Святло радасці і нябёсау

0

У кожнага з нас ёсць што ўспомніць радаснае з далёкага дзяцінства, нават калі на той час прыпалі нялёгкія, трывожныя і падчас страшныя гады мінулай вайны, тры з якіх у Беларусі звязаны з варожай акупацыяй. Калі быў хлеб на стале, ярка свяціла сонейка, на блізкім балоце вясной ладзілі спеў кнігаўкі і кулікі, па небе плылі бялёсыя аблокі, то на душы дзіцячай была радасць жыцця. Тым болей у вялікія праваслаўныя святы, якія добра адзначала мая бабуля.
Прыпамінаецца надвячорак 15 красавіка 1944 года — перадвелікодная субота. Маці распаліла бярозавымі дрывамі печ, каб спячы кулічы, цеста пад якія даходзіла на лаўцы ў дзяжы. Цішыня на двары і вакол стаяла такая, што калі з суседняй вёскі (у кіламетры ад нашай) выйшлі немцы і так гучна між сабою гергеталі, то было чутна ў хаце праз адчыненае акно. Звычайна ў такі момант, адчуваючы небяспеку (немцы ішлі да нашай вёскі), бацька спяшаўся ў схованку на гарышчы, а я шпарыў у сваё гумно, каб пазбегнуць магчымай аблавы для адпраўкі ў Германію.
Але ў той перадвелікодны вечар небяспеку ніхто з нас не адчуваў, нават калі я ўбачыў, што немцы ўжо крочаць па вуліцы. Бацька не спалохаўся, маці спакойна шчыравала ля пячы. Страху не было! Неўзабаве два салдаты завіталі ў хату, паставілі ў чалесніку ля пячы свае карабіны і прыселі на лаве ля стала. Пазіралі ў печ, якая патыхала жарам, паціху аб нечым размаўлялі. На выгляд яны мне здаваліся старымі. То былі, мусіць, салдаты-тылавікі, ва ўзросце за сорак гадоў. Адзін з іх спытаў у бацькі, ці ёсць шнапс, потым удакладніў па-нашанску — «самагонка», прыстрыкнуў пальцам па падбародку, чым даў ведаць, што не прэч выпіць. Іх памяркоўнасць і перадвелікодны спакой на душы настроілі бацьку на жаданне дагадзіць няпрошаным гасцям. Ён прынёс з кладоўкі ў сенцах пляшку першака, які выгнаў перад святам. Наліў чарку і прапанаваў немцу, але той паказаў, каб ён спярша сам паспрабаваў. Бацька зрабіў гэта, а рэшту выліў у вогнедыхаючую печ — адтуль на прыпечак шуганула блакітнае полымя. Немцы ўзрадавана сказалі: «Ого-го, гут самагонка!». Выпілі па поўнай чарцы, прыкусілі хлебам з сырам, які адзін з іх дастаў са свайго наплечнага ранца. Па другім разе выпіць не пажадалі і, забраўшы з чалесніка карабіны, выйшлі. Я паглядзеў у акно на вуліцу і ўбачыў, як з суседніх хат збіраліся ў гурт салдаты, было іх чалавек дваццаць. Яны пакрочылі ў бок вёскі Паўстынь, што ў пяці кіламетрах ад нашай.
Назаўтра быў Вялікдзень. Сям’я наша з васьмі душ (бацькі і шасцёра дзяцей) сабралася за святочным сталом. Маці, памаліўшыся ля іконы Міколы Цудатворцы, што вісела ў кутку насупраць стала, паставіла бутэльку самагонкі, выставіла кулічы, смажанку, блінцы з мачанкай — і ўсім было радасна. У той дзень і партызаны не наведаліся ў вёску, як звычайна. Ярка свяціла веснавое сонца, на вуліцы дзеці гулялі ў біткі фарбаванымі яйкамі, дарослыя пры сустрэчы віталіся словамі «Хрыстос Уваскрос!».
Сёння, асэнсоўваючы той велікодны дзень, прыходжу да высновы, што спакой, святло і радасць у душы людзей сыходзілі з нябёсаў, як дар Боскі.

Міхась Тычына

Реклама

Прапануемы жыццёвы ўспамін — адзін з апошніх матэрыялаў Міхася Адамавіча Тычыны. Да яго рэдакцыя замаўляла ілюстрацыю і рабіла макет яшчэ непасрэдна з удзелам самога аўтара. На вялікі жаль, гэты нумар газеты аўтар ужо не прачытае: 8 красавіка Міхась Адамавіч Тычына памёр. Рэдакцыя «Кур'ера» выказвае свае глыбокія спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии