Алелькавічы і Случчына

4
Реклама

Чатыры стагоддзі таму назад пайшла з жыцця Сафія Слуцкая, апошняя з роду князёў Алелькавічаў. Гэтай падзеі сёлета на Беларусі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы, і невыпадкова. Кароткі і яскравы жыццёвы шлях княгіні - сваеасаблівы вынік амаль трохсотгадовага вопыту аднаго з самых уплывовых у ВКЛ праваслаўных княскіх родаў, які згас, але пакінуў у нашай гісторыі значны след.


ГЕРБ АЛЕЛЬКАВІЧАЎ. Сучасная рэканструкцыя. На гербе — выява «Пагоні», якая гаворыць аб прыналежнасці роду да Вялікакняскай дынастыі.


АЛЯКСАНДР АЛЕЛЬКА. Так выглядаў роданачальнік князёў Слуцкіх. Гравюра А. Зубчанінава

У шырокім гістарычным кантэксце Алелькавічы і Случчына непарыўны. Тым не менш, пачатак княжання іх у Слуцку быў ва многім выпадковым паваротам гісторыіі, які супаў з наступленнем у канцы XIV стагоддзя эпохі Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікая палітыка

Реклама

Першыя князі з роду Алелькавічаў валодалі Слуцкам з 1395 года, але даволі працяглы час лічылі яго сваім часовым прытулкам. Інтрыга ў тым, што галоўнай мэтай гэтага найбуйнейшага вялікалітоўскага роду з канца XIV і да канца XV стагоддзяў была барацьба за валоданне Кіеўскім княствам. Аднак і сам Кіеў першыя Алелькавічы разглядалі як прыступку да трона ў Вільні, бо мелі на яго правы, паколькі род увасходзіў да Гедыміна і яго сына Альгерда. Гэта, як кажуць, ужо была вялікая палітыка.
З’яўленне Слуцка на яе арбіце адбылося падчас князя Уладзіміра, які атрымаў Кіеў яшчэ ад свайго бацькі - славутага Альгерда. Пасля смерці апошняга новы вялікі літоўскі князь Вітаўт не пажадаў умацавання сваіх сапернікаў і ў 1395 годзе адабраў ад Уладзіміра гэтае ўладанне. Кампенсацыяй за Кіеў стала перадача яму Слуцка і Капыля.

Уладзімір Альгердавіч новыя ўладанні прыняў, але Вітаўту не пакарыўся і апынуўся ў Маскве, каб знайсці там падтрымку. З гэтага і пачалася амаль стагадовая драматычная барацьба Алелькавічаў за вызначэнне свайго месца ў эліце маладой дзяржавы — ВКЛ. Случчына ж стала сваеасаблівай базай іх вялікіх амбіцый.

Няздзейсненыя надзеі

Пасля Уладзіміра гаспадаром Случчыны стаў яго старэйшы сын Аляксандр (Алелька), які і лічыцца заснавальнікам роду Алелькавічаў. Для яго Слуцк і Капыль былі ўжо вотчынай, якая дасталася ў спадчыну. Для таго часу гэта азначала юрыдычнае замацаванне яе за ўладаром. Але Аляксандр рэдка бываў у сваіх уладаннях, бо на ажыццяўленне вышэйпададзеных амбіцый патрабаваліся час і вялікія намаганні. Яго жонкай стала дачка Вялікага князя Маскоўскага Васілія I. Гэта абставіна замацавала сувязі з Масквой. Пры падтрымцы праваслаўных князёў ВКЛ Аляксандр не раз прэтэндаваў на пасаду вялікага князя, але няўдала, за што быў нават зняволены. У 1443 годзе стаў кіеўскім князем, але захаваў за сабой Слуцк і Капыль.

Сыны Алелькі Сімяон і Міхаіл, як і бацька, вялі барацьбу за Кіеў і прэтэндавалі на вялікакняскі трон. Найбольш удалым у гэтай справе аказаўся Сімяон. Ён дабіўся Кіева ў пажыццёвае валоданне і быў самым верагодным прэтэндэнтам на Вільню ад праваслаўнай «партыі» ВКЛ. Для апазіцыі заўчасная канчына Сімяона стала драмай і, верагодна, апошняй надзеяй, бо ў дзяржаве пачыналі атрымліваць верх магнацкія групоўкі каталіцкай арыентацыі. Што датычыцца Міхаіла, то яго лёс аказаўся менш шчаслівы, чым старэйшага брата. Ён рана быў уцягнуты ў палітычныя інтрыгі. Па запрашэнню Наўгародскай рэспублікі вялікі князь паслаў яго туды князем, каб умацаваць пазіцыі Літвы ў піку Маскве. Пасля смерці Сімяона Міхаіл вярнуўся і заявіў прэтэнзію на Кіеўскае княства, але хутка страціў наконт гэтага ілюзіі. Адначасова ўзначаліў праваслаўную магнацкую апазіцыю і падштурхнуў яе да рашучых дзеянняў.

Пад кіраўніцтвам Міхаіла Слуцк стаў цэнтрам антыўрадавай змовы, адзін з варыянтаў якой прадугледжваў аддаць уладанні яе ўдзельнікаў пад пратэктарат Масквы. Як заўсёды, знайшоўся здраднік. Міхаіл і другі ўплывовы загаворшчык Іван Гальшанскі былі схоплены, а ў 1481 годзе пакараны смерцю ў Вільні. Пра гэтыя падзеі ў мастацкай форме цікава распавёў Уладзімір Караткевіч у сваім рамане «Чорны замак Альшанскі».

Змена курсу і першыя вынікі

Нягледзячы на тое, што Міхаіл быў аб’яўлены злачынцам, Слуцкае княства ў яго нашчадкаў не адабралі. Але пасля трагічных падзей 1481 года Алелькавічы больш ніколі не прэтэндавалі на трон у Вільні, хаця прапановы наконт гэтага ад праваслаўнай апазіцыі ВКЛ паступалі даволі доўга. Для наступных князёў гэтага роду канчаткова стала ясна, што Слуцкае княства - не часовае месца прыпынку, а канчатковае. Асэнсаванне гэтага дасць значны штуршок дзейнасці Алелькавічаў па развіцці Случчыны. І яна хутка з’явіцца не ў вобразе месца змоў і амбіцый, а як буйнейшы эканамічны і культурны центр Вялікага Княства Літоўскага.

Свядомы чытач, верагодна, заўважыў, што палітычныя крокі першых Алелькавічаў часта абапіраліся на цесныя сувязі з Маскоўскай дзяржавай. Але не трэба заўчасна абурацца гэтай арыентацыі. Для таго часу ўсобіцы паміж магнацкімі групоўкамі і пошук падтрымкі за мяжой былі справай звычайнай. Тым больш трывалыя сувязі Алелькавічаў з Масквой адыграюць сваю ролю ў наступныя часы, калі на нашы землі прыйдуць жорсткія войны. Слуцк, у адрозненні ад другіх гарадоў ВКЛ, не зруйнуюць, а яго жыхароў не будуць катаваць. Магчыма маскоўскія ваяводы ведалі: слуцкія ўладары — родзічы Маскоўскіх вялікіх князёў.

Антон Зубарэвіч, Ігар Ціткоўскі, info@kurjer.info

ПРАЦЯГ. Пра тое, як Алелькавічы зрабілі Слуцк квітнеючым горадам у ВКЛ, чытайце ў наступным нумары.

Реклама