныя, якія спявалі іх продкі, седзячы каля вогнішчаў падчас сваіх вандраванняў.
Праўда, сёння маладыя цыганскія сем'і не вельмі прытрымліваюцца сваіх старажытных абрадаў. Сучаснасць уварвалася ў іх жыццё, таму і страчваюць яны свае сем'і, часта скасоўваючы шлюб і павагу да сябе і свайго народа.

Мікола Корань

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці па адрасу: г. Слуцк вул. Камсамольская, 1

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии