Гран-пры ўзяла ткачыха з Семежава

0

Больш сямі дзесяткаў майстроў ткацкага рамяства Міншчыны прынялі ўдзел у абласным свяце-конкурсе “Млечны шлях ад рук бабулі”, якое адбылося 20 мая ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна.
Свята-конкурс на Капыльшчыне стала ўжо  трэцім  па ліку і ўяўляла сабой маляўнічае і  цікавае відовішча.

Што тычыцца ўдзельнікаў свята-конкурсу, то, акрамя гаспадароў – капылян, сюды прыехалі  майстры  з  Валожыншчыны,  Вілейшчыны,  Крупшчыны,  Любаншчыны, Нясвіжчыны, Случчыны, Старадарожчыны, Уздзеншчыны. Яны змагаліся за права называцца лепшымі ў трынаццаці намінацыях.
Майстры працавалі ў атачэнні цудоўных выстаў хатніх вырабаў  удзельнікаў – ручнікоў і  паясоў. Сярод тых, хто ткаў у парку пасярод Семежава, было шмат моладзі. І нямала, як  ні дзіўна,  мужчын.

Вынікі свята-конкурсу падвёў Яўген Сахута, старшыня журы,  доктар  мастацтвазнаўства,  старшыня  Беларускага  саюза майстроў народнай творчасці. Гран-пры заваявала семежаўская майстрыха Валянціна Кіеня. У намінацыі “За высокае майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцый беларускага ткацтва” дыплом першай ступені атрымала праснакоўка Валянціна Гладкая (дыплом другой ступені – случчанка  Наталля  Барынь). У намінацыі “За  ткацтва  пояса на бёрдзечку” першае месца заняла Ніна Ліхадзіеўская са Старадарожчыны.  У намінацыі “За лепшы выраб нацыянальнага ручніка” першынствавала Таццяна Міхалькевіч са Старадарожчыны.

Реклама

Перамогу ў намінацыі “За зберажэнне і творчае развіццё традыцый ткацтва” святкавала любанчанка Марыя Тараховіч. У намінацыі “За ткацтва паясоў на дошчачках” дыпломам першай ступені ўзнагародзілі случчанку Іну Пісарык. “За ткацтва пояса на ніту” – так называлася намінацыя, у якой першае месца заняла Галіна Бураўцава са Старадарожчыны. Вілейчанін Сяргей Дубяга першынстваваў у намінацыі “За пляценне вітога пояса”, а Яніна Мікульчык з Крупшчыны – у намінацыі “За хуткасць і якасць ткацтва”.
У намінацыі “За выраб пояса на ткацкім станку” перамагла Людміла Курэйчык з Уздзеншчыны, у намінацыі “За лепшы выраб сурвэткі” – случчанка Яна Петравец.  У лік пераможцаў таксама трапілі Ірына Мірончык з Нясвіжскага, Святлана Адзінец і Сяргей Выскварка з Любанскага, Наталля Хаванская з Валожынскага раёнаў. Дыпломам журы ўзнагародзіла і самага юнага ўдзельніка свята-конкурсу Дзяніса Рудыка са Старадарожчыны.

Сяргей Любшын 



0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии