Да канца 2012 года павінен быць адноўлены выраб Слуцкіх паясоў. Выконваць гэта заданне ўрада будзе фабрыка мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы”.
Аб гэтым падчас наведвання Слуцка 6 красавіка паведаміў Павел Латушка, міністр культуры Беларусі.
Да апошняга часу было вядома толькі тое, што Прэзідэнт распарадзіўся распрацаваць Дзяржаўную праграму аб адра- джэнні і развіцці народных промыслаў, у тым ліку Слуцкіх паясоў. Каму даручаць аднаўляць выраб Слуцкіх паясоў, да апошняга часу было невядома. І вось тайна раскрылася.
Як распавёў Павел Латушка на сустрэчы з вучнямі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча (г. Слуцк), Слуцкія паясы па праву з’яўляюцца сімвалам Слуцка, але разам з тым яны сімвал і ўсёй Беларусі.
“Некалькі дзён таму ў Савеце Міністраў адбылася нарада, на якой абмяркоўваліся падыходы да адраджэння вырабу Слуцкіх паясоў, — дадаў ён. — Яе вынікам стала рашэнне аб распрацоўцы Міністэрствам культуры Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця народных промыслаў “Слуцкія паясы”.
Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта агучыла інфармацыю, што першыя Слуцкія паясы павінны з’явіцца да канца 2012 года — да гэтага часу будзе адноўлены іх выраб. Для беларускай культуры такі крок асабліва значны, бо фактычна Слуцкі пояс з’яўляецца нашым нацыянальным брэндам”.
У размове з карэспандэнтам “ІК” Ларыса Тарасава, дырэктар РУП “Слуцкія паясы”, адзначыла, што прадпрыемства ўжо займаецца падрыхтоўкай да гэтай значнай падзеі.
Жанна Аўдзеева
Цікава будзе паглядзець як атрымаецца