У школе адкрыўся этнаграфічны музей

0

У аўторак, 28 лютага, у Слуцкай СШ № 9 адкрыўся музей беларускай этнаграфіі. Дзясяткі экспанатаў, якія цяпер у паўсядзённым жыцці практычна не выкарыстоўваюцца, сабраны сіламі вучняў і педагогаў школы.



ТРАДЫЦЫІ. Да адкрыцця музея вучні школы падрыхтавалі прэзентацыйную праграму, у якой расказалі не толькі аб экспанатах, але і ў гульнявой форме азнаёмілі першых наведвальнікаў з некаторымі народнымі традыцыямі. Фота: Алесь Дастанка

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі як педагогі і вучні школы, так і прадстаўнікі Слуцкага райвыканкама, у тым ліку — аддзела адукацыі.

Реклама

САМАСВЯДОМАСЦЬ. Антаніна Лабанава, дырэктар СШ № 9, падчас адкрыцця музея распавяла аб яго ролі не толькі ў выхаванні і адукацыі вучняў. Школьныя музеі, на яе думку, дапамагаюць развіваць эстэтычныя пачуцці ў дзяцей і, галоўнае, фарміраваць іх самасвядомасць як беларусаў, як случчан, якія памятаюць сваю гісторыю і паважаюць працу продкаў. Таму, як лічыць дырэктар, адкрыццё музея — гэта пачатак вялікай мэтанакіраванай этнаграфічнай працы.

ТРЫ ГАДЫ ПОШУКУ. Курыруе працу музея Кацярына Шаціленя, настаўнік беларускай мовы і літаратуры школы № 9.
У яго экспазіцыі налічваецца 105 асноўных і 15 дапаможных экспанатаў. Педагогі, адміністрацыйны і тэхнічны персанал, вучні і іх бацькі збіралі іх на працягу трох гадоў. Увесь гэты час ішоў сістэматычны збор прадметаў, іх рэстаўрацыя і апісанне.
Кансультатыўную дапамогу школе аказвалі спецыялісты Слуцкага цэнтра турызму. Як вынік, наведвальнікі бачаць утульны клас, абстаўлены «артэфактамі» з тлумачальнымі шыльдачкамі. Клас з асаблівай атмасферай.

Аляксандр Шыловіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама па вучэбна-выхаваўчай рабоце, паведаміў, што падобныя этнаграфічныя музеі ёсць у 23 школах Случчыны.
9-й школе ён перадаў буклет, які нядаўна быў выдадзены аддзелам адукацыі і прысвечаны школьным музеям. Інфармацыя пра музей СШ № 9 у ім таксама ўжо ёсць.

ПАДАРУНАК. Падчас адкрыцця айцец Георгій, настаяцель праваслаўнага прыхода ў вёсцы Барок Слуцкага раёна, перадаў музею некалькі экспанатаў, распавёўшы гісторыю кожнага з іх.

ІНІЦЫЯТЫВЫ. На Случчыне этнаграфічныя музеі прадстаўлены не толькі ва ўстановах адукацыі. Напрыклад, у 2010 годзе «IК» пісаў аб ініцыятыве жыхара Грэска Алеся Новіка (былога дырэктара мясцовай школы). Ён каля свайго дома стварыў музей пад адкрытым небам (усяго звыш трох дзясяткаў экспанатаў). У гэтым музеі рэчы можна чапаць рукамі, карыстацца імі.

Яго стваральнік жартуе: «Іх нават можна выкрасці - значыць, яны камусьці патрэбныя сёння і могуць прынесці карысць».
Гаворачы аб тым, навошта ён гэта робіць, Алесь Новік адзначаў, што прадметы побыту і працы сыходзяць у мінулае, і многія людзі, не толькі маладыя, але і прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, часцяком не ведаюць, як і для чаго дзесяцігоддзі таму выкарыстоўвалі гэтыя «артэфакты» іх землякі.

Алесь Дастанка
dostan@kurjer.info

Фотографии и видео с: здесь (В слуцкой СШ № 9 открыт этнографический музей)

В тему

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии